Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль людзьмі: Беларусь трапіла ў “Watch List”


Іна Студзінская, Менск Cёньня на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША апублікавалі штогадовую “Справаздачу аб гандлі людзьмі”. Амаль дзьве старонкі прысьвечаныя Беларусі.

Такія справаздачы рыхтуюцца штогоду, пачынаючы з 2001-га.

Нацыянальная каардынатарка праграмы “La strada” Ірына Альхоўка азнаёмілася з дакладам яшчэ ўчора.

Яна адзначае, што ў дакумэнце шмат крытычных заўвагаў на адрас Беларусі:

“Магчыма, Дзярждэпартамэнт ставіў на мэце параўнаць сытуацыю, ацаніць прагрэс у параўнаньні зь мінулымі гадамі”.

Ад 2001 году Беларусь у такіх справаздачах была ў сярэдзіне другой катэгорыі краінаў — гэта дзяржавы, якія робяць значныя, але недастатковыя намаганьні, каб спыніць гандаль людзьмі.

У апошняй справаздачы Беларусь перасунулася бліжэй да трэцяй катэгорыі краінаў, дзе сытуацыя трывожная. Беларусь трапіла у так званы “Watch List” — у сьпіс краінаў, якія знаходзяцца пад пільным наглядам.

Нацыянальная каардынатарка міжнароднай праграмы “La strada” Ірына Альхоўка выказала такое меркаваньне:

“Калі казаць аб выснове ў справаздачы пра эфэктыўнасьць барацьбы з гандлем людзьмі, то гэтая эфэктыўнасьць павінна ацэньвацца ня толькі паводле колькасьці крымінальных справаў. Бо калі мы паглядзім на колькасьць крымінальных справаў, то іх заведзена больш за дзьве тысячы. Дзейнасьць павінна ацэньвацца і паводле колькасьці прысудаў. А яна малая, колькасьць прысудаў. Гэта адзін пункт, зь якім бы я пагадзілася”.

Нядаўна ў Беларусі разглядалі гучную судовую справу на кіраўнікоў мадэльных агенцтваў. Іх абвінавацілі ў стварэньні злачыннай арганізацыі для гандлю людзьмі й зводніцтва.

Дзесяць чалавек асуджаныя на тэрміны ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Але ня ўсе крымінальныя справы даходзяць да суду.

Яшчэ адна істотная заўвага з дакладу: дапамогу і падтрымку ахвярам гандлю людзьмі ў Беларусі аказваюць збольшага недзяржаўныя арганізацыі, а ня ўрад.

Гаворыць Ірына Альхоўка:

“Калі параўноўваць колькасьць грошай, якую выдаткоўвае дзяржава на фінансаваньне праваахоўнай дзейнасьці й дзейнасьці для аказаньня дапамогі пацярпелым, то тут лік на карысьць дзейнасьці, якая рэалізуецца праваахоўнымі органамі, пракурорскімі работнікамі й судовымі органамі. Напэўна, гэта адзін з паказчыкаў, які трэба палепшыць”.

Справаздача аналізуе ў асноўным працу дзяржаўных органаў. На жаль, сёньня атрымаць камэнтар супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў пра справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША аб гандлі людзьмі не ўдалося.

Як сказалі ў прэсавай службе, “з тэхнічных прычынаў” — справаздачу не пасьпелі перакласьці з ангельскай мовы.
XS
SM
MD
LG