Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія левыя ставяцца да камуністычнай спадчыны?


Віталь Цыганкоў, Менск 12 чэрвеня ў сталіцы ЗША Вашынгтоне адкрылі мэмарыял, прысьвечаны ахвярам камунізму ва ўсім сьвеце Як сёньняшнія беларускія левыя ставяцца да камуністычнай спадчыны? Што з камуністычных ідэяў узяла на ўзбраеньне цяперашняя беларуская ўлада? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць Першы сакратар ЦК ЛКСМБ, член ЦК ПКБ Дзьмітры Яненка і Старшыня Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька.

Цыганкоў: “12 чэрвеня ў сталіцы ЗША Вашынгтоне адкрылі мэмарыял, прысьвечаны ахвярам камунізму ва ўсім сьвеце.На цырымоніі адкрыцьця выступіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які сказаў, што “мы ня можам дазволіць зьверствам Леніна, Сталіна, Мао і Кастра згубіцца на старонках гісторыі”. Буш дадаў, што камунізм каштаваў чалавецтву 100 мільёнаў жыцьцяў. Дзьмітры, якія эмоцыі ў вас выклікае адкрыцьцё гэтага помніку?”

Толькі слабаразумны можа казаць, што рэпрэсіяў і ахвяраў не было

Яненка: “Мне вельмі складана адказваць на гэтае пытаньне, бо я дастаткова малады чалавек, мне яшчэ 32 гады. Але я адрозьніваў бы ахвяраў камунізму і ахвяраў сталінізму. Яшчэ мне вельмі дзіўна, чаму гэта помнік паставілі ў ЗША, здаецца, яны ад камунізму ня зьведалі ніякіх пакутаў...”

Цыганкоў: “Але гэта помнік ахвярам камунізму па ўсім сьвеце...”

Яненка: “Так, я разумею, але я ня ведаю, якія ахвяры камунізму былі ў ЗША. Калі б гэты помнік стаяў у Расеі, Украіне, у любой з краінаў былога СССР, гэта можна было б зразумець. Карацей, я дрэнна стаўлюся да гэтага.”

Цыганкоў: “Чаму? Давайце высьветлім пазыцыю сёньняшніх левых, апазыцыйных беларускаму рэжыму, якія змагаюцца за перамогу дэмакратыі ў Беларусі. Як вы ставіцеся да камуністычнага мінулага: што прымаеце, што –не?”

Яненка: “Калі аднаўляўся камсамол і Партыя камуністаў Беларуская, мы адразу сказалі, што мы бярэм з нашай гісторыі ўсё самае лепшае. Лепшага было шмат, і ў гэтай перадачы ня хопіць часу, каб усё ўзгадаць.

Але толькі слабаразумны чалавек можа казаць, што рэпрэсіяў, ахвяраў не было, таталітарызму, сталінізму. Мы да гэтага ставімся дрэнна, і сёньня наша партыя робіць усё, каб 1937 год не прыйшоў на нашу зямлю”.

“Грамадзкі лад, пабудаваны на ідэях агульнай уласнасьці, нежыцьцяздольны”

Процька: ”У Беларусі, у адрозьненьне нават ад Расеі, не было зроблена абгрунтаванага навуковага аналізу савецкага часу. І шмат людзей, асабліва маладых, проста няправільна разумеюць і ня ўсё ведаюць пра тыя часы.

Таму вельмі папулярная і модная сёньня дактрына, што камунізм сам па сабе як грамадзкі лад жыцьця вельмі добры, ён у інтарэсаў усіх – а ўсё тое, што кепскага рабілася, рабілася дрэннымі людзьмі. І вось мы зараз, маўляў, проста пазбавімся гэтых дрэнных людзей.

На жаль, грамадзкі лад, пабудаваны на ідэях агульнай уласнасьці, нежыцьцяздольны. Няма людзей з такім высокім сумленьнем, якія б добрасумленна працавалі “за ідэю”, не кралі адзін у аднаго, не рабілі злачынстваў. Пакуль чалавечая прырода да гэтых высокіх ідэяў ня здольная падыйсьці.

А зь іншага боку, лад жыцьця, у які афармляюцца камуністычныя ідэі, ня можа існаваць без рэпрэсіяў. Рэпрэсіі ёсьць атрыбутыўным момантам дзяржаўнага кіраваньня, заснаванага на камуністычнай ідэалёгіі”.

Яненка: “Я ня згодны з тым, што камуністычная ідэалёгія – гэта нейкая догма, якая калісьці была створаная і ўжо ня можа разьвівацца. Напрыклад, сёньня цяжка ўявіць, каб камуністы савецкіх часоў выступалі за дэмакратыю і свабоду, як сёньня гэта робіць ПКБ. Наша галоўная задача і ў тым, каб разьвіваць камуністычную ідэалёгію, што наша партыя, на маю думку, даволі добра робіць.”

Цыганкоў: “Вы кіраўнік “ленінскага камсамолу”. Да вас прыходзяць маладыя людзі. Што іх прываблівае – майка з Чэ Геварам, аповяды іхных бацькоў пра жыцьцё пры сацыялізьме? Што сёньня можа прывесьці сучаснага маладога чалавека ў камуністычны рух?”

Яненка: “Ня думаю, што яны прыходзяць, каб набыць чырвоную майку з Чэ. Мяркую, прыходзяць людзі, якія лічаць, што грамадзтва сацыяльнай справядлівасьці можа быць створанае. Яны хочуць дабіцца таго, каб наша краіна стала сацыялістычнай, дэмакратычнай і свабоднай”.

“Зь мінулага беларуская ўлада бярэ толькі горшае”

Цыганкоў: “Наколькі сёньняшняя ўлада блізкая да камуністычнай ідэяў? Ці мае яна спадчынную сувязь з камуністычным мінулым?”

Яненка: “Я лічу, што нічога агульнага ўлада Лукашэнкі з камунізмам ня мае. Яна проста выкарыстоўвае настальгічныя думкі часткі электарату. Усе гэтыя “лініі Сталіна” – толькі піяр-ход, якім улада зарабляе сабе палітычныя пункты”.

Процька: “Я б не была настолькі аптымістычнай, што гэта толькі піяр. Сапраўды, сучасная ідэалёгія гаворыць: “мы бярэм усё лепшае зь мінулага і пазбаўляемся ўсяго дрэннага”. На жаль, рэальна так ніколі не бывае.

На самой справе зь мінулага ўлада бярэ моцную ролю спэцслужбаў у кіраваньні. Паразмаўляйце зь любым дырэктарам, чыноўнікам і спытайце, ці праслухоўваюцца ягоныя тэлефоны? Кожны вам адкажа, што праслухоўваюцца.

Улада ўзнаўляе з савецкага мінулага найгоршае. Гэта непавага да закону як мэханізму, які рэгулюе жыцьцё грамадзтва, непавага да суду, мінімальная магчымасьць чалавеку ўзнавіць у судзе свае правы парушаныя дзяржавай. І ўсё гэта маскіруецца прыгожай камуністычнай абалонкай, нібыта “чалавек чалавеку – сябар і брат”

Камуністычная ідэалёгія заўсёды была як сэндвіч. Адно – тое, што прыгожа, мары, якія людзям падабаюцца, а другое – тое, што на самой справе, у жыцьці. А на самой справе было вельмі дрэнна”.

• Буш параўноўвае камунізм і тэрарызм , 13.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG