Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Шчукін: «Я ў прынцыпе не раблю кепскіх учынкаў!»


Вольга Караткевіч, Прага Госьцем «Начной Свабоды» 8 чэрвеня быў палітык, праваабаронца Валеры Шчукін, якога ў той дзень пакаралі штрафам на 1 мільён 661 тысячу рублёў за пісьмовую абразу гонару й годнасьці сябраў акруговай і абласной выбарчых камісіяў.

Караткевіч: “Вы капітан другога рангу, марскі афіцэр: тое, што менавіта марскі – паўплывала на Ваш характар?”

Шчукін: “Абавязкова! Бо маракі прынцыпова адрозініваюцца ад сухапутчыкаў: сухапутным вайскоўцам ёсьць куды адступаць, марскім – няма куды. Альбо карабель тоне, альбо ўсе ратуюцца. Таму, вядома, паўплывала на мой характар.”

Караткевіч: “8 чэрвеня судзьдзя Першамайскага суду Віцебску Натальля Гур''ян прысудзіла Вам штрафаў на агульную суму 1 мільён 661 тысячу рублёў – Вас прызналі вінаватым у пісьмовай абразе гонару і годнасьці сяброў выбарчых камісій. Вы можаце расказаць пра гэтую гісторыю?”

Шчукін: “У Віцебску апошнія выбары ў мясцовыя саветы праходзілі, як у савецкія часы: адна акруга – адзін кандыдат, і рабілі гэта, вядома, акруговыя камісіі. Я вырашыў прыцягнуць да гэтага ўвагу грамадзкасьці ўлёткамі. Паколькі трое сяброў камісіі працавалі ў школе, я ва ўлётцы зьвярнуўся да вучняў і іхных бацькоў і расказаў, як тыя, як Іўды, гатовыя за 30 срэбранікаў прадаць усё, што заўгодна, і распаўсюдзіў гэтую ўлётку каля школы.
” Я спадзяюся, што пасьля гэтага ніхто не захоча патрабаваць ад Шчукіна кампэнсацыі маральнага ўрону.”
Рэакцыя была дзікай: выклікалі міліцыю, па ўсім горадзе на мяне пачалі аблаву і ўрэшце ўзбудзілі крымінальную справу. Такая ж улётка была распаўсюджаная ў доме, дзе жыве дырэктар школы – яна ж старшыня камісіі. І яшчэ ў Віцебску аказаўся нейкі таемны апарат абласной камісіі, не прадугледжаны выбарчым кодэксам, і адна з гэтых апаратчыц распаўсюджвала хлусьлівыя зьвесткі, у выніку чаго я, паводле яе даносу, Новы год сустракаў у турме. Так што такую ж улётку я распаўсюдзіў і ў яе доме, і ў навакольных. Два пракурора двух раёнаў узбудзілі крымінальную справу, бо я, маўляў, нанес урон дзяржаве і грамадзтву".

Караткевіч: “А як Вы будзеце выплочваць такую суму?”

Шчукін: “Давядзецца плаціць са сваёй пэнсіі. Давядзецца паднапружыцца, пакінуць унукаў без марожанага... А што да гэтай тайнай апаратчыцы, то я сяду каля яе дома, напішу плякат і буду зьбіраць грошы, каб потым ёй уручыць. Я спадзяюся, што пасьля гэтага ніхто не захоча патрабаваць ад Валерыя Шчукіна кампэнсацыі маральнага ўрону.”

Караткевіч: “Колькі Вас наогул разоў судзілі за пратэсты?”

Шчукін: “Я займаюся актыўнымі пратэстамі 10 гадоў: год – два лічыў, а потым згубіла сэнс. Я ведаю, што вельмі шмат. Для чаго лічыць? Я ж не для статыстыкі, не для рэкордаў, – я змагаюся ,як атрымліваецца...”

Караткевіч: “Вас часта пры затрыманьнях зьбівалі – якое затрыманьне было самым брутальным?”

Шчукін: “Бывала ўсялякае, але больш за ўсё мяне ўразіў нават ня сам арышт, а тое, што мяне здалі свае ж. На адной з вулічных сутычак мне дасталося па хрыбце, і «хуткая» мяне адвезла ў ваенны шпіталь – бо я ж афіцэр. Усю ноч праляжаў пад кропельніцай, зьлёгку ачомаўся, а раніцай начальнік шпіталя і галоўны хірург – двое палкоўнікаў – на загад міліцыі трымалі мяне да таго часу, пакуль тыя не прыехалі, і здалі мяне ў міліцыю. Мяне пасадзілі. Гэта было гадоў 5 таму, але такая здрада не забываецца, яна вельмі мяне ўразіла.”
“Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што мяне здалі свае ж.”
Караткевіч: “Валеры Шчукін – госьць «Начной Свабоды» – дэпутат Вярхоўнага Савету, яму 65 гадоў, нарадзіўся ва Ўладзівастоку, скончыў вфышэйшую ваенна-марскую інжынэрную вучэльню, капітан другога рангу, былы сябра Партыі камуністаў пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна, журналіст газэты "Народная Воля". Называе сябе "беспартыйны камуніст". Партыйнасьць Вас расчаравала?”

Шчукін: “Не, я ж уступаў у партыю ўжо афіцэрам – не дзеля пасадаў і званьняў. Я сапраўды глыбока веру ў тое, што камуністычныя ідэі – гэта лепшае, што можна прыдумаць. Але любая партыя мае на ўвазе жорсткую дысцыпліну, а я – чалавек, які прывык прымаць рашэньні самастойна. І гэта ня ўсім падабалася. Мяне двойчы выключалі з партыі: адзін раз за савецкім часам, другі – калі я быў у апазыцыі. Я ўсё-ткі дэмакрат да мозга гасьцей, мне і ў войску было цяжка служыць: калі я лічу, што так будзе лепш – я буду рабіць так. Паколькі гэта не падабалася, мяне выключылі з партыі, хаця мы падтрымліваем сяброўскія адносіны, сустракаемся, мае артыкулы публікуюцца ў партыйнай газэце "Таварыш", і я спадзяюся, што некалі яны прызнаюць, што выключылі мяне памылкова і зноў запросяць у партыю. Хаця пакуль я такога запрашэньня не атрымліваў.”

Караткевіч: “Сёньня ў Горадні мы правялі апытаньне: што такое камунізм? Я папрашу Вас пракамэнтаваць яго.”



Шчукін: “Па-першае, мы пры камунізьме не жылі. Нельга камунізм зводзіць да таго, каб набіць трыбух, наапранацца і г.д. Кожнаму па патрэбах – гэта ня значыць, што колькі хочаш еш, колькі хочаш апранайся...”

Караткевіч: “Дык у гэтым і капіталізм абвінавачаваюць! ”

Шчукін: “Капіталізм – гэта ўсё ж ад пачатку няроўнасьць: хто мацнейшы – фізічна, разумова, фінансава – той дасягае. А камунізм у маім паняцьці – гэта перадусім свабода, гэта магчымасьць рэалізацыі кожнага. Пры капіталізьме чалавек, які нарадзіўся ў жабрацтве, ня можа рэалізаваць сябе – хіба толькі папялушка якая знойдзе прынца. А камунізм – гэта грамадзтва, якое кожнаму дае магчымасьць рэалізавацца ў сілу сваіх здольнасьцяў, жаданьняў, працаздольнасьці.
”Калі палітыкі здолеюць вывесьці людзей на вуліцу – я буду сярод тых, каго яны выведуць.”
Гэта грамадзтва, дзе ня будзе цяжкай працы на канвэерах, дзе чалавек будзе творцам – незалежна ад таго, чым ён будзе займацца, каб ён не рабіў сумную аднастайную працу. Наколькі гэта дасягальна – іншае пытаньне... Я лічу, што наступныя пакаленьні менавіта да гэтага і будуць імкнуцца.”

Караткевіч: “Вас называюць апазыцыйным палітыкам. За якую са стратэгіяў, прапанаваных на Кангрэсе дэмакратычных сіл, Вы выступалі?”

Шчукін: “Тут нельга зрабіць адназначны выбар. У прынцыпе, я падтрымліваю Статкевіча і Севярынца – я сам прыхільнік актыўнай формы барацьбы. Апэч таго, я перакананы, што з Аляксандрам Лукашэнкам бессэнсоўна сядаць за стол перамоваў. Але я разумею, чаму пайшлі на такую тактыку: вулічная барацьба пайшла на спад: нехта зьехаў, нехта расчараваўся, нехта памер, нехта сядзіць і г.д., а нешта рабіць трэба. Эвалюцыйная форма – гэта адступленьне, а трэба наступаць. Але таму я, як дэлегат Кангрэсу, і не ўступіў у ніводную фракцыю, бо я не гатовы сёньня прыняць нечы бок, хаця душой я на баку Севярынца і Статкевіча, і калі яны здолеюць вывесьці людзей на вуліцу – я буду сярод тых, каго яны выведуць.”

Караткевіч: “Пытаньне, якое мы задаем усім: у што Вы верыце? ”

Шчукін: “Я веру ў справядлівасьць. Я хрышчаны ў праваслаўнай царкве, і хаця ніколі не хадзіў у царкву, і цяпер не хаджу, але я веру ў справядлівасьць, у тое, што зло будзе пакарана. Гэта ж рэлігійная норма! Я ў прынцыпе не раблю кепскіх учынкаў. Нават калі пра каго-небедзь падумаю кепска – тут жа на сябе сваруся: чаму я дазваляю нават падумаць пра некага кепска? Вяртаючыся да свайго судовага працэсу: я ж не сварыўся, не абражаў гэтых жанчын, я проста хацеў паказаць грамадзтву, што так рабіць нельга. Можа, гэта атрымалася рэзка, але ўжо як умею... ”
XS
SM
MD
LG