Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Стварэньне партыі ўлады – “псыхалягічны дэфолт” Лукашэнкі?”


Віталь Цыганкоў, Менск /images/photo/tsyhankou_kascum.jpg Гэтымі днямі па ўсёй Беларусі пад кантролем мясцовых ідэолягаў праходзяць сходы па ўтварэньні суполак грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». Што гэта – будучая “партыя ўлады” альбо “БРСМ для дарослых”? Ці гатовы Аляксандар Лукашэнка забыцца на імідж “народнага прэзыдэнта” і пайсьці на стварэньне “партыі ўлады”? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабоды” палітоляг Уладзімер Падгол і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

Цыганкоў: “Гэтымі днямі па ўсёй Беларусі пад кантролем мясцовых ідэолягаў праходзяць сходы па ўтварэньні суполак грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». Устаноўчыя сходы «Белай Русі» прайшлі ў Воршы, Бешанковічах, Барысаве, Крупках, Гарадку, іншых гарадах . Уся гэтая праца суправаджаецца істотнай інфармацыйнай падтрымкай беларускіх тэлеканалаў, дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ. Падборам дэлегатаў на зьезд займаюцца ідэалягічныя аддзелы райвыканкамаў.

Ці згодныя вы з тым, што сапраўды ідзе размова пра стварэньне партыі ўлады? І калі так. То навошта яна зараз спатрэбілася Аляксандру Лукашэнку?”

“Раней беларускі кіраўніку не патрэбны былі нейкія падпоркі”

Падгол: “Асноўная прычына ўтварэньня гэтай арганізацыі ў тым, што на Лукашэнку абрынуўся ”псыхалягічны дэфолт” .

Што гэта такое? Усе гэтыя гады беларускі кіраўніку не патрэбны былі нейкія падпоркі. Ён працаваў на ірацыянальным узроўні, пераконваючы людзей у сваіх цудадзейных магчымасьцях. А тут – абвал. Расея перайшла на рынкавыя стасункі і эканамічны рэсурс скончыўся. Лукашэнка пачаў рабіць і гаварыць ляпы. То пераконвае людзей, што рынкавыя стасункі з Расеяй – гэта цудоўна, мы нічога ня страцім, а ўчора раптам заявіў, што з-за Расеі ў нас ужо ледзь не дэфолт быў у эканоміцы...”

Цыганкоў: ...”Уладзімер, прабачце, я вас перапыню, а як стварэньне гэтай партыі можа дапамагчы Лукашэнку пераадолець гэты ”псыхалягічны дэфолт”?

Падгол: “Вельмі проста. Па-першае, усяляк дэманстраваць масавую падтрымку прэзыдэнту, як гэта было ў часы КПСС. Інтэрвію, сходы, мітынгі, асабліва ў час крызысных сытуацыяў. А па-другое, усе, хто ўвойдуць у гэтае аб’яднаньне ( а туды будуць і заганяць) – будуць павязаныя, будуць вымушаныя прынамсі моўчкі і пасіўна падтрымліваць прэзыдэнта”.

Мяркую, пакуль гэта толькі адзін з варыянтаў “на чорны дзень”.

Цыганкоў: “Выглядае, што партрэт гэтай структуры яшчэ не завершаны. Ці гэта будзе “БРСМ для дарослых” ці гэта ператворыцца ў сапраўдную партыю ўлады накшталт “Адзінай Расеі”?

Класкоўскі: “Па-першае, наверсе відавочна яшчэ няма пэўнасьці. Тое, што гэта інсьпіруецца зьверху, зразумела. Ніводная праўладная структура спантанна не ствараецца, спантанна толькі апазыцыя ўзьнікае. Тут, і гэта бачна па асьвятленьню ў СМІ, усё плянамерна і арганізавана.

Пытаньне – дзеля чаго? Ці гэта выпрацоўваецца новы стратэгічны курс ці гэта адзін з варыянтаў “на чорны дзень”? Я мяркую, што нейкія прыўладныя паліттэхнолягі цяпер пераконваюць галоўнага начальніка, што гэта трэба зрабіць. Маўляў, трэба наладжваць нейкія стасункі з Эўропай, распачынаць нейкую гульню ў дэмакратыю, таму няхай гэта будзе – магчыма, спатрэбіцца праз нейкі час.

У той жа час мы памятаем, што неаднойчы Лукашэнка адмоўна выказваўся на гэты конт. Адчуваецца, што ён унутрана ўпарціцца гэтаму, у яго, мне здаецца, перад вачыма стаіць бясслаўны фінал КПСС. Уладзімер Падгол кажа, што “будуць дэманстраваць падтрымку”. Надта не дэманстравалі, калі ў канцы 80-х захісталася імпэрыя СССР, ніхто ж ня выйшаў пратэставаць. Таму Лукашэнка адчувае, што гэта “калос на гліняных нагах” Таму, мяркую, пакуль гэта толькі адзін з варыянтаў “на чорны дзень”.

БРСМ і прафсаюзы не апраўдалі даверу

Цыганкоў: “Летась 29 верасьня Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні расейскіх рэгіянальных журналістаў, заявіў, што партыя ўлады стварацца ў Беларусі ня будзе. “... Я засвоіў адно, што любая партыя і грамадзкая арганізацыя толькі тады здольная існаваць і плённа працаваць, калі яна на створаная зьверху і штучна”, - сказаў тады Лукашэнка. Што зьмянілася з таго часу, чаму цяпер сыстэма стварае такую праўладную арганізацыю?”

Падгол: “Быў спадзеў на БРСМ, але атрымаліся моладзевыя прафсаюзы, які дзейнічаюць паводле прынцыпу “піва толькі для членаў прафсаюзу”. Мы ведаем, што існуе цэлая сыстэма зьніжак для БРСМаўцаў, у тым ліку пры атрыманьні крэдытаў на жыльлё. Таму яны па загадзе дэманструюць ляяльнасьць, ходзяць на нейкія канцэрты, але ўсіх ім гэта ўсё абыякава, яны толькі ўласны інтарэс маюць.

Такі самы спадзеў быў на афіцыйныя прафсаюзы, калі Ганчарыка замянілі на Козіка. Але такія прафсаюзы паводле прызначэньня дзейнічаюць паводле спажывецкага інстынкту “Дай”.

І атрымалася, што калі Лукашэнка апынуўся на мяжы вось гэтага абвалу даверу да яго, у яго засталося толькі адно ратаваньня -- гэтая “Белая Русь”. І ня будзе так, як з КПСС. Я Аляксандру Класкоўскаму нагадаю, што калі развальваўся КПСС, ніхто не баяўся іх, страху не было. А зараз?.. Так што з аднаго боку, гэта арганізацыя будзе імітаваць адданасьць прэзыдэнту, а зь іншага – будзе цэмэнтаваць страхам”.

“Не выключаю, што наступныя выбары могуць прайсьці па зьмешанай мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме”

Цыганкоў: “Можа, улада мае больш прагматычныя задачы? Магчыма, зараз дзеля паляпшэньня адносінаў з Захадам патрэбная пэўная лібэралізацыя выбарчага заканадаўства. І таму ствараецца партыя ўлады, якая на наступным “свабодных” ужо выбарах атрымае свае 80 працэнтаў галасоў?”.

Класкоўскі: “Я думаю, гэта ўсё менавіта разьлічана на тое, што спатрэбіцца нейкая гульня, “фасад” для Эўропы. Не выключаю, што наступныя выбары могуць прайсьці па зьмешанай мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме. Таму і ствараецца такая партыя.

Разам з тым, калі ўзьнікае момант нейкай гульні, узьнікае і момант рызыкі. Таму думаю, што гэтую карту будуць трымаць да самага апошняга. Можа, эўрапейцы скасуюць гандлёвыя прэфэрэнцыі, і ўлада раззлуецца і скажа – “ну ўсё, мы рабілі крокі насустрач, нічога не атрымалася, закручваем назад шрубы”. Так што хістаць можа ў любыя бакі. Але калі нейкі пляцдарм для перамоваў з Захадам узьнікне, тады ў гульню можа быць уключаная і гэтая партыя ўлад.

Зразумела, усё гэта ўладай “не ад добрага жыцьця” робіцца. Пры ўсім тым, што гэта “дубова”, фармальна і гэтак далей, але ёсьць станоўчы момант, што гэта стварае глебу для нейкіх зьменаў у грамадзтве”.

• Лукашэнка стварае партыю ўлады, 05.06.2007 • Лукашенко: "партии власти" в Беларуси не будет , 29.09.2006
XS
SM
MD
LG