Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі не хапае амаль 3000 лекараў


Іна Студзінская, Менск У Беларусі ў мэдычных установах працуе на сёньняшні дзень крыху больш як 41 тысяча лекараў. Амаль палова зь іх занятая на паўтары-дзьве стаўкі, бо ў краіне не хапае амаль 3 тысяч лекараў.

Сярэдняя заработная плата ў мэдыцыне ў 2006 годзе склала 243 даляры. У лекара — 423 даляры, у мэдсястры — 237 даляраў. Гэта з усімі даплатамі за высокую катэгорыю, стаж і шкодныя ўмовы працы.

Заробак лекараў — маладых спэцыялістаў — прыкладна 300 тысяч рублёў (140 даляраў). Са словаў міністра аховы здароўя Васіля Жарко, падрыхтаваны праект указу аб павышэньні заробкаў маладых спэцыялістаў, які цяпер на разглядзе ў прэзыдэнта.

Павышэньне плянуецца ў сярэднім на 65 тысяч рублёў.

Менш за мэдыкаў у Беларусі плацяць работнікам сельскай гаспадаркі, сацзабесьпячэньня, культуры, мастацтва.

Паводле словаў міністра, у 2006 годзе крыху стабілізавалася і палепшылася дэмаграфічная сытуацыя. Колькасьць памерлых зьнізілася на 2,4%, а колькасьць народжаных павялічылася на 6,4%.

Мэдыкаў трывожыць вельмі высокая сьмяротнасьць мужчын у працаздольным узросьце — летась яна склала 901 чалавек на 100 тысяч насельніцтва (у жанчын — 222 выпадкі на 100 тысяч).

Заўчасная сьмяротнасьць у мужчынаў зьвязаная з траўмамі, атручэньнямі (у тым ліку і алькаголем), забойствамі й самагубствамі. Сьмяротнасьць на сяле амаль на траціну вышэйшая, чым у горадзе.

• Найбольш матэрыяльна выгодна ў Беларусі быць чыноўнікам, 06.04.2007 • Рэальны заробак беларусаў за 4 месяцы зьнізіўся на 6 %, 05.04.2007
XS
SM
MD
LG