Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як на Лоеўшчыне без жаніха жанілі


Ігар Карней, Менск У пракуратуру Лоеўскага раёну Гомельскай вобласьці паступіла заява ад жыхара Каўпеньскага сельсавету, супрацоўніка сельскага Дому культуры Вячаслава Лісагура, які запатрабаваў прызнаць несапраўдным свой шлюб. Паводле Лісагура сакратарка сельсавету таемна зарэгістравала яго шлюб са сваёй дачкой.

Сьледчы Лоеўскай пракуратуры Аляксандр Трафіменка распавядае, што на мясцовага жыхара Вячаслава Лісагура (цытую) “імкнуліся накласьці абавязкі, зьвязаныя з уступленьнем у шлюб”. Прычым, сам шлюб аформлены з выкарыстаньнем службовага становішча, чым, на думку юрыста, грамадзяніну нанесены маральны ўрон:

“Пачата крымінальная справа на падставе злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Цяпер будзе весьціся расьсьледаваньне, сьледзтва будзе здабываць доказы, і пры іх дастатковай наяўнасьці справу накіруем у суд. І ўжо суд будзе прымаць рашэньне ў выглядзе прысуду – вінаваты ці не вінаваты. І адпаведнай гэтаму будзе мера пакараньня”.

Хто сьпяшаўся ажаніцца?

У Каўпеньскім сельсавеце ня вераць, што 29-гадовы Вячаслаў Лісагур, які ў міліцэйскіх зводках цяпер фігуруе пацярпелым, насамрэч ні ў чым не вінаваты.

“Ну, ёсьць такі ў нас... А хто гэта ўвогуле запытвае”.

Карэспандэнт: “Журналіст. Хацеў даведацца што-небудзь пра гісторыю, у якой яго жанілі нібыта без яго ведама”.

“Ага, вось менавіта – нібыта. Ой жа!.. Але нічога казаць ня буду, у яго запытайце”.

Карэспандэнт: “Думаеце, што гэта нагаворы нейкія?”

“Гэта ўсё сямейныя справы – калі мякка кажучы. Запытайце, ён вам сам раскажа, калі гэта ня так”.

Вячаслава Лісагура ўдалося засьпець па хатнім тэлефоне і задаць яму некалькі пытаньняў. Перадусім, ці былі ўвогуле нейкія адносіны з дачкой сакратаркі?

“Ну як? Ніякіх адносінаў амаль і не было. Так, проста хадзілі. Яна мая суседка проста, вось я яе і ведаў. А яны і падумалі, што, пэўна, так лепей будзе”.

Карэспандэнт: “А вы пабрацца шлюбам не хацелі?”

“Так, расьпісвацца пакуль не хацеў. Думаў, пазьней. Я проста ня першы раз ужо жанаты быў і ведаю, што гэта такое. Так і атрымалася – толькі штамп у пашпарце – і ўсё. Дый я асабліва нічога і не патрабую. Проста каб прыбралі штамп з пашпарту”.

Нягледзячы на расповеды Лісагура пра цнатлівыя адносіны з суседкай, ягоная сяброўка цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і даглядае дзіця... Вячаслава. Зрэшты, ад бацькоўства ён і не адмаўляецца. Не аспрэчвае і тое, што якраз такім чынам і зьбіралася ўзаконіць адносіны паміж дзецьмі сакратарка сельсавету. Цяпер у стасунках паміж суседзямі – рэжым маўчаньня.

Як паведаміў сьледчы Аляксандр Трафіменка, супраць жанчыны, якая падазраецца ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, пачатая крымінальная справа.

За псэўда-шлюб – турма?

Як вядома са словаў заяўніка Лісагура, сакратарка сельсавету падпольна на блянках дзяржаўнага ўзору ўзаконіла адносіны паміж сваёй дачкой і ім. Ён працягвае настойваць, што шлюб адбыўся без ягонага ведама і згоды. Паводле вэрсіі пацярпелага, якую ён выклаў сьледчаму, патэнцыйная жонка таемна ўзяла яго пашпарт і перадала сваёй маці, якая аформіла шлюб за некалькі хвілінаў.

Паводле сьледчага Трафіменкі, сам Лісагур жаніцца не хацеў:

“Ну, так вынікае зь ягоных словаў. Прынамсі, не зьбіраўся бліжэйшым часам. Але тут ня тое, што трэба да вясельля рыхтавацца, а аказалася, што ён фактычна ўжо жанаты. Пакуль незразумела, чыя менавіта была ініцыятыва, можа і сумесная. Паўнатой інфармацыі мы самі пакуль не валодаем, бо расьсьледаваньне яшчэ толькі пачынаецца. У залежнасьці ад паводзінаў саміх асобаў, якія знаходзяцца пад сьледзтвам, ад аб’ёму сьледчых мерапрыемстваў, якія неабходныя, мінімум месяц яшчэ ўсё будзе цягнуцца, гэта дакладна.”

Сакратарка звольнілася з сельсавету па ўласным жаданьні. Цяпер яе вінавацяць у злачынстве паводле артыкула 424 Крымінальнага кодэксу. Пакараньнем за злоўжываньне пасадай можа быць пазбаўленьне волі ад аднаго да шасьці гадоў.
XS
SM
MD
LG