Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расьце колькасьць лягераў ваенна-патрыятычнага выхаваньня?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёлета больш як паўмільёна дзяцей трапяць на адпачынак у летнікі – пра гэта сьведчаць зьвесткі афіцыйнай статыстыкі. Першую зьмену вызначае павялічаная колькасьць ваенна-патрыятычных лягераў. Тут працуюць супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і Дзяржкамітэту памежных войскаў.

Узброеныя сілы Беларусі налічваюць 55 тысяч афіцэраў, прапаршчыкаў ды салдатаў. Кожны зь пяці вайскоўцаў сёлета будзе выхоўваць аднаго школьніка ў лягерах пры вайсковых частках. Гэты расклад вынікае зь інфармацыі супрацоўніцы Мінабароны Вольгі Жылінскай:

“Увогуле, цяпер каля 160 лягераў і больш як 12 тысяч падлеткаў. А заявак было, як мінімум, у тры разы больш”.

На пяць вайскоўцаў – адзін “цяжкі” падлетак

Вайскоўцы перадусім мусяць перавыхоўваць дзяцей і падлеткаў, якія учынілі злачынствы ці правапарушэньні. Такіх цяпер на уліку 17 тысяч. Акрамя таго, сёлета ў школах Беларусі працуюць 198 ваенна-патрыятычных і абаронна-спартовых летніх груп. Як да адпачынку пад апекай вайскоўцаў ставяцца самі бацькі і іхныя дзеці? Адказы на пытаньне запісваю ля будынку міністэрства абароны ў Менску.

“У нас хлопчык, – кажа спадарыня Валянціна, – дык таму і лягер вайскова-патрыятычны”.

Спадар Іван:

“Вельмі добра. Мусяць выхоўвацца і рыхтавацца да войска”.

Мікіта, 13 гадоў:

“Вайсковы лягер? Каб усё было па струнцы: пад’ём, адбой? Не, не хачу”.

Аляксандар, 15 гадоў:

“Мне лепш падабаецца адпачынак у звычайным летніку. Там дыскатэкі розныя. Ня трэба, каб камандавалі”.

Віктар, 16 гадоў:

“Я выбіраю звычайны летнік. Такі адпачынак праверыў на сабе”.

Ірына, 15 гадоў:

“Я увогуле супраць лягераў. Лічу, што дзецям лепш пры бацьках”.

Паводле Беларускага цэнтру аздараўленьня насельніцтва, сёлета зачыненыя яшчэ 80 састарэлых летнікаў. Усяго застаецца каля 700 стацыянарных лягераў і арэндаваных базаў. Дзьве траціны з былых піянэрлягераў патрабуюць капітальнага рамонту.

Мікола Статкевіч: “Вайсковай рамантыкай у летніках ачмураюць дзяцей”

Пра яшчэ адну прычыну перамяшчэньня летняга адпачынку дзяцей ў вайсковыя казармы гаворыць падпалкоўнік запасу, палітык Мікола Статкевіч:

“БРСМ не спрацоўвае. Гэтыя маладыя цынікі ня здольныя пераканаць, натхніць, запаліць верай у Лукашэнку новае пакаленьне. А, па-другое, ёсьць спадзяваньне на тое, што гэта здольныя зрабіць вайскоўцы. Замяшаць Аляксандра Рыгоравіча з вайсковай рамантыкай у летніках – аўтаматамі, гульнямі. Ачмураюць моладзь. Бачаць, што моладзь губляецца”.

• Куды ўладкаваць дзіця на лета?, 31.05.2007 • Дзе шукаць недзяржаўны летнік?, 1.06.2007 • ЭПОХА беларускага рабства , Беларус • Летні адпачынак з «Caritas», Рыма-каталіцкі касьцёл на Беларусі
XS
SM
MD
LG