Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка злучыць Беларусь з Эўразьвязам


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў амбасадзе Літвы ў Беларусі прэзэнтавалі музычны фэстываль, што адбудзецца на мяжы Эўразьвязу і Беларусі. Ён ладзіцца напрыканцы жніўня ў літоўскіх Нарвялішках, за 50 мэтраў ад беларускай мяжы. Арганізатары фэсту запрасілі паўдзельнічаць у ім вядомыя беларускія, літоўскія ды польскія гурты. Мяркуюць сабраць 25 тысяч гледачоў.

Музычны памежны фэст пройдзе ў рамках спэцыяльнага праекту “be2gether”.

Мэта фэстывалю — падкрэсьліць культурнае адзінства эўрапейскіх нацыяў.

Канцэрт у Нарвялішках, кажа дырэктар фэсту Гедрус Клімкявічус, нагадае пра адзінства літоўцаў ды беларусаў:

“Усе ведаюць, што чатыры стагодзьдзі таму на гэтай тэрыторыі была адна краіна, адна культура. Пасьля нас разьдзялілі дзяржаўныя межы. І калі казаць вельмі коратка, дык вось на гэта мы і хочам зьвярнуць увагу”.

Спадар Клімкявічус кажа: у Літве многія ведаюць пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў ізаляцыі праз палітычную сытуацыю.

Выпраўляць яе трэба самымі рознымі сродкамі, лічыць дырэктар фэстывалю:

“Музыка злучае. Людзей злучае культура. І я думаю, што праз музыку мы злучымся зноў”.

“Калі ўлады Беларусі прымуць эўрапейскія каштоўнасьці?”

“Ну, чаму толькі эўрапейскія? Агульначалавечыя каштоўнасьці”, — адказвае дырэктар фэсту Клімкявічус.

Сярод запрошаных беларускіх гуртоў — “Drum Ecstasy”. Ягоны лідэр Філіп Чмыр згадвае, што раней ён ды іншыя менскія музыкі амаль штотыдзень езьдзілі да сяброў у Літву:

“І таму для нас гэты фэст — чарговыя ўспаміны, чарговыя кантакты. І мы спадзяемся ў будучыні больш працаваць у Літве. Кожны такі вялікі фэстываль у Літве цягне за сабою шмат маленькіх. Там іх вельмі многа. І таму пасьля ўдзелу ў вялікім фэсьце можна год-два наведваць Літву, так бы мовіць, з культурнай місіяй”.

Арганізатары фэсту абяцаюць, што музыка будзе гучаць тры дні й чатыры ночы. І яна задаволіць самыя розныя музычныя густы Прыкладам, Літву прадставяць рок-зоркі — Андрус Мамантавас, гурты “IR” і “Mountainside”.

Сярод гэдлайнэраў фэсту — польскі гурт “Myslovitz”, а таксама “Poets of the Fall” зь Фінляндыі, “Leaves” зь Ісьляндыі, брытанцы “Joana & the Wolf” ды іншыя.

Разам плянуецца запрасіць каля трыццаці гуртоў — дзесяць выступаў на кожны з фэстывальных дзён. Канцэрты пройдуць на дзьвюх сцэнах, якія паўстануць недалёка ад Нарвяліскага палацу.
XS
SM
MD
LG