Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд навінак беларускага відэарынку


Максім Жбанкоў, Менск

Безумоўны лідэр майго прыватнага гіт-параду на гэтым тыдні – кітайскі фільм «Праклён залатой кветкі». Падаецца, што кітайскае кіно ведае зараз толькі два словы: «сацыяльнасьць» ды «глямур». І час ад часу ўдала іх спалучае. Сусьветна вядомы Чжан Імоў зрабіў тэатральнае кіно пра сярэднявечча, змаганьне за ўладу і бясспрэчную перамогу палітычнага над асабістым. А каб глядач не засумаваў, рэжысэр запрасіў згуляць імпэратара ды ягоную жонку двух лепшых актораў сучаснага Кітаю – Чоу Юн Фата ды Гун Лі.

Фільм фантастычна прыгожы і адначасова вельмі жорсткі. Нібыта п’еса Шэкспіра ў выкананьні пэкінскай оперы. Дарэмна спрабаваць убачыць тут сапраўдныя гістарычныя падзеі. Мінулае ў гэтым кіно – проста нагода для рознакаляровага шматфігурнага шоў. Ёсьць не асобы, а мэтафары, не сюжэт, а шэраг эфэктных падзеяў. Глядзець цікава: Чжан Імоў цудоўна ведае, як зрабіць шыкоўную карцінку. Тым ня менш, «Праклён» атрымаўся аднаразовым – праглядзеў, адцягнуўся і забыўся.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – расейскі маладзёвы фільм «Нахабныя дні». Чарговы падарунак ад стваральнікаў бесьсмяротнага «Нават ня думай!» працуе на нязьменнай хвалі: тэнэйджары з узьбярэжжа Крыму шукаюць лёгкага жыцьця. А паміж справамі чытаюць рэп, ваююць з глябалізмам, ды разводзяць на грошы бандзёра Гошу Куцэнку. Кажаце, лухта? Дык я й не спрачаюся!

Галоўныя ролі ў «Нахабных днях» выконваюць маладыя дэбютанты. Іх адбіралі нібыта папсавікоў для чарговай «Фабрыкі зорак». І атрымалі аналягічныя вынікі: хлопчыкі і дзяўчаткі старанна дэманстравалі сабе. І нічога болей. У былыя часы маладзёвае кіно мабілізавала ды натхняла. Зараз гандлюе сабой як звычайная аматарка пакахацца за грошыкі. Нічога дзіўнага: ідэі скончыліся, застаўся банальны шоу-біз.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Сьціплая ангельская стужка пра дзіўную жанчынку. Яна праз усё жыцьцё малявала трусоў у камізэльках ды распавядала казачкі пра коцікаў ды барсучкоў. Завецца гэтае кіно «Міс Потэр».

Вядомая казачніца Беатрыкс Потэр – у выкананьні Рене Зельвегер – самотная цётачка, што хавалася ў сваіх кніжках ад упарадкаванай рэчаіснасьці. І нарэшце атрымала ўзнагароду: нешматслоўнага сябра ды фэрму каля возера. Шчасьце – гэта проста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG