Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Алейнік: “Веру, што перамога магчымая”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – Юрась Алейнік з Маладэчна, які ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце быў адным з ініцыятараў кампаніі супраць скасаваньня студэнцкіх ільготаў. Юрася выключылі з Акадэміі нібыта за прагулы і цяпер ён судзіцца за аднаўленьне на вучобе.

Знаткевіч: “Скажыце калі ласка, у якой стадыі цяпер ваш судовы пазоў да Акадэміі кіраваньня?”

Алейнік: “Як па мне, дык зараз самая цяжкая стадыя – гэта стадыя чаканьня, бо тыдзень таму, у панядзелак 4 чэрвеня, я падаў зыскавую заяву ў суд Кастрычніцкага раёну Менску і дагэтуль чакаю нейкага выніку. Хоць дзяжурная судзьдзя сказала, што будзе адказ за тры дні, але вось ужо восем дзён – і ніякага адказу няма”.

Знаткевіч: “А паводле закону – за які тэрмін вам павінны нешта адказаць?”

Алейнік: “Калі не памыляюся, паводле юрыстаў і майго абаронцы, у суду ёсьць магчымасьць працягнуць гэты тэрмін да месяца. У гэты прамежак павінна быць прызначана дата суду ці павінна быць адмова і прычына адмовы”.

“Няма ілюзіяў наконт беларускай судовай сыстэмы”

Знаткевіч: “Вы разьлічваеце на перамогу ў судзе?”

Алейнік: “Я б сказаў так: калі адчуваеш праўду на сваім баку, то зразумела, што разьлічваеш на перамогу. Канечне, няма ілюзіяў наконт беларускай судовай сыстэмы, у першую чаргу таму, што яна не зусім разьвітая ў нас. Разьвітыя ўсе гэтыя заканадаўчыя акты, падзаконныя акты, бо нават прайшоўшы за гэтыя тры тыдні ўсе этапы ў Акадэміі, вышэй за Акадэмію – у адміністрацыю прэзыдэнта пісалі лісты, у суд падалі заяву – бачачы ўсе гэтыя юрыдычныя моманты адчуваеш, што вельмі шмат недахопаў. Ілюзіяў няма, але ёсьць вельмі сур''ёзная падтрымка, ёсьць салідарнасьць сяброў, знаёмых, журналістаў, шмат каго зь беларусаў, таму веру ў тое, што перамога магчымая”.

Знаткевіч: “Юрасю, якая была рэакцыя вашых аднагрупнікаў, іншых студэнтаў на Вашае выключэньне з Акадэміі?”

Алейнік: “Да мяне сапраўднае шчасьце было пабачыць рэакцыю аднагрупнікаў, людзей з паралельнай групы, бо ў той а дзень як даведаліся пра адлічэньне, студэнты пачалі збор подпісаў у маю падтрымку, і літаральна за адзін дзень было сабрана каля 250 подпісаў на факультэце, на іншых курсах – гэта было сапраўднае шчасьце бачыць такую салідарнасьць і падтрымку”.

Знаткевіч: “А як адрэагавалі Вашыя бацькі на Вашае выключэньне з Акадэміі і перад тым – на ўдзел у зборы подпісаў супраць скасаваньня ільготаў?”

Алейнік: “Бацькам, канечне, цяжка, бо калі нешта адбываецца, нейкія падзеі, яны зразумела хвалююцца за сваіх дзяцей, а ў іх акрамя мяне яшчэ двое сыноў, старэйшы брат і малодшы, і яны хвалююцца вельмі моцна. Маці з-за маёй нейкай грамадзкай актыўнасьці часткова губляе здароўе, у яе праблемы са здароўем, яна езьдзіць у Менск лекавацца з Маладэчна, але таксама, зь першай хвіліны, калі яны пачулі пра загад аб маім адлічэньні, гэта былі толькі словы падтрымкі. Яны кажуць: "Сынок, будзем разам". Таму я вельмі ўдзячны сваім бацькам за такую салідарнасьць і за тое, што яны гатовы ісьці да канца”.

Не галасаваў на выбарах – могуць выключыць за “парушэньне ўнутранага распарадку”

Знаткевіч: “А раней не было такога, маўляў, “трэба быць цішэй, ня лезьці ў палітыку, не бунтаваць” – такога вам не казалі?”

Алейнік: “Дастаткова цяжка сказаць, каб я не бунтаваў, бо я асабліва ніколі і не бунтаваў. Тое, што я раблю, я раблю ў межах існуючага нават у Беларусі заканадаўства, і раблю, лічу, тыя дзеяньні, якія спрыяюць разьвіцьцю Беларусі, грамадзкасьці Беларусі, бо ўсе арганізацыі, у якіх я зьяўляюся сябрам – гэта толькі зарэгістраваныя ў нашым міністэрстве юстыцыі арганізацыі. І сям’я мая такая, што мне ніколі ня кажуць – ня дзейнічай, не рабі. Калі яны бачаць, што гэта да справы і дапамагае неяк беларушчыне, нашай краіне, то такі крок як збор подпісаў за захаваньне льготаў студэнтам – гэта першае, што мы павінны зрабіць менавіта як студэнты. Таму толькі падтрымка ў такіх дзеяньнях”.

