Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мой дзед лічыць сябе звычайным беларускім мільярдэрам”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Лічыцца, што людзі сталага веку, пэнсіянэры — найбольш надзейнае сацыяльнае апірышча цяперашняй улады.

Але настроі і ў гэтым асяродзьдзі супярэчлівыя й зьменлівыя. Асабліва ў тыя пэрыяды, калі ўлада прымае рашэньні, што наўпрост датычаць сыстэмы сацыяльнай абароны — як гэта здарылася нядаўна з адменай ільготаў.

Пра гэта сьведчыць і пошта “Свабоды” значную частку якой складаюць лісты ад пэнсіянэраў альбо ад імя пэнсіянэраў.

З аднаго з такіх допісаў пачну сёньняшнюю размову. Аўтар гэтага электроннага ліста — Марк Саньнікаў, які падпісаўся як “унук прагрэсіўнага дзеда”:

“Напісаць вам мяне прымусіў мой 90-гадовы дзед Сямён Маркавіч. Доўгія гады ён слухае разнастайныя заходнія радыёстанцыі, і ваша радыё ў прыватнасьці. З раніцы начытаўшыся і наглядзеўшыся афіцыйных газэтаў і тэлебачаньня, зь вялікім нецярпеньнем чакае 18.00, калі выйдзе ў эфір чарговы выпуск “Свабоды”.

Пасьля салодкіх “рэкордаў” і “посьпехаў” ужо вельмі хочацца яму рэальнага інфармацыйнага расолу дзеля адэкватнага ўспрыманьня таго асяродзьдзя, у якім ён жыве. Ягоны аналітычны розум старога чалавека часам захапляе нават маладых людзей. Ну, а высновы і пытаньні могуць загнаць у кут нават самых дасьведчаных прамоўцаў.

Ён шмат памятае. Напрыклад, пасьляваеннае зьніжэньне коштаў на харчы. Альбо савецкі хлеб коштам 16—20 капеек. А вось цяпер ніяк ня можа зразумець, чаму бохан сёньняшняга хлеба каштуе больш за мільён рублёў (з улікам “неадрэзаных” падчас дэнамінацыі нулёў).

Дазваляючы сабе на вялікія сьвяты гарэлку, не забывае нагадаць, што купіў яе ў краме больш за пяць мільёнаў “лукеранак”, — гэтак жа, як ягоны дзед некалі траціў на гэта мільёны “керанак”.

Ён не крыўдуе, калі яго называюць “старым маразматыкам”, але заўсёды згадвае таго дурня, які сваімі разумнымі пытаньнямі обламаў дзясятак мудрацоў.

Перажыўшы бацьку ўсіх народаў таварыша Сталіна і назьбіраўшы сабе на асабістае пахаваньне мільён рублёў пры цяперашнім “бацьку”, Сямён Маркавіч наказвае пахаваць яго як “мільярдэра” — на што мае поўнае права, зыходзячы зь лёгікі сваіх развагаў.

Ну, а што датычыць адмены льготаў для састарэлых “мільярдэраў”, то якія могуць быць ільготы мультыбагатым старым, якія дзяцінеюць ад неразуменьня таго, што адбываецца наўкол..

Яшчэ ён ня можа зразумець канцэртных праграмаў “За незалежную Беларусь”, і часта пытаецца: “Што, мы ў сябе ў краіне ўжо дастаткова здабываем нафты і газу, каб быць незалежнымі? Відаць, у нас зьявілася сакрэтная зброя ў выглядзе скразной сьвідравіны аж да Вэнэсуэлы ды Ірану”.

Хоць я стаўлюся да свайго дзеда з павагай, але на пастаўленыя ім пытаньні адказаць часам не магу, хоць абмежаваным сябе не лічу. Можа, вы яму больш даходліва патлумачыце ў сваіх перадачах, чаму ён у такой квітнеючай краіне і пры такіх вялізных грошах — і не алігарх.

Патлумачце яму, старому, што ў нашай краіне не прынята пытаць уладу, дзе грошы. Інакш адказ давядзецца шукаць у мясьцінах ня надта аддаленых на працягу пяці з паловай гадоў. З павагай – унук прагрэсіўнага дзеда Марк Саньнікаў”.

Гэты электронны ліст напісаны па-расейску, але да яго далучаная невялікая прыпіска на беларускай мове наступнага зьместу:

“Дзед вельмі любіць і добра разумее беларускую мову, але недастаткова ёй вылодае, бо з паходжаньня ён — рускі чалавек зь вялікім сэрцам, якое баліць за родную Бацькаўшчыну”.

Ваш дзед, спадар Саньнікаў, цудоўна разумее тое, што наўкол адбываецца, і ня мае патрэбы ні ў якіх асаблівых дадатковых тлумачэньнях.

Ягоныя іранічныя пытаньні й саркастычныя камэнтары — гэта рэакцыя на сёньняшнюю рэчаіснасьць старога мудрага чалавека, які столькі перажыў і гэтулькі ўсяго пабачыў, што ўжо мала чаму зьдзіўляецца. Хіба толькі чалавечаму глупству, якое качуе зь веку ў век, з эпохі ў эпоху.

Кожнаму новаму правадыру здаецца, што ён-то разумнейшы за сваіх папярэднікаў, што ён пазьбегне іхных памылак і хібаў. І тым ня менш, гэтак жа наступае на тыя самыя граблі. Можа, таму, што прага ўлады й імкненьне любой цаной утрымаць гэтую ўладу ў сваіх руках мала мяняюцца на працягу стагодзьдзяў.

А ўвогуле, Сямёну Маркавічу, хутчэй за ўсё, патрэбны ня столькі адказы на свае вострыя іранічныя пытаньні, колькі зацікаўлены суразмоўца, жывая душа побач. Думаю, спадар Саньнікаў, вы і сам гэта разумееце.

Наш слухач Міхаіл Леках. з Рыгі доўгі час заклапочаны праблемамі правоў чалавека ў краінах Балтыі й Польшчы, і не задаволены тым, што заходняя супольнасьць пільную ўвагу зьвяртае на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Слухач піша:

“Шэраг вашых перадачаў я ацэньваю нэгатыўна, паколькі яны фармуюць у беларусаў, як бы гэта мякчэй сказаць, комплекс непаўнавартаснасьці. У гэтых перадачах суседнія краіны падаюцца ў выглядзе нейкай аазы дабрабыту, дзе нібыта цякуць малочныя рэкі ў кісельных берагах. А гэта ж ня так.

Да прыкладу, у Латвіі цяпер такія сацыяльныя ды эканамічныя праблемы, што беларускія праблемы выглядаюць на іх тле толькі ценем.

А што адбываецца ў Польшчы, прадстаўнікі якой любяць вучыць Беларусь? Аб’ектыўна, паводле зьвестак “Эўрастат”, Польшча вось ужо больш як дзесяць гадоў — самая карумпаваная і зладзейская краіна ў Эўропе. Не зьмянілася яна і пасьля таго, як далучылася да Эўразьвязу.

І вось асобы, якія вядуць рэй у карумпаванай Польшчы, павучаюць Беларусь. Не выпадкова сярод іх нядаўна апынуліся польскія прадстаўнікі — дэпутаты Януш Анышкевіч ды іншыя.

Ня так даўно польскія калегі даслалі публікацыю пра тое, як адна полька выйграла справу супраць польскай дзяржавы.

Яна хацела зрабіць аборт паводле мэдычных паказаньняў. Ёй адмовілі, а ў выніку родаў яна амаль асьлепла. Вось такія правы жанчын у Польшчы. І Страсбурскі суд прысудзіў ёй грашовую кампэнсацыю, якую ёй павінна выплаціць польская дзяржава. Такі вось жахлівы выпадак”.

Дапускаю, спадар Леках, што ўсё гэтак у Латвіі і Польшчы і ёсьць на самай справе: і шматлікія сацыяльныя праблемы, і высокая карумпаванасьць, і злоўжываньні ў мэдыцыне… Усё гэта, дарэчы, уласьціва і для Беларусі.

Вось толькі ў Латвіі ды Польшчы пра гэта можна адкрыта пісаць у любых сродках масавай інфармацыі, шырока абмяркоўваць, абараняць свае правы ў незалежных судах. І, як паказвае практыка, грамадзяне выйграюць судовыя працэсы супраць сваёй дзяржавы і ў выніку атрымліваюць зь бюджэту пажыцьцёвыя кампэнсацыі.

Паспрабавала б ахвяра мэдычнай памылкі выйграць суд у беларускай дзяржавы і атрымаць ад яе такую кампэнсацыю.

І на дапамогу Страсбурскага суду беларускім грамадзянам у такіх сытуацыях разьлічваць не выпадае: Беларусь, адзіная з эўрапейскіх дзяржаваў, не ўступіла ў Раду Эўропы і не падпадае пад юрысдыкцыю гэтага суду.

Наш слухач Пётар Навіцкі.зь Менску ў сваім лісьце абмяркоўвае праблемы жыльлёва-камунальных службаў:

“Я ведаю, куды зьнікаюць грошы, якія мы штомесяц плацім за камунальныя паслугі. Нядаўна мне самому давялося сутыкнуцца з гэтай сыстэмай. Я быў у шоку.

На працы ў камунальнікаў лічыцца вялізная колькасьць так званых “мёртвых душ”. Сваякі начальства, майстроў, юрыстаў, бугальтараў, эканамістаў… Далучаюць да справы нават п’яніц ды інвалідаў. Іхныя карткі на атрыманьне грошай — у кішэні брыгадзіра ці майстра. А ім выдаецца нейкая нязначная сума толькі на прапой.

Падвойныя стандарты — паўсюль. Так, для скаргаў насельніцтва вядзецца “чорная” кніга, а для праверак кантралёраў ёсьць кніга “белая”, дзе ўсё нібыта ў парадку.

Сьлесары, сантэхнікі працуюць па заяўках толькі за наяўны разьлік. Грошы робяцца на ўсім — спэцадзеньні, мыйных сродках, прыладах, веніках… Усё толькі на паперы, фактычна нічога не выдаецца.

Ёсьць ЖЭСы, дзе начальнікі мяняюцца штогод: нажываюцца і сыходзяць. Асабліва калі вядзецца капітальны рамонт дому. Вось дзе залатое дно для прайдзісьветаў.

Скаргі ад жыхароў ідуць па ўсіх інстанцыях. Але ўрэшце яны перасылаюцца тым, на каго людзі скардзяцца. Атрымліваецца нейкае зачараванае кола, у якім начальнікі розных ЖРЭУ і ЖЭСаў адчуваюць сваю поўную беспакаранасьць і ўсёдазволенасьць.

Да чаго мы дажыліся: нармальны чалавек ня мае ніякіх шанцаў, каб прыстойна жыць”.

Магчыма, у чымсьці вы, спадар Навіцкі, згушчаеце фарбы, але ў цэлым усе гэтыя хібы, сапраўды, уласьцівыя беларускай камунальнай гаспадарцы. Нават дзяржаўныя чыноўнікі ўсьведамляюць, што манапалізм ЖЭСаў завёў усю сыстэму ў тупік.

Але сытуацыя не такая безнадзейная. Альтэрнатыва дзяржаўным ЖЭСам ёсьць — гэта таварыствы уласьнікаў, так званыя “кандамініюмы”. У Менску ды іншых буйных гарадах іх створана ўжо нямала.

За ўзор узятая сыстэма, якая даўно дзейнічае ў заходніх краінах. Людзі самі выбіраюць сабе кіраўніцтва дому, самі наймаюць на працу сантэхнікаў і прыбіральшчыц, самі кантралююць, як трацяцца грошы.

У доме, дзе я жыву. таксама нядаўна створанае такое таварыства. Мушу сказаць, што за некалькі месяцаў усе жыхары заўважылі зьмены ў лепшы бок. І гэта пры тым, што плата за камунальныя паслугі ў параўнаньні з папярэднім часам нават зьнізілася.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG