Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец праз суд дамагаецца аднаўленьня на працы


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня ў Першамайскім раённым судзе Віцебску будзе разглядацца пазоў маці былога палітвязьня Тацяны Севярынец аб аднаўленьні на працы. У гэтым жа судзе будзе разглядацца адміністрацыйная справа апазыцыянэркі Крысьціны Шацікавай, а ў судзе Віцебскага раёну – справа моладзевага актывіста Алеся Дзеравянкі.

Справа Тацяны Севярынец належыць да так званых грамадзянскіх справаў – праз суд яна хоча аднавіцца на працы ў сярэдняй школе №40. Настаўніцу расейскай мовы вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым працоўным стажам звольнілі нібыта за прагулы, аднак спадарыня Севярынец лічыць, што яе звольнілі паводле палітычных прычынаў. У часе працэсу, які распачаўся 6-га чэрвеня, яна неаднаразова падкрэсьлівала, што ў ранейшых гутарках загадчык адзела адукацыі неаднаразова раіў ёй перастаць займацца палітыкай ды зьмяніць свае апазыцыйныя погляды.

Напрыканцы сакавіка спадарыня Севярынец напісала заяву на адпачынак за свой кошт, якую падпісаў загадчык раённага аддзела адукацыі Уладзімер Шлома. Але праз колькі дзён ён адмяніў уласнае рашэньне, і, вярнуўшыся з адпачынку, Тацяна Севярынец даведалася, што прапусьціла 6 працоўных дзён. Спадарыня Севярынец мяркуе, што як звольнілі з парушэньнем працоўнага заканадаўства.

На мінулае судовае пасяджэньне прыйшлі бацькі пяціклясьнікаў, у якіх Тацяна Севярынец да звальненьня была класнай кіраўніцай. Дзеці напісалі ліст у аддзел адукацыі, каб не звальнялі іхную настаўніцу. Пісьмовага адказу яны не дачакаліся, аднак вусны адказ ад загадчыка, спадара Шломы, падчас суду атрымалі іхныя бацькі. Распавядае Тацяна Севярынец:

"Яны запыталіся ў Шломы, чаму ён не адказаў на ліст ад дзетак, а ён сказаў: "Пляваць я хацеў на вас і на вашых дзяцей! Зьявіліся сюды, зьявіліся вы тут!" Ён, мусіць, уявіць сабе ня можа, што з начальствам можна судзіцца. А ў мяне ўвогуле настрой баявы. Мы падрыхтавалі колькі хадайніцтваў, так што гэта – толькі пачатак".

Тацяна Севярынец будзе хадайнічаць, каб на судовы працэс у якасьці даверанай асобы дапусьцілі яе мужа Кастуся Севярынца. І ўвогуле гатовая, калі раённы суд ня прыме рашэньне на ейную карысьць, прайсьці ўсе магчымыя судовыя інстанцыі і дамагчыся перамогі.

А палове на трэцюю дня ў тым самым Першамайскім судзе будзе разглядацца справа яшчэ адной вядомай актывісткі – Крысьціны Шацікавай. Гэта працяг судовага працэсу, распачатага 9-га чэрвеня.

Крысьціну Шацікаву вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Падзеі, паводле якіх яе судзяць, адбыліся 6-га чэрвеня каля будынка суда Першамайскага раёну, дзе праходзіў працэс над Валерыем Шчукіным. Моладзь, у тым ліку і Крысьціна Шацікава, прыйшла падтрымаць журналіста і праваабаронцу. Міліцыянты палічылі іхныя дзеяньні незаконным пікетаваньнем, пачалі затрымліваць ды зьбіваць хлопцаў і дзяўчат. Фізычныя пашкоджаньні атрымаў і малодшы сын Шацікавай.

Амаль тыдзень Крысьціна з двума дзецьмі вымушана знаходзіцца ў Віцебску. Апошнімі днямі яна была сьведкай у іншых актывістаў, якіх судзілі паводле такіх самых абвінавачаньняў. За непадпарадкаваньне міліцыянтам і за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі грашовымі штрафамі ўжо пакараныя Генадзь Шарах, Андрэй Данілеўскі і Зьміцер Лісіенка. Сёньня ў судзе Віцебскага раёну будзе разглядацца справа Алеся Дзеравянкі, які таксама быў затраманы 6-га чэрвеня.

• Тацяна Севярынец спадзяецца на перамогу ў судзе, 071.06.2007 • Тацяна Севярынец зьвярнулася ў суд, 11.08.2004
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG