Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Няма грошай у казьне - ліквідуйце АМАП і спэцпадразьдзяленьні"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 12 чэрвеня, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Ільля Копыл, Менск: “У Пецярбурзе адбыўся саміт кіраўнікоў краінаў СНД. Ніводзін расейскі тэлеканал не згадаў пра Беларусь і Лукашэнку. Няўжо ні ў кога не было цікавасьці да нашай краіны? Падумалася. Можа, Беларусь выйшла з СНД. Пераключыўся на “Контуры” і ўпэўніўся, што гэта ня так, што Беларусь яшчэ там. Але ж і ў “Контурах” інфармацыі было няшмат. Ні сустрэч, ні перамоваў. Мелькам паказалі некалькі фрагмэнтаў. Лукашэнка быў далёка ад Пуціна, побач з Саакашвілі. Мабыць, з асалодай удыхаў пах “рэвалюцыі руж”.

Спадар: “Хачу выказаць сваю думку наконт скасаваньня льгот. Хачу сказаць тым пэнсіянэрам і студэнтам, якія пазбаўляюцца льгот. Гэта Вам падзяка ад Лукашэнкі за датэрміновае галасаваньне, за яго падтрымку на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Калі дзяржава за 13 год яго кіраваньня дайшла да таго, што Вас пазбаўляюць ільгот, то падумайце, што будзе далей”.

Спадар: “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Вы пытаецеся праз колькі год Беларусь уступіць у "Шэнген"? Дык вось адказваю. Пры такой уладзе ня ўступіць праз сто гадоў”.

Спадар: “Лукашэнка па тэлевізару заяўляе, што трэба будаваць у Беларусі вадзяныя млыны, электрастанцыі і ўсю Беларусь апутаць сеткаю. Дык тады трэба і фэрмэрскія гаспадаркі будаваць. Усё аддаць людзям у прыватную ўласнасьць. Таму што савецкі ваш калгас будаваўся 70 год, усё рассыпалася. А ў калгасе заўжды няма гаспадара – кралі, крадуць і будуць красьці. І ніякай ня будзе дысцыпліны”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Васіль Быкаў кажа: “Зьнікла свабода, зьнік хлеб”. А хіба да бальшавіцкай рэвалюцыі была не манархія?! Хіба ў вялікім Княстве Літоўскім раней зь ягоным Статутам была не манархія?! Дэмакратыю як раз такі бальшавікі прынесьлі. А дзе была свабода, людзі не разабраліся. Сям’ю можна разглядаць як маленькую дзяржаву, але дэмакратычных сем’яў, у якіх рашэньні прымаюцца галасаваньнем, не бывае. Вырашае нехта адзін. Калі дэмакратычныя сілы і існавалі калі-небудзь, дык яны распаліся ў выніку натуральнага адбору. Сем’і бываюць добрыя і злыя, толькі не дэмакратычныя. І як раз такі ў злых сем’ях больш закону і падзелу абавязкаў, што набліжае іх да дэмакратыі. Вынік супрацьлеглы, натуральна. Таму манархія – яна ж анархія, бо крайнасьці спалучаюцца. Гэта адзіны слушны грамадзкі лад. І яшчэ, свабоды няма. Некалькі гадоў таму я таксама разважаў пра свабоду ў маіх лістах на “Свабоду”. І там я дапусьціў памылкі, бо раней я быў прыхільнікам дэмакратыі, хаця ўсё залежыць ад таго, якія значэньні ўкладаць у тыя ці іншыя словы. Значэньні словаў мяняюцца. Напрыклад, рымскае слова “дыктатар,” наколькі я ведаю, мела іншае значэньне, чым сёньня”.

Спадар: “Гэта вельмі добра, што Вы перадаяце ў “Начной чытанцы” такіх выдатных паэтаў беларускіх, як Зянон альбо Патаранскі, якія сапраўды маюць выдатны хрысьціянскі кантэкст у сваёй творчасьці, хаця, канечне, безумоўна, побач зь імі існуюць і такія асобы (не будзем называць імёны), пасьля якіх мяркуюць, што літаратура беларуская скончана. Вось Вы заклікаеце, каб людзі давалі свае меркаваньні наконт таго, якіх сваіх любімых паэтаў хацелі пачуць. Ведаеце, мне падаецца, што нашым такім паэтам, як Іпатава і Някляеў, трэба менш займацца палітыкай і пачаць сур’ёзна дбаць пра літаратуру і літаратараў, калі яны ўжо ня толькі добрыя літаратары, але і выдатныя палітыкі, скажам так, начальнікі. Я б асабіста хацеў пачуць на хвалях “Свабоды” вершы Лайкова, вершы Сьпіцына, вершы Базылёвай, вядучых нашых маладых паэтаў... І яшчэ. Ці не маглі бы Вы перадаваць прагноз надвор’я ня толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і там, дзе сапраўды добра ловіцца Радыё Свабода. На тых абшарах, дзе жыве шмат беларусаў і дзе шмат хто разумее беларускую мову. У прыватнасьці, у Вільні, Беластоку, Бельску-Падляскім, у Гайнаўцы, таму што гэта этнаграфічныя тэрыторыі, скажам адкрыта…”

Анастас Семяновіч: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Таварыш лукашыстка, Вы кажаце, што тое, што адмянілі льготы, слушна. Што Вам можна сказаць? Бацька і маці не далі мазгоў, па гэтаму Вы так кажаце. Донары, якія пачынаюць страйк, хібы ня маюць рацыю?! Так. Я зь імі на 100% згодны. Я сам некалі па просьбе мэдыцыны здаваў кроў. Потым адмовіўся. Гэта вельмі цяжка. Вы, лукашыстка, здайце сваю кроў разоў пяць, тады Вам будзе зразумела. Чарнобыльцы. Гэтых людзей бальшавікі зрабілі хворымі. У мяне сусед, які шмат разоў на год лечыцца, а яму яшчэ няма сарака гадоў. Што ім, таксама трэба адмяняць льготы?! Слова “льготы” – гэта абсурд. Няма грошай у казьне, ліквідуйце АМАП і спэцпадразьдзяленьні. І гэтыя грошы ў дзесяць разоў перакрыюць льготы. Вось дзе трэба шукаць льготы”.
XS
SM
MD
LG