Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаркоўшчына: бляск і гаротнасьць прадпрымальніцкай Мэкі


Віталь Сямашка, Шаркоўшчына, Віцебская вобласьць Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У Шаркоўшчыну я трапіў, бадай, выпадкова, прыпыніўшыся зранку на якую гадзіну ў часе вандроўкі па Віленскім краі. І застаўся аж да ночы.

Прывабіў ня выгляд мястэчка — нягледзячы на 500-гадовую гісторыю, тут не засталося адметных помнікаў мінуўшчыны. Дый, як пазьней адказаў мне мясцовы жыхар...

Спадар: “Назва Шаркоўшчына дагэтуль белая пляма — не знайшлося дакумэнтаў, каб разгадаць...”

У самым малым паводле колькасьці насельнікаў райцэнтры Віцебшчыны мяне ўразілі шматлікасьць ды разнастайнасьць камэрцыйных шапікаў. На сёньняшні дзень у сямітысячным гарадку афіцыйна зарэгістравана 240 дробных прадпрымальнікаў. Уздым падпрымальніцтва адбыўся летась.

Узьнікненьню, як тут кажуць, прадпрымальніцкай Мэкі, спрыялі ды, нібыта і спрыяюць надалей, мясцовыя ўлады.

Вось што сказаў мне першы намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Баговіч:

Баговіч: “Людзей, у каго ёсьць жаданьне займацца гандлем на кірмашы, не абмяжоўваем. У нас ёсьць камбінат бытавога абслугоўваньня са свабоднымі памяшканьнямі.

Месяц таму дзесяць індывідуальных прадпрымальнікаў адкрылі “Гандлёвы дом”. Там жа будзе салён продажы адзеньня для вясельля. Дзяржрасцэнкі дакладныя — 2 эўра за квадратны метр.

Мы зьбіраем людзей — гуртуйцеся! Мы даем вам сто мэтраў, плаціце супольна. Людзі пойдуць, калі маса прадаўцоў, шырокі асартымэнт ды можна выбраць не на хуткую руку...”

Мяне пазнаёмілі з 52-гадовай Людмілай Мікалаеўнай Лабачэўскай, якая лічыцца ў тутэйшым прадпрымальніцкім асяродку нефармальным лідэрам.

Балазе, яшчэ тры гады таму была намесьніцай рэдактара вэртыкальнай раёнкі “Кліч Радзімы”. Адкрыла дзьве крамы, што гандлююць кветкамі ды парфумай. Вось як тлумачыць, чаму сама цяпер стаіць ля прылаўку:

Лабачэўская: “Зьнік ланцуг цэнзара над галавой — прадпрымальніцтва ў рамках закону дае табе поўную свабоду. Часу вольнага нашмат менш, але сам сабе гаспадар. Канечне, трэба было й вучыць дачку. А калі паспрабавала, цікавасьць зьявілася.

Прывозім экзатычныя кветкі — стрэліцыя, напрыклад. Першага заробку я і цяпер не адчула. Мне цікава заўжды грошы ўкласьці ў справу. Дачка жартавала — ты ведаеш, як толькі прадаць і назад накіраваць...”

Але ў часе маёй вандроўкі спадарыня Лабачэўская, як і ўсе яе калегі ў бізнэс-справе, знаходзілася ў шокавым стане.

У справу некаторыя ўклалі апошнія грошы. Але ўвядзеньне ў дзеяньне вядомага ўказу №760, а дакладней, пункту, што забараняе мець наёмных работнікаў, ставіць камэрсантаў на мяжу банкруцтва ды беспрацоўя.

Людміла Мікалаеўна кажа:

Лабачэўская: “Будучыню сваю ўявіць ня можам. Дзьве наёмныя працаўніцы — і яны, і мы ўзаемна задаволеныя, нікуды б не хацелі сыходзіць. Я і сын бачым, што адны ня зможам пацягнуць, каб быў поўны аб’ём, асартымэнт, культура абслугоўваньня. Мы ж самі і бугальтэрыю цягнем. А трэба ж ехаць і за таварам, плаціць падаткі”.

Як вядома, у згаданым указе выйсьце прапануецца ў стварэньні так званых мікрапрадпрыемстваў. Але гэта прадугледжвае доўгую і складаную сыстэму рэгістрацыі ды вялізныя выплаты, калі нават ўдасца ўзяць крэдыт.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць над вамі прывід банкруцтва?”

Лабачэўская: “Ёсьць, канечне. Мы бачым, што не пацягнем па нашых падатках. У нас толькі пайшла хваля, што прадпрымальнікі пачалі сыходзіць у павільёнчыкі, шапікі з кірмаша, дзесьці арандаваць памяшканьні. Але што яны будуць рабіць цяпер?! Прадпрымальніцкі страйк немагчымы — не таму, што неаб’яднаныя ці баяцца. Не вераць, што гэта штосьці даць”.

Улічваючы важнасьць пытаньня практычна для ўсіх дробных бізнэсоўцаў, ужо ў Менску зьвярнуўся па камэнтар да старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Патупы.

Менавіта ён быў паводле даручэньня асноўных прадпрымальніцкіх структураў краіны судакладчыкам на сустрэчы з кіраўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ды ўраду.

Патупа: “Я вельмі разумею прадпрымальнікаў Шаркоўшчыны. Гэты пункт 1.1. вельмі трагічны для ўсяго правінцыйнага бізнэсу. Мо людзі на менскіх паркінгах і змогуць гэтыя фірмы зрабіць, але гэта ня выйсьце для індывідуалаў, якія ня маюць грошай ды досьведу. І гэта вельмі вялікі выкід рабочых у месцах, дзе няма працы ўвогуле.

Я таксама нэгатыўна гляджу на страйкі, бо ўрад гэтага і хоча. Яны хочуць зьнішчыць нас як клясу. Вясной 2002-га вынік быў адзін — страцілі некалькі мільёнаў даляраў, бо не працавалі, а сэнсу ніякага. Мы будзем патрабаваць, каб, у скрайнім выпадку, на несталічныя структуры гэты ўказ не распаўсюджваўся!”

Пакуль жа, дайце веры, найбольшыя аптымісты ў Шаркоўшчыне — беспрацоўныя. Летась тут закрылі, прызнаўшы нерэнтабэльным, цагляны завод на сто працоўных месцаў. Кажуць, ледзь дыхае і другі буйны, па тутэйшых мерках, кансэрвава-сушыльны.

Ва ўсялякім выпадку, 45-гадовы качагар Уладзімер Стукан адтуль сышоў. Зарэгістраваўся, як і 150 іншых гараджанаў, на біржы. І кажа, што не шкадуе.

Стукан: “На кансэрвавым заводзе сытуацыя дрэнная, бо ніхто ня ўмее кіраваць. Замянілі чатыры дырэктары. Даўгоў атрымалі на мільярд. Прадукцыю са складоў ня вывезьлі. Сад пасадзілі на дрыгве, ніхто не глядзеў. Трэцяя частка не ўзышла, а грошай патрацілі!

Начальству добра — сядзяць на акладах, а людзі як хочаш. Біржа — наша выратаваньне. Плацяць добра — парканы ставім за 15, а то і болей тысяч у дзень. Вуліцы мяцем, фарбуем, сьнег чысьцім. На біржы зарабляем больш, чым на фабрыцы! Каб адтуль не выганялі, можна стаяць аж да пэнсіі...”

Мясцовыя называюць свой горад “клюшнямі рака”. Чаму, можна ўбачыць з вайсковай вежы, тутэйшага хмарачоса.

Рака Дзясна падзяляе Шаркоўшчыну дакладна напалову. На адным беразе стаіць помнік Леніну, на другім калісьці стаяў помнік Пілсудзкаму. Пра апошняе сёньня мала хто ведае ды памятае.

Так і з гісторыяй Шаркоўшчыны, кажа 73-гадовы краязнаўца, спадар Ляскоўскі, які дзесяцігодзьдзі вывучае белыя плямы гісторыі дасавецкага пэрыяду. Уладзіслаў Канстанцінавіч здабытую інфармацыю занатаваў у шэрагу гістарычных нарысаў — вось некалькі фактаў рознага часу ягонымі вуснамі.

Ляскоўскі: “Паўстаньне 1831-га — у мяне прозьвішчы трохсот тутэйшых паўстанцаў сабраныя, што ваявалі за незалежнасьць Рэчы Паспалітай ад Расейскай імпэрыі. Пры Польшчы камуністаў пратрымаюць некалькі дзён — і адпускалі.

Як толькі ў час Другой усясьветнай зьявіліся партызаны ў раёне, пачалі “чысьціць” па хатах адзеньне, ежу. Перакапаюць усё, да апошняй іголкі. Людзі везьлі ў Шаркоўшчыну пад ахову немцаў — немцы не дапускалі туды партызан, і да іх было нармальнае стаўленьне.

Самі шаркаўшчане пачалі арганізоўвацца ад нападаў партызанаў. Даставалі зброю. І на поўнач, на 15 кілямэтраў ад Шаркоўшчыны, усё было пад кантролем самааховы. Ёсьць выпадак, калі мужыкі пачулі, што ў сяле Пешчароўка прадаюць зброю. А сяло пасярод лесу і там былі партызаны. Прыехалі, а тыя апранутыя ў цывільнае. Вывелі і пастралялі ў двары, склалі на сані, і конь прывёз трупы...”

Спадар Ляскоўскі ўзначальвае суполку Партыі БНФ, адзінай прадстаўленай у Шаркоўшчыне палітычнай сілы. Настроі гараджанаў лічыць досыць дэмакратычнымі.

Ляскоўскі: “Калі зьбіраў подпісы, абышоў паўгораду. І кожны трэці падпісваўся за Мілінкевіча. Некаторыя подпіса ня ставілі, баючыся рэпрэсіяў на працы, але казалі, што будуць галасаваць за Мілінкевіча. У мяне ўражаньне, што 25—30% за яго прагаласавалі...”

Накіроўваюся ў калісьці прэстыжную ды, лічылася, пэрспэктыўную школу мастацтваў, што дзейнічае пятнаццаць гадоў. Паўсотні навучэнцаў скончылі профільныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сытуацыя пагаршаецца з кожным годам, кажа выкладчык мастацкага аддзяленьня спадар Віктар Крук.

Менск, 14.06.2007. Віктар Крук, Шаркаўшчына

Крук: “Нашы дзеці ішлі на спэцыяльнасьць, што модна гучыць, “дызайн”, а пасьля дзяўчына ў Віцебску атрымлівае 300 тысяч. У Расеі сын майго сябра застаўся — там атрымлівае каля 1000 даляраў.

Канечне, каб было шмат прыватных фірмаў, якім патрэбныя праектныя працы... Скажам, мэблевай фабрыцы патрэбны мастак, што робіць праекты новай мэблі і ад рэалізацыі штосьці атрымлівае.

Нашы выпускнікі могуць быць запатрабаваныя толькі з разьвіцьцём рынку. І мастакі, што нечага дасягнулі, імкнуцца паказаць сябе за мяжой. І маюць там аддачу. Вырвацца складана — у кагосьці сям’я, дзеці...”

Да тых, каму ня вырвацца, адносіцца 26-гадовы выкладчык Яўген Ліпскі. Таленавіты, на думку спэцыялістаў, мастак, чые карціны выстаўляліся на пленэрах у цэнтры Язэпа Драздовіча. Мае жонку ў дэкрэце і заробак 400 тысяч на ўсю сям’ю.

Ліпскі: “Каб не бацькі, было б зусім цяжка. Хапае толькі пражыць — харчаваньне, апрануць сябе і дзяцей — і напэўна, усё. Гэта пры тым, што для Шаркоўшчыны гэта прыстойны ўзровень жыцьця. Моладзі даволі многа едзе працаваць на будаўніцтва. У Маскве многа працуе. У замежжы знаёмыя — у Літве, Нямеччыне вучацца, працуюць. Бягуць адсюль, бягуць...”

А вось 82-гадовы Кастусь Сьцяпанавіч Козак імкнуўся на малую радзіму ўсё жыцьцё. З вымушанай эміграцыі, турмаў ды перасыльных сталінскіх лягераў.

Шэсьць з паловай гадоў адпакутаваў у вугальных шахтах ды медна-нікелевых рудніках пад Нарыльскам у Сібіры. Там стаў чальцом штабу найбуйнейшага 70-тысячнага паўстаньня палітзьняволеных, у якім бралі ўдзел 5 тысяч беларусаў. Пра гэта ўпершыню за паўвека нядаўна расказаў адмыслова для “Свабоды”. Так што сёньня працяг яго ўспамінаў.

Менск, 14.06.2007. Кастусь Козак, Шаркаўшчына

Козак: “Я й прыехаў з Нарыльску, бо не магу бяз гэтай прыроды жыць — на сваю радзіму. Трыбунал ня даў мне ніякіх квіткоў, сьледчы казаў, што я вучыў не па праграме ў часе акупацыі. З кулакоў, настаўнічаў пры немцах. У мяне чатыры клясы былі ў сямігодцы. Дужа малады, былі вучні, старэйшыя за мяне. Браталіся са мной.

Улюбіўся ў адну дзеўку-сяміклясьніцу, раман быў — васямнаццаць было. Пры немцах была курсавая вучэльня, і ўсе пайшлі па школах — беларускімі зрабілі ў момант! Я на чыстай беларускай мове ня ўмею гаварыць цяпер, як тады”.

Пытаюся ў спадара Кастуся: ці магчымая негвалтоўная беларусізацыя ў кароткі час сёньня?

Козак: “За два месяцы можна зрабіць! Таму што душы не прапаўшыя, мова па спадчыне ды генэтычна перадаецца. Усё ёсьць гатовенькае. Запусьціць мэханізм трэба. Усе баяцца чагосьці, ня хочуць, штосьці камбінуюць...”

Цану камунізму і камуністаў зразумеў з маленства, працягвае спадар Козак.

Козак: “О, зь люлькі разумеў, што гэта такое. Як паступіў у гімназію, там быў такі Сянькевіч, сьвядомы. У яго былі праклямацыі. І ад народу слухаеш. Ідзеш у школу, а людзей зь дзецьмі вывозяць у Казахстан, як бальшавікі прыйшлі. І маіх лепшых сяброў. Тыя слалі пісьмы, што з голаду мруць. Мы ім пасылалі сухароў. Некаторых бязь вестак выслалі. Калі да цябе будуць ісьці, казалі, хавайся ў бульбу. Ужо ставілі да сьценкі і тады — ду-ду-ду...”

А вось як суразмоўца з вышыні пражытага ацэньвае сёньняшнюю палітычную сытуацыю.

Козак: “Цяпер пакуль што ніякай вайны ня трэба рабіць. Трэба было раней, праехалі. Калі быў Пазьняк. А цяпер кіпень: частка народу думае, што гэты добры, другая ня дужа верыць апазыцыі. І толькі 20—30% вераць. Бо апазыцыя падвяла ўсю справу.

Ня толькі ўсе бядоты ад Лукашэнкі. Я не лічу яго такім “камандзірам” — кляпае, што ўмее. Ён ня ведае акупацыі, разагнаў каталікоў у Горадні. Дык хто ў нас ворагі? Паглядзі па гісторыі — з Усходу, з Захаду і ўсярэдзіну вораг залазіў.Так і жылі пад вялікай кувалдай. Так доўга жыць і не растрапацца — значыць, наш народ такі важны! П’яны крэпка цяпер, але важны вялікай важнасьцю...”
XS
SM
MD
LG