Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску шукаюць аўтараў улёткі “На ахове калгаснага фашызму”


Вячаслаў Кулік, Менск У Пінску лідэраў суполак апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацый выклікалі ў пракуратуру з мэтай высьветліць, хто выдаў улётку пад загалоўкам “На ахове калгаснага фашызму”.

Першым у пракуратуру Пінска быў выкліканы старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ Аляксандар Рамановіч. Ён кажа, што позву атрымаў, як сьведка. Але адказваць на пытаньні спадар Рамановіч адмовіўся і патлумачыў гэта тым, што пракуратура сама парушае правы грамадзян:

“Ні крымінальная, ні адміністрацыйная справа не заведзеныя. І мне не былі пісьмова патлумачаныя мае правы. Я адмовіўся даваць усялякія тлумачэньні.”.

Са словаў Аляксандра Рамановіча, ён абскардзіць дзеяньні сьледчага пінскай пракуратуры Дзьмітрыя Ліры.

Цікаўлюся ў спадара Ліры, якія ён мае юрыдычныя падставы турбаваць людзей:

“Я – асоба, якая праводзіць праверку. Маю права выклікаць грамадзяніна, які, мяркую, можа мець да гэтай праверкі якія-небудзь адносіны. Для тлумачэньня. Апазыцыя ці не апазыцыя. Ён мусіць зьявіцца па выкліку органа, які вядзе праверку, дасьледаваньне і гэтак далей”.

Аналягічныя позвы зь Пінскай пракуратуры атрымалі: Аляксандар Аўсеенка, Канстанцін Чувак, Павал Ляхновіч, Віктар Ярашук і іншыя – агулам 11 грамадзкіх актывістаў. Усе яны летась перад прэзыдэнцкімі выбарамі, а таксама сёлета паводле розных падставаў былі пакараныя штрафамі і арыштамі. Віктар Ярашук тлумачыць:

“Я папрасіў паказаць улёткі, пачытаў. Зьвярнуў увагу на недарэчнасьці. Нават тэрміны, якія мы адбывалі, не супадаюць. Калі б гэтую ўлётку складалі людзі, якія сядзелі, то напісалі б правільна. Таму ці варта гэтых людзей турбаваць? Але ж сьледчы сказаў, што яму аддадзены загад, ён гэта выконвае”.

На Берасьцейшчыне за пэрыяд ад прэзыдэнцкіх выбараў былі аштрафаваныя і асуджаныя больш як 100 сябраў апазыцыі. Гэтыя зьвесткі падае Юрась Губарэвіч – каардынатар руху "За Свабоду”.

“Я лічу, што гэта працяг кампаніі запалохваньняў. Пракуратура й міліцыя шукаюць усялякія падставы, каб штомесяц нагадаць асабліва актыўным людзям, што займацца палітычнай дзейнасьцю у нашай краіне небясьпечна”.

• Пінск: старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ асудзілі на 5 сутак, 22.04.2007 • Пінск: кандыдат у дэпутаты арыштаваны на 5 сутак, 13.01.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG