Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовую ахову насьцярожыла спадніца Шацікавай


Радыё Свабода У судзе Віцебскага раёну разглядалі справу Алеся Дзеравянкі, а ў Першамайскім райсудзе судзілі Крысьціну Шацікаву. Абодвух вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыянтам падчас несанкцыянаванай акцыі 6 чэрвеня.

Судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Ліпская аштрафавала 20-гадовага студэнта Алеся Дзеравянку на 20 базавых велічыняў, або 620 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Прысутны на судзе віцебскі прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Хэльсынскі камітэт Павал Левінаў лічыць, што разбор справы адбываўся з парушэньнямі:

“На Дзеравянку былі складзены два пратаколы: за пікетаваньне і за непадпарадкаваньне міліцыі ў часе несанкцыянаванага пікетаваньня. Першы пратакол судзьдзя не разглядала й адправіла назад у РАУС на дапрацоўку.

Таму, не разабраўшыся, ці было пікетаваньне, ці браў у ім удзел Дзеравянка, яна аштрафавала яго за непадпарадкаваньне нібыта законным патрабаваньням міліцыянтаў спыніць несанкцыянаванае пікетаваньне. Абсурд самы сапраўдны!”

Дзеці зьбівалі спэцназаўцаў?

За непадпарадкаваньне міліцыянтам, а таксама за ўдзел у незаконным пікеце ў Першамайскім райсудзе сёньня судзяць і актывістку Крысьціну Шацікаву.

Супрацоўнік міліцыі Ўладзімер Кісьляк засьведчыў, што ня толькі сама Крысьціна не падпарадкоўвалася міліцыянтам, а нават ейныя дзеці 9 і 11 гадоў зьбівалі спэцназаўцаў ды іншых міліцыянтаў.

Таго, што 9-гадовага Ягора супрацоўнік міліцыі штурхнуў так, што давялося выклікаць хуткую дапамогу, міліцыянт Кісьляк нібыта ня бачыў. Ён не заўважыў і таго, што Крысьціну ды іншых дзяўчат міліцыянты цягнулі ў машыну.

Крысьціна Шацікава пахадайнічала, каб суд разгледзеў відэазапісы, зробленыя міліцыянтамі й незалежным апэратарам 6 чэрвеня каля будынку Першамайскага райсуду.

Нагадаем, што падзеі, паводле якіх супраць актывістаў распачатыя адміністрацыйныя справы, адбыліся падчас суду над Валер’ем Шчукіным. Моладзь прыйшла да суду зь ягонымі партрэтамі, і міліцыянты палічылі гэта незаконным пікетам.

На сёньняшняе судовае пасяджэньне Крысьціна Шацікава таксама прыйшла з партрэтам Валер’я Шчукіна на грудзях ды ў бел-чырвона-белай спадніцы. Убачыўшы яе ў такім выглядзе, ахоўнік суду на ўсялякі выпадак выклікаў нарад міліцыі.

Судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна перанесла судовы працэс над Крысьцінай Шацікавай на заўтра, 15 чэрвеня.

Віцебск, 14.06.2007. Шацікава ў Шацікава ў "нацыяналістычнай" спадніцы

• Суд над Крысьцінай Шацікавай працягнецца 14 чэрвеня , 9.06.2007 • К.Шацікава: Майго сына ўзялі за твар і кінулі ў машыну , 06.06.2007 • Міліцыянты зьбілі моладзь, якая прыйшла падтрымаць Валерыя Шчукіна , 06.06.2007
XS
SM
MD
LG