Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму апазыцыя зноў зьбіраецца за межамі Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Вільню зьяжджаюцца ўдзельнікі чарговай канфэрэнцыі беларускай палітычнай апазыцыі. Каля 75 чалавек цягам двух дзён будуць пераўтвараць стратэгію, якую прынялі на нядаўнім Кангрэсе дэмакратычных сілаў, у праграму канкрэтных дзеяньняў. Чаму месцам для дыскусій абраная сталіца суседняй краіны?

Анатоль Лябедзька – адзін з чатырох сустаршыняў Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, кажа, што правесьці такую канфэрэнцыю ў Беларусі даволі складана. Ён дае гэткае тлумачэньне збору ў Вільні:

“Дзе таньней, а дзе нейкія выдаткі – не заўсёды гэта вызначаецца толькі коштам квіткоў. Вільня бліжэйшая за ўсе абласныя цэнтры Беларусі. Дый паводле валютнага курсу гэта не пераўзыходзіць звычайныя выдаткі. У людзей ёсьць візы... Гэта – ня Рыё-дэ-Жанэйра. І з пункту гледжаньня бясьпекі, нейкай шчырасьці і адкрытасьці размоў нічога блізкага ў Беларусі ня будзе. Да таго ж ніхто ня дасьць гарантыі, што калі сабрацца ў Беларусі, дык ня зьявяцца супрацоўнікі міліцыі, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, пажарнікі ці прадстаўнікі нейкай іншай інстанцыі і не перашкодзяць працы”.

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка лічыць: спадзяваньні на тое, што ў Вільні беларускія спэцслужбы не даведаюцца пра сутнасьць дэбатаў, марныя:

“Абмяркоўваць пляны можна і тут, у Беларусі. У тым жа складзе зьнялі б нейкі летні лягер ды правялі там сваё мерапрыемства. Думаюць, што тут – агентура. А там агентуры няма? Агентура зь імі заўсёды прысутнічае. І што б яны там ні абмяркоўвалі, гэта ўсё роўна будзе вядома. Чым менш сакрэтнасьці, тым складаней працаваць спэцслужбам. Яны заўсёды любяць, каб усё было патаемна, каб была завеса таямніцы. Тады атрымліваецца, што спэцслужбы гэтую тайну раскрылі. А калі адкрыта гэта рабіць... Якая тактыка, якія пляны могуць цяпер быць акрамя аб’яднаньня, нармальных выбарчых законаў ды кантролю за выбарамі? Вось і ўсё. Больш ніякіх плянаў там ня трэба”.

Палітоляг Уладзімер Роўда адзначае, што цяперашняя сустрэча ўжо далёка ня першая ў Вільні:

“З аднаго боку, гэта можна рабіць і ў Беларусі. А чаму тады нашая апазыцыя едзе туды? Трэба ўсё ж не забывацца пра пэўныя інтарэсы тых маленькіх дзяржаваў, якія цяпер зьяўляюцца пасярэднікамі ў стасунках паміж беларускімі апазыцыйнымі партыямі і рухамі. І роля Літвы тут даволі важная, даволі значная. Мабыць, ідучы насустрач гэтым пажаданьням і каб не псаваць адносіны, беларуская апазыцыя пагаджаецца на такія запрашэньні ў Вільню”.
XS
SM
MD
LG