Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвесткі ў грамадзкім транспарце Жлобіну загучаць па-беларуску


Севярын Квяткоўскі, Менск Рух БНФ “Адраджэньне” ды творчыя ініцыятывы “Беларускі гальфстрым” і “Вэтэраны Адраджэньня” прапанавалі ўладам Жлобіну (Гомельская вобласьць) свае паслугі для перакладу і прафэсійнага агучваньня аўтаматычных абвестак у жлобінскіх аўтобусах.

Намесьнік старшыні Жлобінскага райвыканкаму Фёдар Жыцька задаволены атрыманым кампакт-дыскам з прафэсійнай агучкай. Перад тым у гарадзкіх аўтобусах гучала часткова расейская, часткова беларуская мова, трэкі рабіліся саматужна:

Жыцька: “Ня надта добра гучыць, бо там розныя галасы: мой голас, голас дыктара...”

Што да ўласна беларускай мовы, пярэчаньняў не было:

Жыцька: “Абвесткі беларускай мовай падабаюцца пасажырам, ёсьць добрыя водгукі: “Во – як у цягніках, як на вакзалах”.

Карэспандэнт: “А можа хто лаяўся?”

Жыцька: (Сьмяецца) “Не, такога я ня чуў, каб хтосьці аблаяў беларускую мову”.

“Гэта першы прыклад з праекту супольнай беларусізацыі транспартнай і грамадзкай інфраструктуры розных беларускіх месцаў. Мы зьвязваемся празь мясцовых “фронтаўскіх” актывістаў з уладамі. Звычайна гэта намесьнікі старшыняў, старшыні гарвыканкаму, гарсавету, і прапануем якую-небудзь дапамогу”, – патлумачыў адзін з куратараў праекту Франак Вячорка.

Запіс дыску рабіўся ў студыі ініцыятывы “Вэтэраны Адраджэньня”. Сваё бачаньне беларускай мовы ў грамадзкіх месцах выказвае кіраўнік ініцыятывы рэжысэр Валеры Мазынскі:

“Гэта самае звычайнае, што павінна быць, і людзі павінны слухаць. Трэба каб беларуская мова была ва ўсіх гарадох, ва ўсіх мястэчках павінна гучаць. Узгадайце як спрачаліся на пачатку 1990-х: у мэтро нават на дзьвюх мовах абвесткі былі. А сёньня толькі па-беларуску, і ні ў каго гэта не выклікае сумневу, што так павінна быць”.
”Мы зьвязваемся празь мясцовых актывістаў з уладамі і прапануем якую-небудзь дапамогу”
Паводле Франака Вячоркі, супраца са жлобінскімі ўладамі – толькі пачатак дзейнасьці:

“Гэты праект, гэтая супольная справа з уладамі паказвае, што дэмакратычныя сілы гатовыя ня толькі дэманстраваць сваю пазыцыю ня толькі праз масавыя акцыі, але і праз канкрэтныя правы, патрэбныя і карысныя простым людзям. Таксама гэта дэманструе, што ўлады гатовыя супрацоўнічаць дзеля людзей. Я ня маю на ўвазе нацыянальныя ўлады, але тых людзей, якія працуюць у мясцовых адміністрацыях. Людзі, якія так ці інакш сталі часткай гэтай сыстэмы”.

У Беларусі выбар мовы абвестак у грамадзкім транспарце застаецца ў веданьні мясцовых уладаў. Паводле Франака Вячоркі, у найбліжэйшых плянах ініцыятываў – агучваньне абвестак грамадзкага транспарту ў Горадні, Лідзе і Салігорску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG