Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі вяртаюцца да нацыянальнай кухні


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы, як сьведчаць вынікі апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, замежныя харчы не прыжыліся – піцы, сушы ды кэбабы абірае толькі штодзясяты жыхар Польшчы. Рэшта аддае перавагу трыдыцыйнай польскай ежы.

Перогі (ці пельмені), бігас (тушаная капуста зь мясам і грыбамі), курыны булён і яечня – гэта, паводле апошніх дасьледаваньняў, улюбёная ежа 95% палякаў.

Нягледзячы на моцную рэкляму, у пэўным сэнсе моду на замежныя харчы, якая панавала ў Польшчы ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя, японскімі сушамі, напрыклад, цікавіцца толькі 9% апытаных, шматлікія замежны соўсы ўжываюць каля 17%, а ўвогуле, цягам апошніх гадоў новую страву ў свой рацыён дадаў толькі кожны 10-ты паляк.

Паводле гісторыка кулінарыі Марэка Круля, у гэтым няма нічога дзіўнага, бо адмыслоўцы ўжо даўно казалі, што пасьля шматгадовага недахопу розных тавараў у ПНР, палякі спачатку пройдуць “пэрыяд каштаваньня” ўсяго замежнага, а потым вернуцца да традыцыйных блюдаў.

“Пра пернікі, напрыклад, усе забыліся, а цяпер, калі ласка, да іх вяртаемся, – кажа Круль. – Польшча калісьці ганарылася сваімі пернікамі, цеста для якіх рабілася з жытняй мукі і піва зь мёдам. Былі таксама з морквай пернікі і вось адзін варшаўскі пекар цяпер вярнуўся да гэтага і масава выпякае пернікі зь лёгкім смакам морквы”.

Тое, што палякі ўсё больш больш ахвотна спажываюць традыцыйную ежу, можна заўважыць у Варшаве – у сталіцы адчыняюцца ўсё новыя рэстарацыі “Сялянская ежа” ці “Польскія перогі”.

“Я проста люблю смачна паесьці!”, – кажа наведвальніца адной з такіх рэстарацыяў і гэта найбольш распаўсюджанае тлумачэньне “чаму перогі, а не кебаб”.

А што думаюць адмыслоўцы? Меркаваньне Яцка Гасоўскага, які займаецца папулярызацыяй нацыянальнай ежы:

“Праблема ў тым, што нярэдка, напрыклад, маладыя людзі ядуць традыцыйную ежу ў сям’і – таму, маўляў, навошта ісьці яшчэ і ў камапаніі з сябрамі тое самае есьці. Але калі пакаштуюць адзін раз, што добра і ў рэстарацыі гэта робяць, дык чаму і не? Бо калі нехта не каштаваў, прыкладам, сапраўднага хлеба, дык і той, што ў супэрмаркэце будзе падавацца яму нармальным”.

Па ўсёй Польшчы паўстаюць таксама крамы з традыцыйнымі харчамі – даражэйшымі, але больш якаснымі і смачнымі.

Уладальніца крамы: “У нас усё можна пакаштаваць, а пасьля гэтага, паверце, мала хто выходзіць з пустымі рукамі. Мы маем традыцыйныя вырабы з усіх рэгіёнаў Польшчы, без хімічных дадаткаў, кансэрвантаў”, – кажа ўладальніца адной з такіх крамаў у Варшаве.

Сапраўды, нават набытае ў такой краме яйка з традыцыйнай фэрмы, смакуе іначай.

Галоўная праблема рэстарацыяў і крамаў з з традыцыйнай ежай у тым, што яны не заўсёды маюць дастаткова грошай на рэкляму. Буйныя замежныя сеткі рэстаранаў ці супэрмаркэтаў, наадварот – сродкі маюць. Але нават самыя вялікія грошы ў змаганьні з традыцыяй, не заўсёды маюць шанец.
XS
SM
MD
LG