Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне тыдня: ці трапіць Беларусь у Шэнгенскую зону і калі?


Сяргей Астраўцоў. Праз колькі гадоў Беларусь можа далучыцца да Шэнгенскай зоны? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на гарадзенскіх вуліцах.

Спадар: “Я лічу, што гэта рэальна, але ўсё залежыць ад нашага ўраду. Колькі спатрэбіцца часу? Ня ведаю — можа, гадоў пяць”.

Малады спадар: “Мы гэтага адназначна хацелі б, але праз колькі гадоў — гэта немагчыма вызначыць. Чым раней, тым лепей”.

Ягоны прыяцель: “Я лічу, што хутчэй за ўсё празь некалькі гадоў Беларусь уступіць у Шэнгенскі саюз, але ў бліжэйшы час гэта не адбудзецца з аб’ектыўных прычынаў, зьвязаных і з палітыкай, і з эканамічнымі пытаньнямі”.

Малады спадар: “Мне гэта здаецца амаль нерэальным — гэтак жа, як і Ўкраіне ці Расеі трапіць у такія саюзы. Мы цягнемся бліжэй да Расеі, і нам у Шэнген нерэальна ўступіць. Я думаю, сам Лукашэнка ня пойдзе на такое, не дазволіць, бо ён кантралюе выезд усіх за мяжу, тым больш ён тады страціць прыбытак, дадатковую крыніцу”.

Малады спадар: “Гэта нерэальна”.

Спадар: “Складанае пытаньне, таму што ў дадзеным выпадку невядома, куды мы рухаемся, таму мне цяжка сказаць”.

Ягоны прыяцель: “Лепей, канечне, у Эўропу, чым у Азію. Гадоў дзесяць, напэўна, нам спатрэбіцца, каб трапіць у Шэнгенскую зону”.

Сталы спадар: “Мае дзеці жывуць у Ірляндыі, таму Шэнгенская зона — гэта было б вельмі зручна. Само жыцьцё прымусіць нас, гады праз два-тры, ня болей”.

Спадар: “Ці ўступіць Беларусь у Шэнгенскую зону? Калісьці, напэўна, уступіць, але я думаю, што ў наступныя тры гады — не”.

Спадарыня: “Ніколі. Мы ўвогуле неяк асобна ад Эўропы. Неяк самі сабе ў сваім маленькім сьвеце жывем, таму ня ведаю, ці здолеем мы ўвогуле калі-колечы далучыцца да Шэнгенскай зоны. Мне, як бізнэсоўцу, напэўна, гэта было б добра, таму што цяпер, калі Польшча туды ўступіць, як мы будзем зь візамі? Зрэшты, у мяне праблемаў з гэтым не павінна быць, але ж нашыя людзі масава езьдзяць туды падзарабляць, дык для іх узьнікнуць вялікія праблемы”.

Маладая спадарыня: “Я думаю, што для нас гэта было б карысна. Аднак далучэньне нашае зацягнулася б на шмат гадоў, я мяркую”.

Спадар: “Я думаю, што гэта цалкам рэальна, паколькі ўсе эўрапейскія краіны ведаюць, што Беларусь дзяржава досыць стабільная. І калі з боку нашай дзяржавы ўзьнікне такое жаданьне, я думаю, праблемаў з боку Эўразьвязу асабліва ня будзе. Аднак гэта ўжо не да мяне пытаньне, а да кіраўніцтва краіны. Але я думаю, што гадоў дзесяць пачакаць яшчэ давядзецца”.
XS
SM
MD
LG