Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Я калі чую Быкава, мяне цягне чытаць і перачытваць тое, што ён напісаў"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 11 чэрвеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня: “Усё-такі ЗША прымусілі Расею цаніць як блізкіх, так і дальніх суседзяў. Цяпер прыйдзецца прапанаваць нешта каштоўнае Прыбалтыцы, Украіне, Грузіі, Польшчы і гэтак далей, каб яны зьмянілі гнеў на міласьць. Каштаваць гэта зьмена будзе нятанна. Так што спадару Пуціну за пагрозы, за хамства і гэтак далей прыйдзецца заплаціць”.

Спадар: “Я калі чую Быкава, мяне зноў усё цягне чытаць і перачытваць тое, што ён напісаў... Я хачу заклікаць моладзь. Скідайце атруту прапаганды, замешаную на тумане тупой папсы! Бо праўда Быкава аб вайне, сказаная ў аповесьці “Мёртвым не баліць” ня толькі жахлівая, але б’е ўсіх. І мяне старога, і маладых павінна біць у самае сэрца, каб бераглі дзетак сёньня. Каб сёньня бераглі дзетак, бо сталіншчына і гітлерызм ня згубленыя. Яны яшчэ недзе схаваліся і чакаюць свайго часу. Беражыце нашу культуру! Культуру Купалы, Коласа, Быкава адвечна! Беражыце Радзіму і сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей”.

Марыя, Пінск: “Наша сям’я падтрымлівае Адміністрацыю прэзыдэнта. Слушна, што многія ільготы трэба скасаваць. Мы не павінны таптацца на месцы, а думаць, як жыць далей. Мы любім і шануем, што ёсьць у нашай роднай Беларусі людзі, якія дбаюць пра будучыню, каб нам было лепей. Ня трэба нам бераг амэрыканскі. Мы самі творцы сваёй лепшай долі. Усе разам будзем дапамагаць прэзыдэнту, каб наша краіна квітнела і надалей”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”. Нейкая няёмкасьць ёсьць, калі гаворка пра ільготы, але скажу. Зь ільготамі, канечне, трэба наводзіць парадак. Але наўрад ці гэта магчыма ў цяперашняй Беларусі. Адрасная дапамога па ўказу прэзыдэнта малаверагодна, што пойдзе па адрасу. Калі ўсё, увесь стыль нашага жыцьця прасякнуты маной. Хто, прабачце, трэцца каля ўладнай намэнклятуры, могуць не пагрэбаваць і ліпавымі паперкамі на інваліднасьць, на льготы. А тыя дактары, што адкінулі ў бок сумленьне разам зь клятвай Гіпакрата могуць за гэта добра мець. Калі ў нэўралягічным аддзяленьні раённай бальніцы могуць таемна трымаць і лячыць алькаголікаў па пратэкцыі, што можна яшчэ дадаць? Я іншыя нэўралягічныя хворыя няхай сабе праўдамі і няпраўдамі дабіваюцца лячэньня ў бальніцы. Так і хочацца дадаць: жабрацкага лячэньня. У гэтай краіне многае пастаўлена з ног на галаву, і можна да любых указаў і льготаў прыстасавацца, абы была б за сьпіной негалосная падтрымка. Усё даўно прагніла, але грамадзтва ўпарта маўчыць. Упарта неяк зь цяжкасьцю прыстасоўваецца. Ды дакуль? Можам праваліцца на самае дно. Прабачце, што трохі злосна сказала. Ды гэта рэаліі нашага нялюдзкага жыцьця. Дзякуй, што выслухалі. Усяго найлепшага ў працы”.

Посахаў Леанід, Маладэчна: “Я хацеў бы сказаць, што калі наш вярхоўны, Аляксандр Рыгоравіч, кажа пра нашу сьвятую Ефрасіньню Полацкую і выхоплівае асобныя факты, асобныя гістарычныя моманты, ніяк іх ня зьвязваючы з гісторыяй Беларусі і Княства Літоўскага, гэта тое самае, як я за савецкім часам падаваў заяўку на вынаходку. І мне зарубілі. У мяне ўзялі асобны факт адтуль, потым адсюль. А яно ніяк не было зьвязана. І ён зараз таксама кажа абсалютна паза кантэкстам нашай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта скажэньне, гэта аблуда масаў і народа. Падмануць і паказаць сябе найлепшым і прыгожым. Гэта перш за ўсё, няведаньне гісторыі нашага народу. Гэта зноў абалваньваньне нашага народа”.
XS
SM
MD
LG