Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры мелі сустрэчы ў літоўскім сойме


Тацяна Поклад, Вільня Двухдзённая канфэрэнцыя “Рэалізацыя стратэгіі аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якая была прынятая на Кангрэсе дэмсілаў” пачалася сёньня ў Вільні. Каля 70 удзельнікаў форуму маюць выпрацаваць праграму канкрэтных дзеяньняў паводле прынятай на апошнім Кангрэсе стратэгіі.

У канфэрэнцыі бяруць удзел чатыры сустаршыні Палітрады. Напярэдадні В.Вячорка, С.Калякін, А.Лябедзька і А.Ляўковіч сустрэліся ў Сойме Літвы з кіраўнікамі дзьвюх парлямэнцкіх групаў для сувязяў зь Беларусьсю.

Раса Юкнявічэне, якая другую кадэнцыю ў Сойме Літвы ачольвае парлямэнцкую групу “За дэмакратычную Беларусь”, адзначае, што прыезд лідэраў беларускай апазыцыі ў Вільню быў сапраўды патрэбны:

“І на Захадзе, наколькі я ведаю, і ў нас тут, у суседняй зь Беларусьсю Літве, зьявілася заклапочанасьць, што цяпер у Беларусі няма аднаго прызнанага ўсімі лідэра і апазыцыю ачольвае калектыўны лідэр.

Я думаю, мы мусім прыняць выбар саміх беларусаў і падтрымліваць тыя сілы, якія маюць найбольш глыбокія дэмакратычныя традыцыі і вельмі добра разумеюць унутраную сытуацыю ў Беларусі.

Будзе вельмі шкада, калі мы страцім напрацаванае цягам дзесяцігодзьдзяў кантактаў зь беларускай апазыцыяй. Я спадзяюся, што Аляксандар Мілінкевіч таксама далучыцца да агульнай працы. Я маю ўражаньне, што чацьвёра сустаршыняў цяпер аб''яднаныя больш, чым калі-небудзь раней. Яны прынялі сваю стратэгію, спрабуюць вызначыць канкрэтныя крокі, і мы ўсе на Захадзе, думаю, мусім гэта прыняць як іх рашэньне”.

Кіраўнік парлямэнцкай групы “Для сувязяў зь Беларусьсю” Вацлаў Станкевіч адзначае, што яго група разьвівае дачыненьні з усёй Беларусьсю, у тым ліку і з той яе часткай, якая прадстаўляе розныя беларускія апазыцыйныя сілы:

“Я добра ведаю што адбывалася на апошнім Кангрэсе дэмсілаў, прадстаўнік нашай парлямэнцкай групы прысутнічаў там па маёй просьбе.

Я ўпэўніўся, што сустаршыні поўныя рашучасьці працаваць і далей, толькі я ня упэўнены, што цяперашнія чатыры кіраўнікі падрыхтаваныя для працы на міжнароднай арэне – магчыма, з часам гэты прабел будзе запоўнены”.

Чалец парлямэнцкага камітэту міжнародных дачыненьняў В.Станкевіч адзначыў, што лідэры часткі апазыцыйных сілаў Беларусі – не адзіныя прадстаўнікі Беларусі, зь якімі будуць мець дачыненьні краіны Эўразьвязу:

“Сустаршыні маюць досьвед працы ў Беларусі, і час пакажа, якой будзе далейшая іх праца. Думаю, гэтыя лідэры разумеюць, што ў міжнароднай сфэры Аляксандар Мілінкевіч рабіў вялікую працу для дэмакратычных сіл, і цяпер ім трэба ці дамаўляцца зь ім, ці самім выконваць гэтую працу.

Літоўская парлямэнцкая група дачыненьняў зь Беларусьсю арыентуецца ня толькі на апазыцыю. Для нас вельмі важна і дорага ўсё, што беларускае, таму нашая ўвага – да беларускага народу, да моладзевых арганізацыяў, да грамадзкіх суполак, да афіцыйнага Менску і таксама да апазыцыі. Дзьверы адчыненыя і для апазыцыі, але гэта не азначае, што група будзе арыентавацца толькі на працу з апазыцыяй, нашая мэта – як мага лепшыя стасункі паміж нашымі народамі”.

• Сустаршыні Палітрады сустрэнуцца зь літоўскімі дэпутатамі, 12.06.2007 • Чаму апазыцыя зноў зьбіраецца за межамі Беларусі?, 12.06.2007 • У Сойме Літвы створана група “Для сувязяў зь Беларусьсю”, 3.04.2007
XS
SM
MD
LG