Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хапае інтэлектуалам прасторы для самарэалізацыі ў глыбінцы?


Ігар Карней, Менск Насельнікі кожнага малога гораду ці мястэчка Беларусі хваляцца перад гасьцямі знакавай для свайго рэгіёну асобай. Гэта альбо музыка, альбо мастак, альбо паэт – адным словам, асоба, на якую глядзяць зь непрыхаванай павагай. Але ці хапае для самарэалізацыі выбітным прадстаўнікам інтэлігенцыі з глыбінкі абмежаванай геаграфічнай прасторы?

Парадокс, але адзіная прыватная арт-галерэя ў краіне знаходзіцца ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёну. Яе заснавальнікамі і гаспадарамі – вядомыя тут асобы, браты Янушкевічы: скульптар Валяр’ян, мастак Фэлікс і літаратуразнаўца Язэп. Месьціцца галерэя “Янушкевічы” побач з касьцёлам, апетым у “Народным альбоме”. На вуліцы і пад дахам сабраныя помнікі, мастацкія творы братоў, а таксама багатая краязнаўчая экспазыцыя.

Ракаў як “пуп Беларусі”

Пакідаць радавое гняздо браты не зьбіраюцца і вясковым статусам задаволеныя на ўсе 100. Прынамсі, Фэлікс Янушкевіч ужо зазірае ў будучыню і актыўна далучае да справы 10-гадовага сына Валяр’яна, які ў частцы веданьня музэйнага матэрыялу хутка ня будзе саступаць бацьку:

Ракаў, 14.06.2007. Фэлікс са спадкаемцам, сынам Валяр’янам Фэлікс са спадкаемцам, сынам Валяр’янам

“Звычайна нас, мастакоў, лічаць таваравытворцамі, – кажа Фэлікс. – Творы рэалізуюць галерысты, і галерэя – ужо быццам і не прэрагатыва мастака. Бо мастак пакуль ўзаб’ецца ў сваю галерэю, дык яму трэба памерці. Пасьля сьмерці – калі ласка, дзяржава камусьці адбудуе. Ну, праўда, зараз у нас ёсьць галерэя Шчамялёва ў Менску і Вашчанкі ў Гомелі. Але гэта дзяржаўныя галерэі, а тут – прыватная. І гэта абсалютна розныя сытуацыі”.

Карэспандэнт: “Фэлікс, а вам хапае ракаўскай прасторы? Увогуле можаце ўявіць, што раптам перанесьліся ў Менск?..”

“Такое немагчыма ўявіць у Менску. Папросту нерэальна! Адно – канкурэнцыя. Па-другое, мастакі не вытрымалі б такога псыхалягічнага ціску, што нехта сабе адгрохаў галерэю. Амаль ніхто з майстраў ня можа нечым пахваліцца. Ну, хто ў нас? Савіцкі дом пабудаваў, але гэта дом, дзе ён жыве, там няма музэю. То бок, ніхто з савецкіх тытанаў не ўвекапомніў сябе. У сэнсе жыцьцём сваім. Таму што, адно – калі табе нешта пасьля сьмерці зробяць, а тут пры жыцьці сам здолеў! У нас колькі ў Беларусі мастакоў? Тысячы паўтары – і ніхто “ня ўзьбіўся”. Але і ў Эўропе я адзіны мастак, хто сваё 50-годзьдзе сустрэў у сваёй галерэі. Ні Шагал, ні Сальвадор Далі нічога падобнага ня мелі. Яны толькі зьбіралі “бабкі” і думалі, дзе і як укласьці. Бо гэта вечная праблема – укласьці. А ў нас праблем не было, бо мама адсюль паходзіць, і таму гэта здарылася на гэтай аснове”.

Ракаў, 14.06.2007. У ракаўскай галерэі Янушкевічаў У ракаўскай галерэі Янушкевічаў

Вялікі горад – гэта тлум

У паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш яшчэ за савецкім часам была магчымасьць жыць не ў Белаазёрску, а ў Менску. Але яна не шкадуе, што адмовілася ад сталічнай прапіскі і засталася на пэрыфэрыі. У сталічным тлуме, кажа спадарыня Мацяш, можна застацца ў зусім поўнай адзіноце: “Яшчэ ў 1970-я гады мая літаратурная сябрына прапаноўвала (пасьля таго, як прынялі ў Саюз пісьменьнікаў): маўляў, давай перабірайся ў Менск, дамо кватэру, будзеш жыць, будзеш бліжэй да нас. Чаму не пагадзілася? Я, відаць, вясковая душа. Мне ў горадзе мала неба, я вырасла ў вёсцы... Зараз, канешне, мне й тут мала неба. Але тут усе бліжэй адзін да аднаго, тут мы ўсе ведаем адно аднаго. А ў Менску, мне тады здавалася (думаю, і зараз так) – я была б больш самотная. Чамусьці ў мяне такое перакананьне. У вялікім тлуме, у вялікім людзкім канглямэраце я была б больш самотная, чым тут”.

Карэспандэнт: “То бок, пра той свой выбар Вы не шкадуеце?”

“Не шкадую. Бываюць, праўда, прыходзяць шкадаваньні, калі мне патрэбны даведнікі для працы, слоўнікі, інфармацыя літаратурная. Тады шкадую, што тут няма бібліятэк, няма архіваў. Вось пра гэта тады я шкадую. Але ўсё роўна нейкім чынам усё вырашаецца. Ну, патэлефаную ў той жа Менск, і там ужо шукаюць, даюць інфармацыю. І гэты недахоп кампэнсуецца”.

Ад Прыблудзічаў – да кальцавой дарогі

Гарадзенскі бард, актор і сам па сабе нестандартны чалавек Віктар Шалкевіч хоць і жыве на самым заходнім фарпосьце з Эўразьвязам і нават мае працоўныя інтарэсы ў суседняй Польшчы, але ж, кажа ён, існуе ў беларускім кантэксьце. Аднак інтэлектуальную міграцыю паводле ўзрастаньня статусу месца пражываньня лічыць зусім лягічнай:

“Гэта ўсё залежыць ад таго, наколькі ў чалавека, які рэалізуе сябе ў гэтым жыцьці, шырокія пляны. Калі ён задавольваецца межамі таго ж Ваўкавыска ці Слоніма, дык ён сядзіць там і нешта робіць. А калі ў чалавека “таланцішча” хлешча праз край, калі няўёмныя здольнасьці, дык, канешне, яму мала будзе і вёскі Прыблудзічы, і нават Слоніма, ён будзе нейкі чынам Горадню скараць. А калі мала ўжо падасца Горадні, дык ясна, што трэба будзе штурмаваць менскую кальцавую дарогу і нейкім чынам заваёўваць сталіцу. І гэта цалкам нармальна, бо яшчэ ад часоў Анарэ дэ Бальзака можна ўспомніць таварыша Расьціньяка, які бедным студэнтам прыехаў з правінцыі ў Парыж і безапэляцыйна заявіў: “Я цябе скару!” Вось і выснова”.

Кушляны: рай і чысьцец

У Кушлянах на Смаргоншчыне, дзе дажываў апошнія гады пачынальнік новай беларускай літаратуры і ідэоляг нацыянальнага адраджэньня Францішак Багушэвіч, амаль 20 гадоў дырэктарам Літаратурна-мэмарыяльнага музэю Алесь Жамойцін. Працоўную біяграфію захавальнік духу Багушэвіцкага роду пачынаў сьлесарам на “Гомсельмашы”, матарыстам цеплаходу “Днепра-Буг” у Пінску. І толькі пасьля заканчэньня на пачатку 1980-х філфаку БДУ яго жыцьцё радыкальна зьмянілася. Павароту лёсу Алесь Жамойцін удзячны дагэтуль:

“Кожны чалавек шукае месца, дзе можна поўна рэалізавацца (ва ўсялякім разе лічыць, што ён можа рэалізавацца). Такім месцам, каб мог рэалізавацца я, стала сядзіба Багушэвіча, менавіта гэтая праца. Дагэтуль маё жыцьцё вельмі імпульсіўна разьвівалася, больш на колах, больш хутка, у тэмпе: пераезды, значныя тэрыторыі. І, магчыма, не хапала таго, каб засяродзіцца, спыніцца і паслухаць рытм: ці ты ў рытме, ці ты па-за рытмам? Ці правільна граеш, ці ты фальшывіш? І сапраўды, тут вельмі добра адчулася: дзе фальшывіцца, а дзе правільна іграецца. Што падабаецца, а што не падабаецца. Зьявілася неабходнасьць штосьці перагледзець і ў сабе, зрабіць рэвізію. Бо пастаянна на людзях, некаму нешта імкнесься давесьці на тле жыцьця Багушэвіча, зь яго творчасьці, зь лепшых хрысьціянскіх пазыцый, і свой унутраны стан тут вельмі важнае значэньне мае. Таму Кушляны для мяне сталіся і чысьцілішчам, і раем адначасова – нягледзячы на ўсе матэрыяльныя нястачы, на неўладкаванасьць”.

А “Дудка беларуская” Багушэвіча-Бурачка ўскосна знайшла працяг якраз у здольнасьці Алеся Жамойціна ўкласьці ў гэты спрадвеку народны інструмэнт ня толькі пранізьлівае гучаньне, але й “жывую мову” беларуса.

Стрыжань “Альтанкі” і “Апалоніка”

За некалькі дзесяткаў кілямэтраў ад Кушлянаў, у Залесьсі паміж Маладэчнам і Смаргоньню жыве Сяргей Верамейчык. Мастак па адукацыі, працаваў архітэктарам-рэстаўратарам. У 1989-м пераехаў сюды зь Менску ў ідэалістычным спадзяваньні ўдыхнуць жыцьцё ў сьцены, навечна зьвязаныя з родам Агінскіх. І хоць у справе аднаўленьня сядзібы музыкі і грамадзкага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага посьпехі за тыя гады можна ўкласьці ў словазлучэньне “надзвычай сьціплыя”, але статус культурнага стрыжня Залесься Верамейчык за сабой замацаваў трывала. Ён кіруе дзіцячай студыяй маляваньня “Апалонік” і тэатральна-музычнай – “Альтанка”. На абяцаньні хуткіх зрухаў справы вакол маёнтка глядзіць цьвяроза: “Кожны, хто сюды прыяжджае, становіцца гэткім глябальным “праектыроўшчыкам”. І менавіта для мяне, які выслухаў шмат усялякіх вэрсіяў, гэта ўжо звычайная рэч – калі нейкая маленькая расьліна разважае пра тое, як вось тут быў бы такі добры лес, прыгожы. Але няма ні насеньня, ні лесьніка, ну, нічога няма”.

Карэспандэнт: “На колькі памятаю, рэстаўрацыяй сядзібы займалася звычайнае будаўнічае ўпраўленьне, якое да рэстаўрацыі мае зусім аддаленае дачыненьне?”

“Ну дык гэта як у нас і ўсё навокал! Гэта што да размовы пра прафэсіяналізм. Пачынаючы ад уладных структураў і канчаючы “нізамі”, усе ж непрафэсіяналы. Але ж усе намагаюцца выглядаць прафэсіяналамі. І з-за таго, што на бязрыб’і і рак рыба, то гэта звычайная будаўнічая фірма, якой далі нейкія палёгкі, льготы. І тое, што яна зрабіла, дык яшчэ дзякуй Богу, што хоць сьцены зараз накрытыя. Але на самой справе ёсьць жа пратаптаная сьцежка, ёсьць магчымасьць рабіць інвэстыцыі, як і ва ўсім сьвеце. Можна засьцерагацца, калі ёсьць нейкая рызыка не вярнуць укладаньні. А якая тут рызыка?”

Карэспандэнт: “За межамі Залесься ёсьць спэцыялісты, якія б выканалі задачу?”

“Адказам тое, што прайшло ўжо нашмат болей за 10 гадоў, як усё зафіксавалася ў такім стане”.

Тым ня меней, спадар Верамейчык працягвае ўслаўляць Залесьсе Агінскага ў напісаных самім песьнях, якія ахвотна выконваюць мясцовыя таленты:

“Цябе мы не забудзем ніколі ў жыцьці І кожны год мы будзем ляцець, ісьці, плысьці.

Залесьсе, Залесьсе – такі цудоўны край, Залесьсе, Залесьсе – ты нас не забывай.

Ад Менску і да Вільні – такі далёкі шлях. Стаіць маё Залесьсе, не абмінуць ніяк.

Залесьсе, Залесьсе – такі цудоўны край, Залесьсе, Залесьсе – мяне не забывай”.

Ракаў, 14.06.2007. Залесьсе Залесьсе
XS
SM
MD
LG