Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны аргкамітэт у справе дапамогі ахвярам палітрэпрэсій


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску створаны аргкамітэт Грамадзкай камісіі ў справе рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў. У яго ўвайшлі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, грамадзкіх рухаў і арганізацыяў.

Як паведаміў “Свабодзе” сябра аргкамітэту, праваабаронца Ігар Рынкевіч, ідэя Грамадзкай камісіі была ўхвалена Кангрэсам дэмакратычных сіл, які адбыўся 26-27 траўня. Яе дзейнасьць будзе скіравана на аднаўленьне правоў, кампэнсацыю маральнага й матэрыяльнага ўрону пацярпелых грамадзянаў.

Удзельнікі паседжаньня прымеркавалі сваю ініцыятыву да сэсіі Рады правоў чалавека ААН, якая адкрылася сёньня ў Жэнэве. Паводле спадара Рынкевіча, тут будзе гучаць й беларускае пытаньне. З нагоды сэсіі аргкамітэт прыняў адмысловую заяву, у якой гаворыцца пра неабходнасьць “адэкватных дзеяньняў” грамадзянскай супольнасьці, скіраваных супраць перасьледу ўладамі Беларусі сваіх палітычных апанэнтаў. У дакумэнце адзначаецца станоўчая роля спэцдакладчыка па Беларусі Адрыяна Сэвэрына. Аргкамітэт зазначае, што ў Беларусі па-ранейшаму парушаюцца правы й свабоды чалавека, не захоўваецца незалежнасьць судоў і адвакатаў. Аргкамітэт заклікаў удзельнікаў сэсіі захаваць у Радзе ААН інстытут і мандат дакладчыка ў справе становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Гэты дакумэнт будзе накіраваны ў Раду правоў чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG