Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя аналітыкі адзначаюць рост ваенных выдаткаў у Беларусі


Алена Струвэ, Менск Паводле Стакгольмскага інстытуту праблем міру (SIPRI) за апошнія два гады беларускія выдаткі на вайсковую сфэру ўзрасьлі на 56%, што зьяўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у сьвеце. А амэрыканскі аналітычны цэнтар Forecast International зазначае, што Беларусь займае высокую пазыцыю і сярод краін-пастаўшчыкоў зброі.

У сваёй справаздачы аналітыкі Стакгольмскага інстытуту праблемаў міру падаюць як кароткатэрміновую, так і доўгатэрміновую дынаміку выдаткаў на ўзбраеньне ў самых розных краінах сьвету. Так, за апошнія дзесяць гадоў колькасьць ўзбраеньняў паменшылася толькі ў Заходняй Эўропе ды Цэнтральнай Амэрыцы. Самую высокую дынаміку ў галіне нарошчваньня ваеннага патэнцыялу за кароткі час дэманструюць постсавецкія рэспублікі Азэрбайджан ды Беларусь. Трэцюю пазыцыю займаюць ЗША, чацьвертую – Расея.

Тым часам амэрыканскі стратэгічны цэнтар Forecast International у сваім апошнім дасьледаваньні ўказвае на пэўны фэномэн ізаляванай ад усёй Эўропы Беларусі. Паводле аналітыка Дэна Дарлінга, Беларусь з’яўляецца вельмі цяжкім выпадкам для дасьледчыкаў.

“Нягледзячы на сумнеўнасьць рэжыму Лукашэнкі, краіна фактычна ня ўдзельнічала ў аніводнай вайне з суседзямі, ня мае аніякіх агрэсіўных тэрытарыяльных праектаў, і, наколькі вядома, не дае прытулку ды не праводзіць вучэньняў для тэрарыстычных групаў унутры краіны”,– сьведчыць Дэн Дарлінг.

Аналітык адначасна зьвяртае ўвагу: у Беларусі назіраецца рост вайсковага патэнцыялу. На беларускі абаронны сэктар пад эгідай Дзяржкамваенпраму цяпер працуюць 30 прадпрыемстваў і 15 праектна-дасьледных бюро. Беларусь актыўна экспартуе зброю ў гэтак званыя краіны-ізгоі.

Апошнім часам А. Лукашэнка ладзіць блізкія дачыненьні зь Кітаем, Іранам, Вэнэсуэлай. Пару месяцаў таму Менск публічна прапанаваў Каракасу пастаўку ракетных сыстэмаў “зямля – паветра” праз фірму Tetraedr, піша заходні экспэрт.

Разважаньні Дэна Дарлінга з Forecast International камэнтуе беларускі ваенны аналітык Аляксандар Алесін.

“Размова ідзе пра аўтаматызаваныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны, то бок тавар, на якім Беларусь спэцыялізавалася яшчэ ў савецкі час і які таксама маюць хіба што Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія ды Францыя. Гэты тавар Беларусь прапаноўвае па ўсім сьвеце, у тым ліку, Кітаю, Ірану, Вэнэсуэле. Я маю на ўвазе кампутарную сыстэму праграмнага забесьпячэньня, якая дазваляе кіраваць існуючай ў гэтых краінах супрацьпаветранай абаронай. Таксама Беларусь прапануе мадэрнізацыю састарэлых сыстэмаў “зямля – паветра” “С-125” ці “Пячора”. Зразумела, наблізіць іх да сучасных сыстэмаў складана, аднак Беларусі ўдаецца зрабіць характарыстыкі гэтых сыстэмаў больш-менш прымальнымі”.

Паводле Аляксандра Алесіна, даходы Беларусі ад ваеннага экспарту складае 250-300 мільёнаў даляраў на год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG