Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы маюць цяжкасьці з выездам за мяжу?


Альгерд Невяроўскі, Менск Хто вінаваты ў тым, што людзі днямі стаяць у чэргах па візы? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў каля амбасадаў Літвы і Польшчы ў Менску.

Спадар: “Відаць, ня хочуць пускаць нас у Эўразьвяз. Відаць, ня любяць нас там”.

Спадарыня: “Шмат людзей едзе, таму такія праблемы”.

Спадар: “Я думаю, нашу краіну там ня хочуць прымаць. Прэзыдэнт ня можа дамовіцца зь іншымі прэзыдэнтамі”.

Спадар: “Непарадак тут, раней лепей было. Не датэлефанавацца, нічога. Ніхто не бярэ тэлефон. Чакаеш трое сутак бяз сэнсу. Праблемы і там, і тут. Ну, і народу шмат”.

Спадарыня: “Адзін дзень губляеш, каб узяць талёнчык, а другі да трэцяй гадзіны чакаеш. Ня ведаю, чаму праблемы. Мне прасьцей было летась паехаць у Карлавы Вары ў Чэхію, чым трапіць у Калінінград да роднай сястры. Там мае бацькі пахаваныя”.

Хлопец: “Праблема міжнароднага ўзроўню. Мая маці, напрыклад, едзе транзытам празь Літву ў Калінінград. Трэба краінам дамовіцца, каб выезд быў прасьцейшы”.

Спадарыня: “Шмат жадаючых, многа беларусаў выяжджае, падарожнічае!”

Дзяўчына: “Цяпер лета, турыстычны сэзон, таму вялікія чэргі, шмат жадаючых. А так, звычайна нармальна”.

Карэспандэнт: “Як вы лічыце, чаму беларусы маюць такія цяжкасьці з выездам за мяжу, і хто ў гэтым вінаваты?”

Спадар: “Нашая сыстэма вінавата. Што — нельга дамовіцца, тым больш, што суседнія краіны? Тут толькі ад нас усё залежыць. Я лічу, што Беларусі трэба ўступаць у Эўразьвяз, бо мы эўрапейская краіна. Нават паглядзець нашую гісторыю. А цяпер нам навязваюць Расею. Якія мы расейцы, мы заходнікі! І пры ўсіх каралеўскіх дварах Эўропы былі беларусы. А што цяпер гэты рэжым вырабляе? Генацыд нейкі!”

Спадар: “Многім краінам увялі візы, ня толькі нам”.

Хлопец: “Найперш праблема не ў саміх беларусах, а ва ўладзе, якая робіць такія бар’еры. Калі б быў лепшы імідж у кіраўніцтва краіны, і яно б імкнулася да навязваньня кантактаў з эўрапейскімі краінамі, то не было б праблемаў у грамадзянаў”.

• Эўрапарлямэнт прапануе пашырыць Шэнгенскую зону, 08.06.2007 • Эўразьвяз зьбіраецца змагацца зь візавымі махінацыямі, 08.06.2007
XS
SM
MD
LG