Знаткевіч: “Афіцыйная матывацыя Вашага адлічэньня з Акадэміі кіраваньня – пропускі заняткаў. Ці шмат Вы мелі пропускаў?”

Алейнік: “Я б крыху тут паправіў, бо афіцыйная фармулёўка гучыць "сыстэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правілаў нутранога распарадку", і толькі першае, што мне закідалі – гэта пропускі заняткаў. Бо калі пачаўся разбор, мне закінулі 22 гадзіны пропускаў заняткаў, гэта 11 лекцый і сэмінараў, у красавіку месяцы. Гэта толькі адзін момант. Бо калі пачалі разьбірацца і даведаліся, што няма нарматыўнай базы па колькасьці пропускаў і г.д. – у мяне ў гэтым сэмэстры няма ні вымоваў, ні папярэджаньняў, ні выклікаў на размову – то мне пачалі закідваць некаторыя пункты ўнутранага распарадку: актыўна ня ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці краіны. Ёсьць такі пункт ва ўнутраных правілах Акадэміі кіраваньня”.

Знаткевіч: “І за гэта можна выключыць з Акадэміі?”

Алейнік: “Нібыта так. Больш дэталёва: закідалі, што я не галасаваў на мінулых выбарах у мясцовыя саветы. Але я сапраўды не галасаваў, бо фізычна я ня мог галасаваць у Менску на сваім участку, бо ўвесь дзень з паловы восьмай раніцы да 12 ночы я знаходзіўся назіральнікам на выбарчым участку ў Маладэчне, быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты і наглядальнікам. Таму я лічу, што гэта таксама больш актыўная грамадзянская пазыцыя, чым проста прыйсьці і ўкінуць бюлетэнь у скрыню”.

Знаткевіч: “А вы спрабавалі суадносіць гэтыя закіды зь іншымі студэнтамі са сваёй групы? Ці ёсьць іншыя, хто не галасаваў на мясцовых выбарах, хто мае столькі ж пропускаў?”

Алейнік: “Наконт галасаваньня цяжэй, бо гэта сур''ёзная справа, і прыцягвалі ўсіх – загад быў, ня ведаю адкуль, але вось адчувалася, што быў загад, каб 100% прагаласавалі тэрмінова, і галасавалі амаль усе, бо ім дазвалялася потым зьяжджаць дахаты ці прапускаць заняткі, што даволі дзіўна. А што да пропускаў, то тут я правёў статыстыку ў сваёй групе, аб якой у студэнцкай газэце было напісана як аб лепшай па выніках зімовай сэсіі, дык вось толькі па сваёй групе я пабачыў, што кожны чацьвёрты мае больш за 20 гадзінаў пропускаў за месяц, а за сэмэстар – яшчэ больш. У маім загадзе аб адлічэньні, падпісаным 15 траўня, ёсьць яшчэ 22 чалавекі з вымовамі і 4 чалавекі якіх адлічылі разам са мной”.

“Праблемаў з вучобай не было ніколі”

Знаткевіч: “А ў вас былі праблемы з вучобай?”

Алейнік: “Дагэтуль у мяне праблемаў з вучобай не было ніколі. Я вельмі люблю вучыцца, скончыў школу з залатым мэдалём, я лічу гэта насамрэч залатым мэдалём, бо здаваў усё што было магчыма. Таксама ў Акадэміі я меў сярэдні бал сваёй залікоўкі 8,4 на ўсіх трох з паловай курсах.

Студэнцтва Беларусі хоча прыйсьці да таго, што калі ты вучысься нармалёва, у цябе няма праблемаў, ты жадаеш вучыцца, але ты паралельна займаесься яшчэ чымсьці, альбо яшчэ недзе навучаесься і ў цябе сутычкі паміж лекцыямі, маеш нейкае яшчэ жыцьцё, то гэта табе не перашкаджае ні ў якім разе.

Чалавек хацеў бы прыходзіць на сэмінары, практычныя заняткі і цудоўна здаваць сэсію, быць ня горшым спэцыялістам за іншых. У тым сэнсе што лекцыі, як у арыгінале яны ёсьць, гэта вялікая аўдыторыя, вялікая заля, куды ты прыходзіш і слухаеш дацэнта ці прафэсара, які дапамагае табе зразумець нейкі матэрыял, кніжку. Але нашто мне хадзіць на лекцыі, калі я магу тое самае прачытаць у кніжцы?

