Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Бабруйск: стыхійная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў</B>


Вячаслаў Кулік, Менск У выніку стыхійнай акцыі бабруйскіх прадпрымальнікаў мясцовыя ўлады пагадзіліся часова спыніць масавыя праверкі. У пятніцу мае прайсьці сумесны сход прадстаўнікоў прыватнага бізнэсу і кіраўнікоў гарвыканкаму, падатковай інспэкцыі, санэпідэмстанцыі й аддзелу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.

Сёньня на бабруйскіх рынках супрацоўнікі санэпідэмстанцыі, падатковай інспэкцыі ды аддзелу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пачалі масавую праверку прадпрымальнікаў.

Глядзелі сэртыфікаты якасьці на тавары. Калі дакумэнтаў не было, адразу афармлялі пратаколы канфіскацыі.

Пра супраціў гэтаму паведаміла Радыё Свабода Ірына Холад:

“На рынку, калі пачалі раніцай канфіскоўваць тавар, усе кінуліся абараняць адзін аднаго. Ніхто не працаваў. У нас гандлёвы дом “Вэстар”, 120 павільёнаў — цалкам зачынены. Усе дамы гандлю зачыненыя”.

У першай палове дня ў Бабруйску на плошчы Леніна ля гарвыканкаму сабралася амаль 150 прыватных прадпрымальнікаў. На перамовы зь імі быў накіраваны прадстаўнік выканкаму Максім Суботкін.

Пра зьмест гутаркі і яе вынікі інфармуе Алена Мядзьведзева — лідэрка рэгіянальнай арганізацыі “Рух за свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”:

“Улада саступае нашым патрабаваньням. Мараторый — да пятніцы. Гэта значыць, што санкцыяў пакуль ня будзе. А ў пятніцу ў мэрыю выклічуць начальніка падатковай інспэкцыі, начальніка санэпідэмстанцыі, увогуле ўсе структуры, якія канфіскуюць тавар. І мы будзем зь імі размаўляць”.

Цікаўлюсяў у спадарыні Мядзьведзевай: ці варта лічыць гэты вынік перамогай на сёньня?

“Вядома, канечне! Толькі выхад на вуліцу! Толькі гэта можа нечым дапамагчы прадпрымальнікам. Больш нічога. Яны нас пачулі сёньня”.

Начальнік аддзелу Бабруйскага гарвыканкаму Максім Суботкін сьцьвярджае, што страйк у Бабруйску ня мае палітычных матываў:

“Праблема носіць нібыта эканамічны характар. І я мяркую, што ў пятніцу мы плённа папрацуем. Выпрацуем рашэньне, каб яно не было стратным для прадпрымальнікаў. Зь іншага боку, гэта мусіць быць у межах дзейнага заканадаўства”.

Масавыя праверкі прадпрымальнікаў гэтымі днямі адбываліся ў Барысаве, Мазыры, Гомелі, Крупках ды Беразіно.

Спэцыялісты даводзяць, што гэта выклікана новым Адміністрацыйна-працэсуальным кодэксам. Ён пашырыў кола тых, хто можа ладзіць праверкі.

Пра магчымы большы ціск падатковай інспэкцыі кажа старшыня каардынацыйнай рады прыватных прадпрымальнікаў Беларусі Анатоль Зьмітрук:

“Раней падатковыя органы правяралі выплаты падаткаў, касавую дысцыпліну. Але там штрафныя санкцыі — 3—5 базавых велічыняў. Цяпер жа за парушэньні ў сэртыфікацыі штрафы — 30—50 базавых велічыняў. Уяўляеце розьніцу? А ў Беларусі цяпер штрафныя санкцыі — крыніца стабільных паступленьняў у бюджэт”.

• Прадпрымальнікі Бабруйску мітынгуюць, ashorror.livejournal.com, 13.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG