Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Беларусь набліжаецца да страты гандлёвых прэфэрэнцыяў</B>


Ігар Карней, Менск У Жэнэве працягваецца канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы. “Беларускае пытаньне” разгледзелі пры канцы мінулага тыдня. Як лічыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, Беларусь далучаць да так званага “спэцпараграфу” за невыкананьне рэкамэндацыяў для забесьпячэньня правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Гэта ўжо пяты выпадак афіцыйнага папярэджаньня беларускім уладам, які сёлета мае прынцыповае значэньне: рашэньне МАП наўпрост уплывае на намер Рады Эўропы скасаваць для Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі ў гандлі з краінамі Эўразьвязу.

Яшчэ 8 чэрвеня падчас абмеркаваньня сытуацыі з правамі незалежных прафсаюзаў у Беларусі на паседжаньні Камітэту ў выкананьні канвэнцыяў і рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы група наймальнікаў і група працоўных прапанавалі ўнесьці Беларусь у спэцпараграф дакладу МАП.

Рашэньне было ўхваленае і прынятае. Такім чынам, Беларусь ужо пяты раз заносіцца ў “спэцпараграф” як краіна, што ігнаруе рэкамэндацыі МАП у справе забесьпячэньня правоў незалежных прафсаюзаў.

Аргумэнты на карысьць “істотных зрухаў” у беларускім прафсаюзным руху ў Швэйцарыі прыводзілі віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік.

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук гэтаксама браў удзел у сэсіі МАП і, як і астатнія прадстаўнікі Беларусі, днямі вярнуўся з Жэнэвы.

А.Ярашук: "Цяпер не да жартаў!"

Запытваю: ці ня стане, на ягоную думку, для беларускіх уладаў занясеньне ў “спэцпараграф” чарговай дзяжурнай навіной, якую, як і раней, яны могуць праігнараваць?

“Гэты разам усё наадварот. Яны менавіта так ставіліся да першага-другога, трэцяга выпадку. Можа, нават зь нейкай іроніяй, усьмешкамі, паводзілі сябе адпаведна, звальваючы віну на МАП. Але цяпер сытуацыя зусім іншая, цяпер ужо не да жартаў.

У дадзеным выпадку размова ўжо не ідзе пра тое — ну, пяты дык пяты! Калі мець на ўвазе, што гэта самым непасрэдным чынам уплывае на рашэньне Эўразьвязу, у спалучэньні з гэтым рашэньнем рашэньне МАП выключна непажаданае. І можна толькі здагадвацца пра магчымае далейшае разьвіцьцё падзей.

Я, як удзельнік гэтага працэсу, бачыў, зь якой выключнай заклапочанасьцю ўрад ставіўся да гэтай канфэрэнцыі, якія вялікія мэты перад сабой ставіў. Ці, дакладней, яму ставілі, дэлегацыі афіцыйнай. Якія выразы твару былі ў іх пасьля таго, як усё гэта адбылося, калі было абвешчана рашэньне”, — адзначае Ярашук.

У.Карагін: "Гэта сур’ёзны, вельмі адчувальны ўдар"

Старшыня сталічнага Саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў эканаміст Уладзімер Карагін кажа, што рашэньне МАП будзе мець рэкамэндацыйны характар для Рады Эўразьвязу. Але недаацэньваць сур’ёзнасьці наступстваў у выпадку скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі нельга, мяркуе эканаміст:

“Дадзеная прэфэрэнцыя — гэта льгота, пад якую трапляла наша краіна. І, канечне, пазбаўленьне такой льготы для цэлай групы тавараў нашага экспарту ў эўрапейскія краіны (перадусім, лёгкай прамысловасьці) паніжае канкурэнтаздольнасьць нашых тавараў. Таму што павялічваецца ў такім выпадку кошт гэтых тавараў, многія зь іх сапраўды становяцца неканкурэнтназдольнымі.

Гэта сур’ёзны, вельмі адчувальны ўдар, які ацэньваецца нашымі экспэртамі як страта прыкладна на 400 мільёнаў эўра. Гэта калі ацэньваць эквівалент нашага экспарту. То бок, магчымыя значныя і адчувальныя страты ў цэлым для прыбытковых артыкулаў бюджэту Рэспублікі Беларусь”.

Як лічыць спадар Карагін, першымі, хто адчуе наступствы страты гандлёвых прэфэрэнцыяў, стануць беларускія бізнэсоўцы і прадпрымальнікі, зь якіх фіскальныя органы пачнуць “дзерці тры скуры” дзеля папаўненьня бюджэту.

• А.Ярашук: “Беларусі пагражае чарговы “спэцпараграф”, 08.06.2007 • МАП прыме канчатковае рашэньне адносна прэфэрэнцыяў для Беларусі , 07.06.2007
XS
SM
MD
LG