Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка пакінуў бяз працы Вешнякова?


Ігар Карней З крамлёўскіх крыніцаў прыйшлі зьвесткі, што Аляксандар Лукашэнка не падтрымаў кандыдатуру экс-кіраўніка Цэнтравыбаркаму Расейскай Фэдэрацыі Аляксандра Вешнякова. Крэмль вылучаў яго на пасаду кіраўніка выканкаму СНД. Беларускія палітолягі кажуць, што кіраўнік Беларусі ўбачыў асобу, якая можа праводзіць незалежную пазыцыю.

Трохгадовы тэрмін паўнамоцтваў дзейнага старшыні выканкаму СНД Уладзімера Рушайлы фармальна заканчваецца 14 чэрвеня.

Але, мяркуючы па ўсім, яму давядзецца затрымацца ў сваім крэсьле да восені, калі напачатку кастрычніка ў Душанбэ будзе афіцыйна прадстаўлены новы кіраўнік выканкаму СНД.

Як паведамляюць расейскія мэдыі, падрыхтаванага на гэтую пасаду экс-кіраўніка Цэнтравыбаркаму Расеі Аляксандра Вешнякова падчас нефармальнага саміту ў Санкт-Пецярбургу 10 чэрвеня “заблякаваў” Аляксандар Лукашэнка.

Паводле прававых нормаў, зацьвярджэньне кандыдатуры старшыні адбываецца ў выніку кансэнсусу кіраўнікоў Судружнасьці і любы прэзыдэнт можа накласьці вэта на рашэньне, чым нібыта і скарыстаўся Лукашэнка.

У прэсавай службе беларускага прэзыдэнта паведамілі, што ўсе перамовы ў Санкт-Пецярбургу адбываліся за зачыненымі дзьвярыма і ніякай інфармацыі на гэты конт няма. У атачэньні Вешнякова гэтаксама заявілі, што ад кантактаў з прэсай той адмаўляецца.

Аляксандар Фядута: “Лукашэнка пабаяўся незалежнага Вешнякова”

Што магло не задаволіць беларускага лідэра ў кандыдатуры Вешнякова? Як лічыць палітоляг Аляксандар Фядута, калі чалавек хоча працаваць на дзяржаўнай пасадзе, ня варта дэманстраваць сваю незалежнасьць ад прэзыдэнта Беларусі.

Адрозна ад свайго папярэдніка Юр’я Ярава, які, паводле Фядуты, у дадатак да пэнсіі атрымліваў заробак і нікуды “не высоўваўся”, Уладзімер Рушайла паказаў сябе досыць самастойным палітыкам.

Незалежнасьць Вешнякова магла набыць яшчэ больш адчувальныя рысы, мяркуе Фядута:

“Лукашэнка зыходзіць з таго, што кіраўнік выканкаму СНД, які ніякім чынам не залежыць ад яго, гэта вораг. Ён ужо ўбачыў гэта на прыкладзе Рушайлы. Вешнякоў на чале выканкаму СНД быў бы фігурай таксама дастаткова незалежнай.

Як ён і быў фігурай незалежнай на чале ЦВК Расейскай Фэдэрацыі. Не такой незалежнай, як магчыма, хацелася б расейскім дэмакратам, але ўсё ж гэта быў чалавек з пэўным бачаньнем таго, як павінна разьвівацца Расея.

І тыя выказваньні, якія, напрыклад, дазваляў сабе спадар Вешнякоў наконт выбараў у Беларусі, таксама не павінны былі задавальняць Лукашэнку. Адбылося тое, што і мела адбыцца: Лукашэнка паказаў, што ён зьяўляецца адным з кіраўнікоў дзяржаваў Судружнасьці і сёньня зь ім трэба лічыцца”.

Уладзімер Рыжкоў: “Вешнякоў бясьпечны для аўтарытарных рэжымаў”

Згаданыя спадаром Фядутам расейскія дэмакраты не падзяляюць аптымізму наконт пераўтварэньняў, якія ў тэорыі мог бы ажыцьцявіць Аляксандар Вешнякоў на пасадзе кіраўніка выканкаму СНД.

Сустаршыня Рэспубліканскай партыі Расеі, дэпутат Дзяржаўнай думы Ўладзімер Рыжкоў кажа, што Вешнякоў ніколі не выяўляў прагі да легалізацыі палітычных свабодаў:

“Я не лічу Вешнякова хоць якой самастойнай фігурай. І хачу нагадаць, што менавіта пад яго кіраўніцтвам, зь яго згоды і пры ягоным непасрэдным удзеле было кардынальна зьмененае расейскае выбарчае заканадаўства ў бок яго радыкальнага пагаршэньня.

То бок, ён нясе простую пэрсанальную адказнасьць за стварэньне антыдэмакратычнага аўтарытарнага выбарчага заканадаўства ў Расеі, якое вельмі нагадвае сабой беларускае заканадаўства. Таму мне падаецца, што ніякай небясьпекі для аўтарытарных рэжымаў кшталту беларускага ён не ўяўляе.

Іншая рэч, што ў Лукашэнкі, ня выключана, былі якіясьці асабістыя матывы ці нейкія свае разьлікі адносна фігуры старшыні гэтай структуры. Але маляваць Вешнякова дарадцам і абаронцам дэмакратыі, змагаром за палітычныя свабоды проста несур’ёзна”.

Паводле вэрсіі расейскага выданьня “КоммерсантЪ”, у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка дзейнічаў “у змове” зь дзейным выканаўчым сакратаром СНД Рушайлам, які нібыта хоча захаваць за сабой гэтую пасаду. Дарэчы, летась, пасьля агалошаньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, Рушайла ацаніў тыя выбары як “свабодныя, адкрытыя й транспарэнтныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG