Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне: чаму беларусам цяжка выехаць за мяжу?


Радыё Свабода Чаму беларускія грамадзяне маюць цяжкасьці з выездам за мяжу? Адказваюць менчукі.

Карэспандэнтка: “На вашу думку, чаму беларусам так цяжка атрымаць візы ў замежныя краіны?”

Спадар: “Думаю, прычыны ва ўрадзе беларускім. Стасункі зь іншымі краінамі даволі нацягнутыя”.

Дзяўчына: “Я ня ведаю”.

Спадарыня: “Лета, людзі хочуць паехаць, паглядзець іншыя краіны. Таму чэргі”.

Спадарыня: “Не сутыкалася ніколі. Сама ні разу нікуды яшчэ не зьбіралася ехаць, таму я ня ведаю, у пасольствах не была”.

Дзяўчына: “Таму што шмат людзей, сэзон адпачынкаў. Можа, у амбасадах недастаткова супрацоўнікаў”.

Спадарыня: “Цяжкасьць жа ня ў тым, што чэргі стаяць, а ў тым, што іх не даюць, гэтыя візы. А вось чаму нас не выпускаюць, гэта ўжо іншае пытаньне, на якое я адказу ня ведаю”.

Спадар: “Я ня ведаю, чаму так шмат людзей едуць у іншыя краіны сьвету”.

Дзяўчына: “Я думаю, чэргі стаяць, бо амбасады дрэнна арганізавалі працу. Трэба было інтэрнэт падключыць, каб людзі маглі загадзя запісвацца. Чэргаў тады б не стаяла. А наконт таго, даюць ці не даюць візы — я нічога ня ведаю”.

Спадарыня: “Чаму, чаму... Таму што ў нас такая сытуацыя ў краіне, ня вельмі добрая”.

Дзяўчына: “Стаўленьне да нашай краіны не зусім добрае, таму і атрымліваецца, што беларусам усё складаней і складаней выехаць куды-небудзь. Шмат перашкодаў”.

Дзяўчына: “У нямецкую амбасаду наагул ісьці марна, там вельмі складаная бюракратычная сыстэма. То бок, прыходзіш з дакумэнтамі — іх вяртаюць, кажуць, што няма яшчэ чагосьці...”

Спадарыня: “Я думаю, што беларусаў баяцца выпускаць, таму што думаюць, што яны ня вернуцца. У нашай краіне ня вельмі салодка жыць”.

Дзяўчына: “Асабіста мяне ня выпусьцілі сёлета ў Нямеччыну, таму набалела. Сказалі: “Вы прыгожая дзяўчына, ня замужам, вы проста ня вернецеся”. Так і сказалі. Паставілі ў пашпарт штамп з адмовай і вярнулі дакумэнты. Так было ў мяне і маёй сяброўкі. Пячатка такая маленькая: адмова ва ўезьдзе ў краіну”.

Карэспандэнтка: “Беларусам вельмі цяжка атрымаць візы ў замежныя краіны, у амбасады — чэргі. Як вы думаеце, чаму?”

Спадар: “Я ня ведаю, ці ёсьць наагул чэргі. Я гэтым ніколі не цікавіўся, ніколі”.

Спадарыня: “Пакуль нікуды не зьбіраюся ехаць, таму сама не сутыкалася з такой праблемай. Але я працую ў авіякасах, людзі скардзяцца, што візы не даюць без квіткоў альбо бяз броні, ці яшчэ якія праблемы”.

Спадар: “Я лічу, што ад Беларусі тут не залежыць. Кожная краіна хвалюецца, каб лішнія людзі туды ня ехалі. Але калі хоча чалавек некуды выехаць, калі яму неабходна, ён зможа гэта зрабіць. Я таксама хутка зьбіраюся за мяжу, і мяркую, што ўсё атрымаецца, што ўсё будзе добра”.

Спадарыня: “Канкрэтна даць адказу на гэтае пытаньне я не магу”.
XS
SM
MD
LG