Я адвучыўся амаль чатыры курсы, і магу сказаць, што сапраўды бывае так вельмі часта, што выкладчык адкрывае кнігу і пачынае табе яе чытаць ад першай кропкі да апошняй, а ты толькі сядзіш і водзіш там пальцам. Ёсьць заняткі, на якіх чалавек бачыць, што губляе час. На жаль, у маладосьці час бяжыць вельмі хутка, таму чалавек можа заняцца нечым больш карысным, і я лічу, што так і павінна быць”.

“Мы сабралі вельмі шмат подпісаў у Акадэміі”

Знаткевіч: “Юрасю, чаму вы вырашылі зьбіраць подпісы супраць скасаваньня льготаў?”

Алейнік: “У той момант як я даведаўся пра гэтую грамадзкую кампанію, а гэта было праз інтэрнэт – я шмат часу праводжу, чытаючы навіны ў інтэрнэце – я нават не задумваючыся вырашыў, што калі ў Акадэміі гэтым яшчэ ніхто не заняўся, то я стану ініцыятарам, а калі заняўся – то я знайду гэтага чалаевка і буду яму апамагаць. Ніхто гэтым не займаўся, і я зьвязаўся зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам, які аказвае юрыдычную падтрымку. Я даведаўся ўсе юрыдычныя моманты, блянкі для подпісаў і г.д., і вырашыў зьбіраць подпісы, бо сам студэнт. Гэта проста жахліва, калі студэнтаў – я не кажу пра дзяцей да трох год, якім скасавалі грошы на лекі, пра пэнсіянэраў, пра ліквідатараў Чарнобыльскай трагедыі, пра аўганцаў – але я кажу пра тое, што мяне хвалюе. Мы сабралі вельмі шмат подпісаў у Акадэміі”.

Знаткевіч: “Вы не пагаджаецеся з аргумэнтамі прадстаўнікоў улады, што ў Беларусі зашмат людзей маюць ільготы?”

Алейнік: “Я пагаджуся часткова з гэтым выказваньнем, бо калі кажуць пра 70-75% людзей, якія маюць льготы, то гэта зашмат. І існуюць выпадкі, калі просты здаровы чалавек нейкім чынам падрабіўшы паперу ці дакумэнты таксама мае 50% льготу на праезд. Але гэтыя моманты трэба вырашаць кропкава, а ня так, што ўзяць і ўсім скасаваць. Як мы ведаем, няма ніякага законапраекту грашовай замены, кропкавай, адраснай падтрымкі... Кожны грамадзянін Беларусі павінен разумець, што калі ёсьць нейкі законапраект аб адмене льгот, то амаль у гэты ж дзень павінен быць прыняты законапраект, які перахапляе гэтую ініцыятыву і дае новы віток, новае разьвіцьцё падзеяў у гэтым накірунку.

Гэтага не адбылося, кажуць – гэта будзе. Паглядзім, як гэта будзе. У мяне таксама няма ілюзіяў наконт таго, што ўсе людзі будуць ахоплены гэтай дапамогай.

А кажучы пра студэнтаў – усе студэнты павінны мець льготы на праезд. Так ёсьць паўсюль. Я чуў выказваньні нашых прадстаўнікоў улады, што нібыта льготаў няма ў суседніх краінах, але ў мяне сябры ў Польшчы, ва Ўкраіне, у Літве і ў Расеі, і я ўжо з усімі паразмаўляў, і мне распавялі, якія льготы ёсьць. Да прыкладу: у Маскве, адным з самых дарагіх гарадоў, дзе студэнты могуць самі зарабляць грошы, студэнты маюць нашмат больш ільготаў, чым мы мелі да адмены”.

“Сёньня эканоміка сацыяльная, заўтра – лібэральная”

Знаткевіч: “Калі вы паступалі ў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце – пра якую кар’еру вы марылі?”

Алейнік: “На вялікай нарадзе ў сям''і мы вырашылі паступаць у Акадэмію кіраваньня, бо гэта такі гучны назоў, і я думаў, што атрымаю вельмі добрыя веды, і я рыхтаваўся стаць тым, як прапісана ў дыплёме: эканаміст, мэнэджар. У якой сфэры – прыватнай ці дзяржаўнай – гэта ўжо справа другасная, я думаю, чалавек павінен папрацаваць і там, і там.

Сёньня мне закідаюць: нашто ты паступаў са сваімі поглядамі ў прэзыдэнцкую акадэмію? Мы ведаем, у любой краіне, дэмакратычнай ці недэмакратычнай, сёньня адно дзяржаўнае кіраваньне, заўтра яно будзе крыху зьмененае ці кардынальна зьмененае, у тым ліку эканомікай – сёньня яна сацыяльная, заўтра лібэральная, і павінны рыхтавацца ўсе прафэсіяналы, усе спэцыялісты ў гэтых накірунках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG