Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У СНД прызначаюць палітыкаў, якіх ня ведаюць, куды дзець у Расеі”


Радыё Свабода Тэрмін паўнамоцтваў Уладзімера Рушайлы на пасадзе выканаўчага сакратара СНД заканчваецца сёньня. Спроба Масквы зацьвердзіць на гэтую пасаду былога старшыню Цэнтрвыбаркаму Расеі Аляксандра Вешнякова напярэдадні правалілася. Апратэставаў выбар Крамля кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Пасьля таго, як А.Лукашэнка наклаў вета на зацьвярджэньне А.Вешнякова, сытуацыя адразу прыцягнула ўвагу экспэртаў. Паводле адной з вэрсіяў, такая пазыцыя беларускага кіраўніка тлумачыцца тым, што Вешнякоў неаднаразова заяўляў аб недэмакратычнасьці і непразрыстасьці выбараў у Беларусі.

Галоўны рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике” Фёдар Лук’янаў сумняецца, што асабістыя дачыненьні паміж былым кіраўніком Цэнтрвыбаркаму Расеі і беларускім прэзыдэнтам сталі падставай канфлікту. На думку Лук’янава, адказ трэба шукаць на ўзроўні кіраўніцтва дзяржаваў:

“Пасьля напружанасьці паміж Менскам і Масквой, якая дасягнула піку ў пачатку гэтага году, пасьля газавага і, асабліва, нафтавага канфліктаў, я думаю, гэта нейкі сыгнал, што Беларусь не задаволеная сваім становішчам у дачыненьнях з Расеяй, па-першае. Па-другое, атрымліваецца дзіўная гісторыя. З аднаго боку, Расея кажа абю неабходнасьці падвышэньня значнасьці гэтай арганізацыі, абмяркоўваюцца рэформы, мадэль дачыненьняў, але пры гэтым як бы на ключавыя пасады прызначаюцца тыя з расейскіх палітыкаў, якіх трэба некуды падзець, а куды – незразумела”.

На думку іншых экспэртаў, сама працэдура вылучэньня Аляксандра Вешнякова на пасаду выканаўчага сакратара СНД магла выклікаць нэгатыўную рэакцыю ня толькі ў беларускага прэзыдэнта, але і ў лідэраў іншых дзяржаваў.

• Чаму Лукашэнка пакінуў бяз працы Вешнякова?, 13.06.2007
XS
SM
MD
LG