Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі абвастраюцца рэлігійныя дачыненьні?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: філёзаф, дыякан Пятро Рудкоўскі і сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Аляксей Шэін.

5 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка быў узнагароджаны ордэнам сьвятога Ўладзімера. Ці азначае гэта гармонію ў дачыненьнях дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў? Чаму ўлада імкнецца жорстка кантраляваць дзейнасьць канфэсіяў? Якія прычыны ўзмацненьня руху рэлігійнага супраціву?

Валер Карбалевіч: “Узнагароджаньне Аляксандра Лукашэнкі ордэнам сьвятога Ўладзімера, здавалася б, сьведчыць пра гармонію паміж дзяржаваю і рэлігійнымі інстытуцыямі. Аднак апошнія падзеі ў краіне паказваюць, што гэта ня так. Канфлікты паміж уладаю і вернікамі ўзмацняюцца.

Асабліва абвастраюцца дачыненьні ўладаў зь вернікамі пратэстанцкіх суполак. Апошні час Беларусь вымушаныя былі пакінуць 25 замежных грамадзянаў, якія займаліся рэлігійнай дзейнасьцю.

Напрыклад, пратэстанцкі сьвятар Лукасік чатырнаццаць гадоў прапаведаваў тут, і дасюль ніхто не заўважаў, што ён замежны грамадзянін. Іншага пастыра - Антона Бокуна - пакаралі трыма суткамі арышту за несанкцыянаванае набажэнства.

Незадаволеныя й каталікі тым, што менскія ўлады хочуць перабудаваць будынак кляштару бэрнардынаў і касьцёлу сьвятога Язэпа ў забаўляльны цэнтар.

Дык атрымоўваецца, што гармонія існуе толькі паміж дзяржаваю і праваслаўнай царквою. Можа ўлады імкнуцца ўстанавіць манаполію праваслаўнай царквы на рэлігійнае жыцьцё ў Беларусі?”

Пятро Рудкоўскі: “Мне здаецца, што дысгармонія ўласьцівая і стасункам дзяржавы і праваслаўнай царквы. Цяперашняя беларуская ўлада мае савецкі радавод і арганічна чужародная хрысьціянскай традыцыі.

У дзяржавы ёсьць адзіная стратэгія адносна царквы — стратэгія падпарадкаваньня, кантролю над усімі канфэсіямі. І тое, што ўлады часам прапануюць ім моркаўку, міралюбныя крокі, справы не мяняе”.

Аляксей Шэін: “Сапраўды, і праваслаўная царква зазнае ціск дзяржавы. Нагадаю факт, які адбыўся паўтара месяца таму.

У Гомелі вернікі Расейскай праваслаўнай царквы пасьля набажэнства хадзілі ў дом, каб там разьбіраць духоўныя пытаньні, чытаць Біблію. І вось туды ўварваліся супрацоўнікі міліцыі, КДБ, учынілі ператрус, пакаралі арганізатара судовым папярэджаньнем.

Стратэгія ўладаў у гэтай сфэры наступная. Па-першае, не дапусьціць аб’яднаньня хрысьціянскіх канфэсіяў дзеля абароны сваіх рэлігійных правоў і пашырэньня ўплыву рэлігійных каштоўнасьцяў.

Робяцца пэўныя прэфэрэнцыі для праваслаўнай царквы. Гэта трэба дзеля легітымізацыі рэжыму. Бо сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што да праваслаўнай царквы найбольшы давер у грамадзтве.

Гэта нагадвае сытуацыю падчас Другой усясьветнай вайны ў СССР. Калі быў здадзены Менск, Смаленск, Кіеў, то Сталін вырашыў асьвяціць сваю ўладу з дапамогай праваслаўнай царквы.

І цяпер у Беларусі падобная сытуацыя. Здалі “Белтрансгаз”, зьбіраюцца здаваць замежнікам шэраг іншых прадпрыемстваў. У гэтай сытуацыі ўладзе трэба падтрымка з боку праваслаўнай царквы, то бок, падтрымка з боку таго інстытуту, які карыстаецца даверам народу. Адсюль гэтая ўзнагарода ордэнам і іншыя знакі ўвагі”.

Чаму ўлада імкнецца жорстка кантраляваць дзейнасьць канфэсіяў?

Карбалевіч: “Абодва мае суразмоўцы ўжо згадвалі, што ўся палітыка ўладаў у дачыненьні да рэлігіі тлумачыцца імкненьнем кантраляваць рэлігійныя арганізацыі. Кіроўны рэжым імкнецца ўстанавіць поўны кантроль над усімі праявамі грамадзкага жыцьця.

А існаваньне незалежных ад улады рэлігійных суполак разбурае такую канструкцыю. Таму ўлады і ціснуць, імкнуцца не дапусьціць іхнага існаваньня.

А праваслаўную царкву спадар Лукашэнка, мусіць, лічыць цалкам падкантрольнай, таму стаўленьне да яе іншае. Яна становіцца як бы дзяржаўнай царквой разам зь дзяржаўнымі прафсаюзамі, дзяржаўнай маладзёвай арганізацыяй”.

Рудкоўскі: “Імкненьне да суцэльнага кантролю відавочнае. Калі ў 2002 годзе прымаўся закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, то ня толькі пратэстанты і каталікі, але і прадстаўнікі праваслаўнай царквы казалі, што гэта робіцца дзеля таго, каб мець інструмэнт кантролю.

Выпадак у Гомелі, прыгаданы спадаром Шэіным, паказвае, што гэты інструмэнт занесены і над праваслаўнаю царквою. Гэтую вэрсію пацьвярджае і прыклад з айцом Шрамком”.

Шэін: “Дзеяньні уладаў маюць пэўную лёгіку. З 1990-х гадоў яны пасьлядоўна імкнуцца зьнішчыць выспы свабоды. Спачатку разабраліся з палітычнай апазыцыяй, потым — зь бізнэсоўцамі. Потым дабраліся да прыватных прадпрымальнікаў, пісьменьнікаў, вернікаў.

Усе групы грамадзянаў, якія, як лічыць улада, ня згодныя зь дзяржаўнай палітыкай і ідэалёгіяй, яна залічвае ў ворагі.

Я лічу, што хрысьціянства — падмурак дэмакратыі. Калі ў нас будуць свабодна дзейнічаць хрысьціянскія цэрквы, то на гэты падмурак можна будзе паставіць дом палітычнай дэмакратыі. Думаю, што падсьвядома ўлада гэта адчувае, таму спрабуе задушыць хрысьціянскія супольнасьці.

Акрамя таго, тыя людзі, якія маюць ідэалы і прынцыпы, выклікаюць раздражненьне тых людзей, якія іх ня маюць, але ачольваюць уладу. Таму нелюбоў да хрысьціянаў тлумачыцца і пэрсанальнымі матывамі”.

Якія прычыны ўзмацненьня руху рэлігійнага супраціву?

Карбалевіч: “Апошнім часам ціск уладаў сустракае ўсё большы супраціў вернікаў. Пратэстанцкія суполкі арганізавалі збор подпісаў пад патрабаваньнем зьмяніць закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”.

Каталікі патрабуюць перадаць ім кляштар бэрнардынаў і касьцёл сьвятога Язэпа. У Віцебску вернікі патрабуюць аднаўленьня Сьвята-Мікалаеўскага сабору.

Вось учора вы, спадар Шэін, зь сябрамі ладзілі акцыю пратэсту супраць парушэньня свабоды веравызнаньня. Ці сьведчаць гэтыя асобныя факты пра адраджэньне рэлігійнага руху ці рэлігійнага супраціву ў Беларусі?”

Рудкоўскі: “Рэлігійная сфэра зьяўляецца найбольш блізкай для простых людзей. Пра гэта сьведчыць рух за адкрыцьцё цэркваў і касьцёлаў падчас гарбачоўскай перабудовы У якасьці прычыны пратэсту рэлігійны чыньнік стаіць на другім месцы пасьля эканамічнага.

Дэмакратычныя і нацыянальныя каштоўнасьці зьяўляюцца больш элітарнымі. Думаю, што гэтыя акцыі пратэсту будуць працягвацца і набываць яшчэ большую дынаміку”.

Шэін: “Ёсьць некалькі прычынаў гэтага пратэсту. Па-першае, улада сама справакавала яго лішнім зацісканьнем гаек. Па-другое, дзеля арганізацыі пратэсту праводзіцца пэўная праца.

У канцы красавіка ў Беларусі пачалася кампанія ў абарону свабоды сумленьня. Яе ініцыятарамі былі прадстаўнікі аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Да іх далучыліся рэлігійныя грамадзкія арганізацыі, найперш пратэстанцкія.

Гэта найбольш пасьпяховая грамадзкая кампанія ў краіне часам найноўшай гісторыі. Ёй ахопленыя каля 200 гарадоў, мястэчак і вёсак. Трохі больш як за месяц было сабрана 20 тысяч подпісаў з патрабаваньнем перагледзець найбольш адыёзныя палажэньні закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. Яны будуць перададзеныя ў органы ўлады. Увогуле мы плянуем сабраць 50 тысяч подпісаў.

Дрэнна, што пытаньне аб свабодзе сумленьня ў Беларусі не акцэнтавалася ў стасунках ЗША, ЭЗ зь Беларусьсю. Увогуле, гэтая тэма можа аб’яднаць шырокую частку грамадзтва. Тым больш, што вернікі — людзі самаахвярныя. Яны змагаюцца за духоўныя каштоўнасьці, каштоўнасьці вышэйшага парадку. Я ўпэўнены, што рэлігійнае абуджэньне папярэднічае палітычнаму ўздыму ў краіне”.

Карбалевіч: “Такім чынам, дзейнасьць недэмакратычнага палітычнага рэжыму, які імкнецца ўзяць пад кантроль рэлігійныя арганізацыі, спрычыняецца да абвастрэньня рэлігійных супярэчнасьцяў”.
XS
SM
MD
LG