Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пераходзіць на рынкавыя дачыненьні. З усімі.


Уладзімір Глод, Менск Сёньня ў Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава. Яна прысьвячалася чарговай гадавіне сувэрэнітэту і незалежнасьці Расейскай Фэдэрацыі.

Аляксандар Сурыкаў некалькі разоў зьвярнуў увагу на тое, што Расея пераходзіць з усімі без выключэньня краінамі на рынкавыя дачыненьні:

“Мы гаворым пра канкурэнтную рынкавую эканоміку. А яна ня можа існаваць у сфэры незразумелых прэфэрэнцыяў ды субсыдыяў. І Расея, і Беларусь будуць паступова пераходзіць на ўсясьветныя цэны й свабодныя тарыфы”.

Пасол адзначыў, што ў другой палове году ніякай палёгкі для Беларусі ня будзе — Расея і без таго многае робіць, каб беларуская эканоміка не пацярпела:

“Дзеля паступовай адаптацыі мы пагадзіліся ў першым паўгодзьдзі атрымліваць ад Беларусі толькі 55 даляраў за тысячу “кубоў” газу. За запазычанасьць трэба разьлічыцца сёлета. І гэта магчыма, паколькі база для разьлікаў ёсьць.

Беларускі бок бярэ са сваіх уласных спажыўцоў грошы ў поўным аб’ёме. Грошы, я думаю, акамулююцца на рахунках Міністэрства фінансаў Беларусі. І гэта справа беларускага боку. Але пасьля 1 ліпеня яны павінны вяртацца ў Расею.

А калі ўзьнікнуць нейкія неплацяжы, што цалкам магчыма, дык беларускі бок просіць крэдыт на паўтара мільярда даляраў у расейскага боку”.

Дыплямат згадаў, што ў расейскім бюджэце на ўсе крэдыты для краінаў СНД закладзена толькі 900 мільёнаў даляраў.

Выйсьце, сказаў ён, можна знайсьці, калі даваць крэдыт траншамі — прыкладам, сёлета 300—500 мільёнаў.

Сурыкаў выказаў зьдзіўленьне публічнымі камэнтарамі некаторых беларускіх экспэртаў, якія лічаць, што ў намеры расейцаў будаваць нафта- і газаправод у абыход Беларусі ёсьць палітычны падтэкст:

“Любы вытворца будзе змагаецца за “свой”, уласны транзыт. Бо тады грошы праз падаткі трапляюць у бюджэт Расеі. Таму мы і хочам, каб трубаправоды ішлі па расейскай тэрыторыі. І ня трэба ацэньваць любое эканамічнае дзеяньне менавіта з пазыцыі палітыкі.

Вось Менскі аўтазавод мае сваю ўласную дылерскую сетку ў Расеі? Гэта тое самае. Трактарны завод імкнецца адбудаваць свае сэрвісныя цэнтры па ўсёй Расеі. Гэта тое самае”.

Кіраўнік аналітычнага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе, што здарыцца зь беларускай эканомікай, калі Расея будзе і надалей весьці такую эканамічную палітыку:

“Па выніках першага паўгодзьдзя нічога страшэннага не адбудзецца. Беларусь выкараскалася коштам таго, што ўзялі вельмі многа крэдытаў і банкі, і Міністэрства фінансаў. І гэтыя грошы, па сутнасьці, ёсьць. І яны стануць той падушкай, якая дапаможа нашай эканоміцы і ў наступным паўгодзьдзі”.

Рэальныя цяжкасьці, лічыць экспэрт, для беларускай эканомікі пачнуцца з наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG