Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Украіны чакае тры месяцы


Радыё Свабода Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавой прыехаў у Беларусь 20 сакавіка сёлета і адразу ж уручыў даверчыя граматы міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву. Гэтага дастаткова, каб пачаць працу ў якасьці кіраўніка дыпмісіі, аднак традыцыя і дыпляматычны пратакол прадугледжваюць неабходнасьць уручэньня паслом даверчых грамат кіраўніку дзяржавы.

Гэтай цырымоніі Ігар Ліхавой чакае ўжо тры месяцы.

У свой час у 2001 годзе тагачасны паслом ЗША Майкл Козак таксама чакаў некалькі месяцаў, каб уручыць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.

Тады раздражненьне беларускіх уладаў выклікалі рэзкія заявы спадара Козака наконт беларускіх уладаў падчас зацьвяржэньня ў сэнаце ЗША, а таксама ў інтэрвію беларускім газэтам. Чым выклікаў незадавальненьне беларускіх ўладаў ўкраінскі пасол – невядома.

Украінскія выданьні пішуць, што Ігар Ліхавой ужо ў Менску крытыкаваў эканамічную палітыку беларускіх ўладаў, кажучы, што ўзьнікае шмат пытаньняў адносна дыкрымінацыі ўкраінскіх бізнэсоўцаў у Беларусі.

Папярэднік Ліхавога на пасадзе пасла ў Беларусі Валянцін Налівайчанка зараз узначальвае Службу бясьпекі Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG