Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Казулін адмаўляецца ад шпіталізацыі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як стала вядома сваякам Аляксандра Казуліна, ён адмаўляецца ад шпіталізацыі, на якой настойваюць турэмныя дактары. Сваякі палітвязьня мяркуюць, што нежаданьне класьціся ў шпіталь тлумачыцца зусім ня добрым самаадчуваньнем.

З Аляксандрам Казуліным у калёніі Віцьба-3 сустрэўся ягоны адвакат Зьміцер Гарачка. Адвакату стала вядома пра спагнаньне, якое наклалі на Аляксандра Казуліна, нібыта за парушэньне турэмнага рэжыму.

14 чэрвеня гэта пацьвердзіў дачцэ палітыка Юліі намесьнік начальніка калёніі Руслан Прымак:

“Ён сказаў, што на тату начальнік калёніі Агнісьцікаў наклаў спагнаньне за парушэньне дысцыпліны. Пакаралі яго пазбаўленьнем кароткатэрміновага спатканьня, якое ў нас заплянаванае на лета”.

Што дакладна парушыў Аляксандар Казулін, сваякам невядома. У адміністрацыі віцебскай калёніі адмовіліся гэта патлумачыць. Цяперашняе спагнаньне ў Аляксандра Казуліна — трэцяе за дзевяць месяцаў ягонага знаходжаньня ў Віцебскай калёніі. Ранейшыя ён атрымаў падчас галадоўкі ў канцы мінулага году. Паводле сваякоў Казуліна, адно нібыта за спрэчку з прадстаўніком адміністрацыі, другое — за парушэньне формы адзеньня.

Нагадаю, палітык галадаваў 53 дні, пратэстуючы супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. За час галадоўкі Аляксандар Казулін схуднеў болей як на дваццаць кіляграмаў.

Як Казулін пачуваецца цяпер?

Юлія Казуліна паведаміла: яе бацька важыць 87 кіляграмаў, пры тым, што трапіў у турму з вагой каля ста кіляграмаў. Пра сваё здароўе ў апошніх лістах блізкім Казулін нічога не напісаў. Зьвесткі пра тое, што яго зьбіраюцца накіраваць на лячэньне ў рэспубліканскі шпіталь у Менску, паведаміў адвакат Зьміцер Гарачка. Стаўленьне да гэтага самога Казуліна адмоўнае, кажа яго дачка:

“Тата ня хоча. І сапраўды, чаму яго зьбіраюцца класьці ў шпіталь, калі самі турэмныя дактары кажуць, што зь ім усё добра?”

Летась у сьнежні пасьля галадоўкі Аляксандру Казуліну ўжо прапаноўвалі падлячыцца ў рэспубліканскім шпіталі, але тады палітык ад прапановы таксама адмовіўся.

Пазьней Аляксандар Казулін патлумачыў сваякам, што не давярае турэмным дактарам. Абсьледаваньня і лячэньня ў незалежных дактароў, на якім настойвалі сваякі й аднадумцы Казуліна, ўлады яму не дазволілі.

• Да Казуліна не даходзяць лісты на палітычныя тэмы , 17.05.2007 • А.Казулін: “Пасьля візыту паслоў да мяне ставяцца больш жорстка”, 03.05.2007 • А.Казулін патрабуе завесьці крымінальныя справы на А.Лукашэнку , 25.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG