Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе даклад Сэвэрына па Беларусі апошнім?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Палацы Нацыяў у Жэнэве адчынілася сэсія Рады ААН у правах чалавека, якая працягнецца да 18 чэрвеня. Заўтра на ёй плянуюць заслухаць справаздачу спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Адрыяна Сэвэрына.

Ад моманту прызначэньня Адрыяна Сэвэрына ў 2004 годзе спэцдакладчыкам беларускія ўлады ніводнага разу не пусьцілі яго на тэрыторыю Беларусі. Прадстаўнікі афіцыйнага Менску таксама пачалі ў Жэнэве агітацыю за скасаваньне мандату спэцдакладчыка ААН па Беларусі. Тлумачыць сытуацыю ў беларускім Міністэрстве замежных справаў адмовіліся.

Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі сказаў:

“Пакуль ідзе такая пазыцыйная вайна. У сваю чаргу я як праваабаронца, і прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека сустракаемся з нацыянальнымі дэлегацыямі розных краін — і тлумачым ім важнасьць гэтай пасады для аб’ектыўнай ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Таксама тлумачым, што ў нас адбываецца ў Беларусі”.

Паводле Алеся Бяляцкага, пакуль у гэтым пытаньні існуюць тры пазыцыі.

“Эўрапейскія краіны і некаторыя іншыя падтрымліваюць існаваньне гэтых пасадаў. Бо такая ж інтрыга ёсьць вакол спэцдакладчыка па Кубе, як і па Беларусі. І гэтыя два спэцдакладчыкі выклікаюць найбольш спрэчак у Радзе”.

Шэраг краінаў яшчэ ня вызначыліся. Катэгарычна супраць існаваньня гэтага мандату выступаюць Куба, Эгіпет, Кітай, Альжыр і Іран.

Пытаньне пра мандат спэцдакладчыка можа вырашыцца падчас гэтай сэсіі ў Жэнэве.

Паводле Адрыяна Сэвэрына, за час працы яму ўдалося паслаць сыгнал міжнароднай супольнасьці аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. А беларускім праваабаронцам і ахвярам — сыгнал пра міжнародную салідарнасьць.

Адрыян Сэвэрын жадае працягнуць мандат і пашырыць свае паўнамоцтвы. Ён таксама прапануе стварыць міжнародны фонд падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі. Ён далучаецца да рэкамэндацыяў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пра ўнясеньне неабходных паправак у Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека, якія зрабілі б магчымым яе падпісаньне Беларусьсю. Нават да таго моманту, калі Беларусь будзе адпавядаць патрабаваньням сяброўства ў Радзе.

У гэтым выпадку грамадзяне Беларусі маглі падаваць пазовы супраць парушэньняў сваіх правоў ў Эўрапейскі суд правоў чалавека.

Заўтра на сэсіі ў Жэнэве спадар Сэвэрын выступіць са сваім дакладам, які ацэньвае сытуацыю ў Беларусі за другую палову 2006 году. Заўтра ж пройдзе прэс-канфэрэнцыя, у якой возьме ўдзел Алесь Бяляцкі.

Падчас сэсіі Рады ААН у правах чалавека заслухаюць таксама спэцдаклады па сытуацыі ў Камбоджы, Самалі, Кубе і Гаіці.

• B>У ААН не выключаюць скасаваньня пасады дакладчыка па Беларусі • Беларусь не абраная ў склад Рады ААН у прaвох чалавека
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG