Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўшчына: засталося мала грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца аздараўленьнем дзяцей


Радыё Свабода На Магілёўшчыне, паводле афіцыйнай інфармацыі, за летні пэрыяд плянуюць аздаравіць 54 тысячы дзяцей. На гэтыя мэты выдаткавана больш за 600 мільёнаў рублёў. Летам у рэгіёне будуць працаваць каля 600 летнікаў.

Як вынікае з афіцыйнай інфармацыі, штогод больш за 50 тысяч дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў выпраўляюцца на аздараўленьне ў замежжа. Найбольшую колькасьць дзяцей прымаюць Італія, Нямеччына ды Гішпанія. Колькі дзяцей наведваюць гэтыя краіны з Магілёўшчыны высьветліць не ўдалося. У аддзеле аздараўленьня Магілёўскага аблвыканкаму спаслаліся на адсутнасьць спэцыяліста, які валодае такой інфармацыяй.

Аздараўленьне за мяжой адбываецца пры пасярэдніцтве няўрадавых арганізацыяў краінаў, якія прымаюць нашых дзяцей. На Магілёўшчыне няўрадавых арганізацыяў, якія спэцыялізуюцца на аздараўленьні дзяцей, няма. Гэта гуманітарная сфэра цалкам манапалізавана дзяржавай.

Тым часам сытуацыя з захворваньнямі ў рэгіёне пагаршаецца. Гэта прызнаў у сваім выступе на жалобным чарнобыльскім мітынгу і старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў:

“На дыспансэрным уліку сёньня стаіць больш за 170 тысяч чалавек, з іх чвэрць дзеці і падлеткі. Аналіз структуры захворваньняў жыхароў вобласьці паказвае, што складаны стан іхнага здароўя. Усё часьцей адзначаецца рост шэрагу хранічных захворваньняў. Ня можа не турбаваць амаладжэньне хваробаў эндакрыннай сыстэмы і анкалягічных хваробаў”.

На пачатку 90-х у Магілёве дзейнічалі некалькі дзясяткаў дабрачынных арганізацыяў. Такія грамадзкія арганізацыі займаліся ня толькі пытаньнямі аздараўленьня, але і разьмяркоўвалі гуманітарную дапамогу. Найбуйнейшай зь іх быў камітэт “Дзеці Чарнобыля”, якім кіравала Натальля Рослава. У 1997 годзе камітэт зьліквідавалі. Ад таго часу ўдзел грамадзкасьці ў аздараўленьні дзяцей пачаў звужацца. Урэшце на сёньня ён цалкам заняпаў.
XS
SM
MD
LG