Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У іншых выпадках прэзыдэнт лічыць за лепшае жанр маналёгу”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 13 чэрвеня ў розныя гады мінулага.

“У Менску створаны навукова-дасьледчы інстытут гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, які зьяўляецца філіяй інстытуту Маркса — Энгельса — Леніна — Сталіна, — паведамляе ў 1947 годзе “Советская Белоруссия”. — Пачаліпераклады на беларускую мову твораў клясыкаў марксізму-ленінізму, а таксама распрацоўка прац і дакумэнтаў па гісторыі КП(б)Б. Сэктар перакладаў інстытуту наладзіў выданьне на беларускай мове кароткай біяграфіі таварыша Сталіна, падрыхтаваў да друку на беларускай мове першыя тры тамы збору твораў У.І.Леніна і тры тамы твораў І.В.Сталіна”.

Пад загалоўкам “Пэрсікі прасоўваюцца на Поўнач” “Знамя юности” ў 1957 годзе паведамляе з Пружанаў: “Цяпер — гэта стромкія пладовыя дрэвы з шырокай прыгожай кронай. Каб пазьбегнуць псаваньня пяшчотных пабегаў і кары саджанцаў ад маразоў і даць ім магчымасьць паступова прывыкнуць да нашых беларускіх зімаў, юнаты на зіму рупліва абгортвалі дрэвы саламянымі матамі, а вершаліну накрывалі саламяным каўпаком... Цяпер на іхных галінах зьявіліся завязі пладоў — пэрсікаў! Разьвядзеньне ў Пружанах пэрсікаў будзе працягвацца”.

“Свабода”, год 1997. Аляксандар Старыкевіч піша: “Лукашэнку можна, канешне, лічыць таленавітым палітыкам, аднак толькі па мерках каменнага веку, калі ўся палітыка вяршылася ўдарам дубіны па галаве праціўніка. Дакладна гэтак жа дзейнічае сучасны палітычны нэандэрталец, які апынуўся на чале Беларусі. Здачы ён дагэтуль ні ад каго не атрымаў. Імідж Лукашэнкі як майстра-аратара існуе дзякуючы таму, што ён пачынае дыскусію толькі з загадзя слабейшым апанэнтам. У іншых выпадках прэзыдэнт лічыць за лепшае жанр маналёгу, які, безумоўна, засвоіў няблага”.
XS
SM
MD
LG