Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 11 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі ў часе прадстаўленьня новага кіраўніка Менскай вобласьці Леаніда Крупца. У прыватнасьці словы пра тое, што беларуская эканоміка адноўленая пасьля нафта-газавага крызысу ў дачыненьнях з Расеяй, пра неабходнасьць прадаваць больш тавараў, чым увозіць, каб не было эканамічнага абвалу, і пра небясьпеку фінансавага дэфолту. Камэнтары:

“Відаць, трэба тэрмінова браць крэдыт мільёнаў на 20. У наступным годзе здам бутэлькі, і ўсё адразу вярну”;

“Дык позна, у беларускіх рублях, нібыта, ужо не даюць”.

У суполцы minsk_by абмяркоўваюць акцыі супраць разбурэньня гістарычных помнікаў Горадні, якія ладзіліся на выходныя. У прыватнасьці раздачу ўлётак у Менску са зваротам да ўладных структураў Беларусі. Камэнтары:

“Моладзевыя ініцыятывы заклікаюць пісаць просьбы прэзыдэнту і парлямэнту. БРСМ нэрвуецца ў баку”;

“У генэральным пляне разьвіцьця Горадні, падпісаным Лукашэнкам, няма ані слова пра знос старога млыну альбо мосту. Гэта ўсё рашэньні гарадзенскага абласнога выканкаму. ... Няхай пракуратура раскажа, ці не парушаецца закон пра ахову помнікаў”;

“Адзін з аптымальных спосабаў барацьбы з сыстэмай, якая самаачышчаецца, запусьціць ачыстку ў адваротны бок. Так што такія лісты – адэкватная рэч”.

aneta_spb зьвяртаецца да карыстальнікаў сайту блогаў Жывы Журнал з просьбай дапамагчы ў напісаньні працы пра беларускія міты і рэальнасьці.

Вэрсіі мітаў у камэнтарах: “Беларусы талерантная нацыя”, “Бязь беларускай мовы нацыя зьнікне”, “Мы самі ня можам вырашаць свае праблемы ў эканоміцы й палітыцы”, “Беларусы вельмі любяць Расею, і ня выжывуць безь яе”.

Вэрсіі рэаліяў у камэнтарах: “Беларусы інтравэртная нацыя. Беларусы занадта выхаваныя, каб казаць суседзям, што яны пра іх кепска думаюць”, “Ня будзе мовы – ня будзе нацыі”.

На форумах сайту “Наша Ніва” абмяркоўваюць праблему беларусізацыі мэню мабільных тэлефонаў. Як адзін са спосабаў вырашэньня праблемы адсутнасьці беларукай мовы ў мэню мабілак прапануецца дасылаць на адрас фірмаў-вытворцаў адпаведныя патрабаваньні. Камэнтары:

“Варта выкласьці шаблён (ліста з патрабаваньнем) на (сайт блогаў) “Жывы Журнал”, спасылку на яго тут, у камэнтарах”;

“Праблему выкарыстаньня беларускае мовы ў сучасных прадуктах (любых) можна вырашыць толькі адным чынам – прыняць на ўзроўні нарматыўных дакумэнтаў, што для атрыманьня дазволу на продаж, прадукт мусіць быць лякалізаваны (мець інструкцыю ды іншае на беларускай мове). Толькі тады фірмы пачнуць нешта рабіць”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG