Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камароў: “Я ганаруся магілёўскім бунтам!”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – Базыль Камароў мастак, які малюе старажытны Магілёў, абапіраючыся на гістарычныя дакумэнты.

Караткевіч: “Як склалася, што вы зацікавіліся гісторыяй і менавіта гісторыяй у мастацтве?”

Камароў: “Са школы. Пасьля купіў кнігу Чарняўскага "Архітэктура Магілёву", і мяне прывабілі гэтыя храмы – я пачаў прыглядацца, вывучаць архітэктурныя стылі, а пасьля ўжо ў інстытуце пазнаёміўся з Чарняўскімі, Арловым, Трусавым, прымаў удзел у раскопках на Наваградзкім замку, пасьля ў раскопках на Магілёўскай ратушы. У мяне ўжо добры стос рэчаў з Магілёву – гэта тое, што ляжыць пад нагамі, што можна знайсьці ў кожным двары, калі капаюць: кавалак кафлі, венчык гаршчка, барацінку... Так і ўцягнуўся. Цяпер хаджу па вулках старых – я ўжо ведаю, вывучыўшы па падручніках, па картах, плянах, дзе які будынак стаяў, што зь ім сталася, як яго намаляваць, як аднавіць гэтую гісторыю. Я, калі вярнуўся, пачаў маляваць гэты горад, а цяпер ужо і іншыя мастакі малююць. Можа, гэта паўплываў час, а можа я так паўзьдзейнічаў на калегаў?”

Караткевіч: “А дзе можна паглядзець Вашы работы?”

Камароў: “Ёсьць і ў Магілёве, ёсьць і ў Менску. Прынамсі, мэр Магілёву некалі набыў у муэзі, мая работа вісіць у яго ў кабінэце – панарама старога гораду. Дарэчы, мэр, пэўна любіць Магілёў стары, і так яму, відаць, запала... Ёсьць у гэтым прыемнае.”

Караткевіч: “Мы правялі ў Магілёве апытаньне: чым ганарацца жыхары гораду? Паслухайце, калі ласка, і пракамэнтуйце.”



Камароў: “Калі месьціч кажа "горад чысты" і гэтым ганарыцца – гэта тое ж, што гаспадыня запросіць да сябе госьця і скажа: "Паглядзіце, як у мяне ўтульна ў хаце падмецена!" Ня ў гэтым адметнасьць. Эўрапейскасьць гораду павінна быць не ў адрамантаваных будынках, а ў тым, чым ён адрозьніваецца ад іншых гарадоў: тым жа архітэктурным ансамблем, які ў нас у Магілёве – ня кажучы ўжо пра ўсю Беларусь – шмат дзе пашкоджаны.”

Караткевіч: “А ў чым Ваш гонар за Магілёў?”

Камароў: “Паколькі я люблю гісторыю, шаную мінулае, я ўзгадваю 1661 год – Магілёўскі бунт, дзе выявілася ваярства, процілеглае талерантнасьці нашай. Узьнялі бунт і панішчылі акупантаў – маскоўскі гарнізон – і атрымалі герб, Магілёў быў далучаны ў прывілеях да Вільні – гэта мяне грэе, гэта мне прыемна ўсьведамляць!”

Караткевіч: “У апытаньні, якое мы пачулі, гаварылася, што горад становіцца эўрапейскім, а ці застаецца ён беларускім?”

Камароў: “На жаль, не. Калі я прыяжджаю ў іншыя краіны, я чытаю надпісы, хачу зразумець, што напісана – вось я хачу, каб і ў нас той, хто прыедзе, мог бы прачытаць: "бульбяная", "кавярня", "цукерня" і г.д. Як сказаў Разанаў, "у кожнага народа ёсьць хоць адзін гэніяльны твор – гэта мова" – і трэба шанаваць яе. У гэтым будзе палягаць і эўрапейскасьць, і цывілізаванасьць, і культура...”
XS
SM
MD
LG