Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рассакрэціць архівы Другой усясьветнай вайны


Радыё Свабода Міністэрства абароны Расеі абвясьціла пра намер зьняць грыф сакрэтнасьці з архіўных дакумэнтаў пэрыяду Другой усясьветнай вайны. Між тым, большасьць таямніцаў таго часу застануцца недаступнымі для дасьледчыкаў — каштоўныя дакумэнтальныя зьвесткі, што захоўваюцца ў расейскім Прэзыдэнцкім архіве і сховішчах НКВД, будуць засакрэчаныя і надалей.

Загад аб рассакрэчаньні дакумэнтаў Чырвонай арміі, якія захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расеі, падпісаў міністар абароны Анатоль Сердзюкоў.

Рашэньне грунтуецца на законе “Аб дзяржаўнай таямніцы”, які быў прыняты яшчэ ў 1991 годзе, але, нягледзячы на гэта, паўтара дзесятка гадоў зьвесткі заставаліся дзяржаўнай таямніцай.

Адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх дасьледчыкаў, доктар гістарычных навук Аляксей Літвін працуе ў вайсковых архівах яшчэ ад савецкага часу.

Ён ня верыць, што доступ у сховішчы будзе дазволены ўсім ахвотным:

“Там цаліна самая натуральная. Але нават тое, да чаго быў доступ, калі я працаваў у канцы 1970-х, дык калі гадоў пяць таму паехаў, ужо тых дакумэнтаў нават не давалі. То бок, засакрэцілі-перасакрэцілі наноў, і я гэта адчуў на сабе.

Быў сапраўды пэрыяд, калі крыху “адпусьцілі”, але потым зноў прыкрылі. У прыватнасьці, там ёсьць дакумэнты Генэральнага штабу, якія ніколі не адкрываліся; выведнага ўпраўленьня, ваенных саветаў франтоў і арміяў. Толькі асобныя давалі, прыкладам, матэрыялы палітаддзелаў, і тое ня ўсе...

Таму навіна ўвогуле прыемная, але думаю, што гэта ўсё нерэальна”.

Многія дасьледчыкі ваеннага часу лічаць, што доступ да дакумэнтаў можа зьмяніць уяўленьне пра маштабы трагедыі.

Калі пасьля заканчэньня вайны з падачы Сталіна гаворка ішла пра 10 мільёнаў загінулых савецкіх грамадзянаў, то ў час перабудовы ўжо называлася лічба ўтрая большая — 27 мільёнаў. Цяпер гісторыкі падаюць іншыя зьвесткі — 40 мільёнаў.

Пэўныя карэктывы робяцца і адносна Беларусі. За савецкім часам казалі пра кожнага чацьвертага беларуса, якога забрала вайна, цяпер кажуць пра кожнага трэцяга.

Высьветліць праўду складана ня толькі з прычыны абмежаванага доступу ў архівы. Як кажа гісторык Алег Гардзінка, перашкаджаюць і тэхнічныя цяжкасьці:

“Лёгкае паслабленьне, натуральна што. Але трэба яшчэ даехаць. Зацікаўленыя структуры не фінансуюць такіх паездак у Расею. Прыкладам, як я працаваў у Інстытуце гісторыі, трэба было ехаць сваім коштам ці шукаць магчымасьці фундацыі нейкім фондам. А інстытут не аплачваў туды паездак, як, зрэшты, і на Захад.

То бок, я хутчэй казаў бы пра тэхнічныя праблемы. Але ў любым выпадку — плюс, што пакрысе адчыняюцца дзьверы, яшчэ не на поўную, аднак ужо нешта. Але асноўнае, каб урэшце было ўсё рассакрэчана ў нас тут, каб быў больш-менш вольны доступ у архівы КДБ. Як, зрэшты, і ў любы іншы архіў”.

Міхась Чарняўскі, аўтар нашумелых хронікаў беларускага антыкамуністычнага падпольля паваенных гадоў, салідарны з Алегам Гардзіенкам і лічыць, што найбольш важныя для беларусаў зьвесткі хаваюцца не ў Расеі:

“Гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў нас у архіве КДБ. Як у Менску, так і ў абласных філіях КДБ. Гэта што да дакумэнтаў, якія мяне цікавяць. І пакуль што яны, канечне, недаступныя для нас.

Я крыху ў беларускіх архівах папрацаваў, але ў асноўным запісваў успаміны, бо ў даступных архівах, афіцыйных, “сьвецкіх”, нічога няма. Абсалютна ніякага сьледу. Што да самой арганізацыі, то яна была ў Мядзельскай школе, дзе я колісь вучыўся, пра некаторых ведаў, чуў зь дзяцінства. Таму мяне арганізацыя кранула, і я вырашыў нешта зрабіць”.



Напярэдадні Другой усясьветнай вайны колькасьць насельніцтва Беларусі складала 9,2 мільёна чалавек. Паводле зьвестак на канец 1944 году — 6,3 мільёна. Гісторык Аляксей Літвін кажа, што гэта самы вялікі працэнт стратаў сярод усіх краінаў антыгітлераўскай кааліцыі.

XS
SM
MD
LG