Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускі закон не абараняе жывёл ад чалавека?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Супраць жыхара Менскай вобласьці завялі крымінальную справу за забойства сабакі. Гэта першы гэткі выпадак за апошні час, што сьведчыць пра недасканаласьць заканадаўства ў абарону жывёл.

39-гадовы жыхар вёскі Душава Капыльскага раёну забіў сабаку дручком і павесіў яго на дрэва. Міліцыя завяла крымінальную справу, падазраванаму пагражае штраф альбо арышт на паўгоду ці нават пазбаўленьне волі да двух гадоў.

Інструктар клюбу сабакагадоўлі Марына Мядвецкая згодная, што трэба саджаць у турму людзей, якія забіваюць і зьдзекуюцца з жывёлы. Але пачынаць трэба з адпаведнага выхаваньня дзяцей, мяркуе яна.

“Вы паглядзіце, колькі галубоў ходзяць скалечаныя, бяз лапкі ці са спутанымі ніткай лапамі. Гэта дзеці робяць. Колькі кацянят вешаюць, выколваюць ім вочы. У свой час рэжысёр Абразцоў падымаў гэтую тэму, але асабліва бяз посьпеху. Магчыма ў Расеі гэта і абмяркоўваюць, а ў нас гэта ўсё закрыта. І з сабакамі тое самае. Я ўжо 30 гадоў у сабакагадоўлі і ведаю”.

Спэцыялісты кажуць: прапаганда гуманнага абыходжаньня з жывёламі ня дасьць выніку, калі жыцьцё і правы жывёлаў не абараняе закон.

Крымінальную справу супраць жыхара вёскі Душава завялі, але зусім па іншым артыкуле – паводле хуліганства. З-за асаблівасьцяў збору доказаў справы аб забойстве жывёл заводзяць зрэдзьчасу, прызналі ў менскай міліцыі.

“Я ня памятаю, каб за забойства сабакі завялі крымінальную справу. Пачакайце, удакладню... Вось згадалі, што мінулым годам завялі справу за жорсткае абыходжаньне з жывёлай. Паляўнічыя ехалі на паляваньне і ў вёсцы забілі сабаку”.

Справа была адміністрацыйная, і пакаралі паляўнічых невялікімі штрафамі. А чаму няма крымінальнай адказнасьці за дрэннае абыходжаньне з жывёламі?

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Ратаваньне” Людміла Атрашкевіч лічыць: дагэтуль не прыняты закон аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжаньня. Яго прыняцьце запатрабуе і адпаведных зьменаў у Крымінальным кодэксе. Але ўжо паўтара года праект закону ня можа прайсьці працэдуру прыняцьця і зацьвярджэньня прэзыдэнтам.

“Закон яшчэ не падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і знаходзіцца на дапрацоўцы ў парлямэнце. У адміністрацыйным кодэксе ёсьць адпаведны артыкул, але мы за тое, каб адказнасьць ўвесьці крымінальную. Такая ёсьць у нашых суседзяў: у Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі. Мы таксама зьвяртаемся да нашых дэпутатаў, але пакуль не падпісаны такі закон”.

Агрэсія супраць сабак мае й іншы бок – нярэдка яна выкліканая абаронай ад бадзяжных жывёлін, якія нападаюць на грамадзянаў. У грамадзкай арганізацыі “Ратаваньне” кажуць, што ў краіне некалькі дзясяткаў тысяч бадзяжных сабак. “Ратаваньню” за мінулыя тры гады удалося ўладкаваць каля 400. Кропля ў моры. Паводле актывістаў, грамадзкі удзел у справе аховы жывёл можна актывізаваць, але зноў жа неабходны закон, які “завіс” у парлямэнце.
XS
SM
MD
LG