Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 чэрвеня — папераджальны страйк донараў


Радыё Свабода Сёньня Ўсясьветны дзень донара крыві. Напярэдадні гэтага сьвята абедзьве палаты Нацыянальнага сходу пастанавілі скасаваць ільготы для ганаровых донараў. На знак пратэсту жыхар Магілёва Ігар Каваленка сёньня публічна адмовіўся ад мэдаля “Ганаровы донар Беларусі”.

14 чэрвеня ў будынку Навукова-дасьледчага інстытуту гематалёгіі й пераліваньня крыві Ігар Каваленка аддаў свой мэдаль “Ганаровы донар Беларусі” чыноўнікам.

Прычыны такога ўчынку спадар Каваленка адразу патлумачыў Радыё Свабода:

“Безь дзяржаўнай падтрымкі, без ільготаў і падтрымкі донарства мэдаль — проста бляшка. Гэта не ганаровая ўзнагарода, а проста бляшка”.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што кожнаму трэцяму жыхару Беларусі хаця б раз у жыцьці спатрэбілася донарская кроў.

Дырэктар НДІ гематалёгіі прафэсар Міхаіл Патапнёў кажа, што запасы крыві ў краіне ствараюць больш як два мільёны добраахвотнікаў:

“Я разумею, што бяз донараў мая дзяржаўная служба нічога не каштуе. І паверце мне: я абараняю іхныя правы. Вядома, што эмацыйны ўсплёск ёсьць і будзе. Але колькасьць донараў застаецца ранейшая: у Беларусі 200—300 чалавек здаюць кроў штодзённа”.

На сёньня ў Беларусі больш як 40 тысяч чалавек маюць званьне “Ганаровы донар”. Цяпер у іх забіраюць зьніжкі на лекі й санаторныя пуцёўкі, дабаўкі да пэнсіі, права на бясплатнае зубапратэзаваньне.

20 чэрвеня — папераджальны страйк

На знак пратэсту донары ў Магілёве заявілі, што зьбіраюцца спыніць здачу крыві й плязмы. Сёньня ініцыятар акцыі Ігар Каваленка назваў дакладны дзень яе пачатку:

“20 чэрвеня — папераджальны страйк. Але ж ужо ў Магілёве гарадзкія ўлады мяне папярэджвалі. Сарамацілі нібыта. А я адказваў ім проста: “Калі донары гэты тыдзень будуць адпачываць, то вы, чыноўнікі, будзьце ласкавыя — здайце сваю кроў, выратуйце адно-два жыцьці. Зрабіце гэта, калі вы лічыце сябе гуманнымі людзьмі, а донараў, якія аб’явілі папераджальны страйк, дрэннымі”.

Са словаў Ігара Каваленкі, згоду далучыцца да магілёўскага страйку выказалі больш як 120 ганаровых донараў, у тым ліку і зь іншых рэгіёнаў — Меншчыны, Берасьцейшчыны, Віцебшчыны.

У траўні 2005 году на Ўсясьветнай асамблеі міністры аховы здароўя краінаў сьвету прынялі заяву пра падтрымку добраахвотнага донарства крыві. Яны пастанавілі штогоду 14 чэрвеня праводзіць Усясьветны дзень донара крыві. Дата прымеркаваная да дня нараджэньня ў 1868 годзе аўстрыйскага доктара і імуноляга Карла Ландштэйнера. Напачатку ХХ стагодзьдзя ён адкрыў групы крыві чалавека, за што ў 1930 годзе быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй у галіне мэдыцыны. У 1940 годзе Карл Ландштэйнер адкрыў рэзус-фактар крыві чалавека.


• На знак пратэсту супраць адмены льготаў донар вяртае "Ганаровы знак", 14.06.2007 • Магілёў: донары лічаць адказ дэпутатаў на сваю скаргу адпіскай, 06.06.2007 • Магілёўскія донары заклікалі да ўсебеларускага страйку, 01.06.2007
XS
SM
MD
LG