Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ЗША: "Жывём зьменамі"


Тацяна Поклад pokladt@ yahoo.co.uk --> mailto:pokladt@yahoo.co.uk Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне абрала новага старшыню Вячку Станкевіча. Упершыню ў галасаваньні брала удзел моладзевая арганізацыя. Што зьменіцца ў грамадзкім жыцьці амэрыканскіх беларусаў? Ці сучаснай беларускай моладзі, якая ўсё больш часу аддае віртуальнай актыўнасьці, цікавая праца грамадзкай арганізацыі старой дыяспары?

Малады гісторык зь Беларусі Мікалай Цімашэнка вучыцца і працуе ў ЗША. У Нью-Ёрку ён жыве два з паловай гады – амаль столькі ж гадоў мае і моладзевая арганізацыя, лідэрам якой ён зьяўляецца і якая 26 траўня брала удзел у кангрэсе Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), найстарэйшай беларускай арганізацыі за мяжой, створанай у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя.

Цімашэнка: “Для мяне й маіх сяброў гэта было вельмі цікава. У кангрэсе брала ўдзел моладзь з нашай арганізацыі. Моладзі было каля 20% ад агульнай колькасьці дэлегатаў. Мы будзем пераймаць справу старэйшых – гэтая справа не павінна памерці, мы будзем несьці гэты сьцяг і перадамо яго новым эмігрантам, калі яны будуць прыяжджаць”.

Змаганьне было дэмакратычным

Арганізацыя, якую ачольвае Мікалай Цімашэнка – Згуртаваньне беларускай моладзі Амэрыкі – гэта моладзевая філія Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня. А задзіночаньне на кангрэсе абірала новага старшыню. Было дзьве кандыдатуры вядомых дзеячоў беларускай эміграцыі – Вячкі Станкевіча і шматгадовага старшыні Галоўнай управы Антона Шукелойця. Узрост – яму на пачатку ліпеня будзе 92 гады – зусім ня перашкода яго актыўнай дзейнасьці, кажа моладзевы лідэр Мікалай:

“Спадар Антон – цікавы чалавек, спадар Вячка – цікавы чалавек, абодва людзі вартыя і шанаваныя. Было прыемна і папросту цікава назіраць, змаганьне было сапраўды дэмакратычным, адкрытым, усё прайшло як мае быць паводле прынцыпаў дэмакратыі”.

Мікалай таксама распавёў, што на просьбу моладзі абодва кандыдаты падрыхтавалі і апублікавалі свае праграмы дзейнасьці. Новы старшыня быў абраны ў часе закрытага галасаваньня зь перавагай два галасы.

“Я магу жыць лепей”

Кіраўніком Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня – старшынём галоўнай управы – быў абраны Вячка Станкевіч, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, які паходзіць зь Вільні, сын аднаго з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў ХХ стагодзьдзя Янкі Станкевіча.

Вячка Станкевіч каля 10 гадоў ачольваў Беларускую рэдакцыю Радыё Свабода, а пасьля ініцыяваў і праводзіў разам з ТБМ цыкл сэмінараў для Беларусі “Я магу жыць лепей”, якія многім дапамаглі адчуць сэнс і значнасьць свабоды.

Ці азначае абраньне новага старшыні ўправы зьмены ў Беларуска-амэрыканскім задзіночаньні?

Вячка Станкевіч дзеліцца сваім меркаваньнем:

“Жывём зьменамі. Тыя ўстановы, якія не зьмяняюцца, паміраюць. Бо трэба ісьці з духам часу.
"Цяпер хваля эміграцыі крыху падобна да пачатку 1950-х"
Асноўныя прынцыпы дзейнасьці павінны застацца такімі, якія ёсьць і цяпер, але спосаб працы і, зразумела, людзі, якія будуць працаваць – у гэтым павінны быць зьмены. У гэтым дачыненьні зьмены будуць, бо прыходзяць новыя людзі, новыя пакаленьні. Але асноўная мэта – служыць Беларусі, хоць бы і за мяжой, – застаецца нязьменнай”.

“Цяпер хваля эміграцыі крыху падобна да пачатку 1950-х”

Цягам апошніх гадоў значна павялічылася колькасьць беларусаў, якія прыяжджаюць у Амэрыку вучыцца альбо працаваць. Дакладнага ўліку ўсіх гэтых людзей не існуе і ў самой Беларусі. Вячка Станкевіч мяркуе, што лік ідзе ўжо на тысячы. Ці гэта пераважна моладзь?

“Так, вядома, але й ня толькі. Бо шмат людзей прыяжджае з гэтак званымі “зялёнымі картамі”, і гэта цэлыя сем''і. Цяпер сытуацыя пачынае быць крышку падобнай да часоў 1949 – пачатку 1950-х гадоў, калі БАЗА пачыналася. Бо ёсьць цэлы спэктар сямейны, ня толькі студэнты альбо маладыя людзі шукаюць шчасьця ў сьвеце. Але ёсьць і розьніца. Бо ў паваенным часе прыяжджала цэлая хваля з былых лягераў для перамешчаных асобаў. Цяпер – асобнымі сем''ямі, паасобку. І шмат хто – дзеля эканамічных прычынаў і расплываецца тут у эміграцыйным моры былога СССР. Не такі вялікі працэнт зь іх далучаецца да нашых арганізацыяў”, - кажа Вячка Станкевіч.

БАЗА будзе пашырацца

Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, найстарэйшая беларуская грамадзкая арганізацыя замежжа, заснаваная ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя – стаіць цяпер напярэдадні новых зьменаў. Як распавёў Вячка Станкевіч, новымі будуць мэтады працы, бо прыяжджаюць новыя людзі.

Вячка Станкевіч адзначае, што будзе працягвацца праца па лабіяваньню беларускіх праблемаў у Кангрэсе ЗША, ну а новая праца і новыя крокі – гэта ня справа яго аднаго, але ўсіх разам. На ягоную думку, варта зьмяніць і той звычайны для замежжа стан рэчаў, калі “працу сотняў чалавек выконваюць дзясяткі”: Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне будзе пашырацца.

В. Станкевіч дзеліцца плянамі дзейнасьці:

“Гляджу на наступны этап маёй працы ва ўправе БАЗА як на магчымасьць працаваць з працаздольнай камандай.

У ліку асноўных задачаў – па-першае, дапамагчы заснаваць новыя аддзелы арганізацыі па ўсёй Амэрыцы. Цяпер нейкая дзейнасьць адбываецца пераважна ў Нью-Ёрку, Кліўлэндзе, Нью-Джэрзі – дарэчы, менавіта там, дзе існавалі цэрквы.

Па-другое – дапамагчы стварыць выканальную культурна-асьветную праграму.

І трэцяе – паколькі тысячы людзей прыяжджаюць гадамі ў Амэрыку, і ў тыя месцы, дзе беларускай дыяспары раней зусім ня было, трэба стварыць умовы, каб мы ведалі, што яны прыяжджаюць.

Тут магчымая і дапамога такой арганізацыі, як Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. А нам трэба дапамагчы новым тут беларусам асвоіць гэтую чужую для іх краіну. Такім чынам больш іх застанецца пры беларускіх установах і ў свой час, калі ў Беларусі гэта будзе магчыма, дапамагчы Беларусі ізноў стаць свабодна на ногі”.

Дапамога

Людзі зь Беларусі, тыя хто плянуе прыехаць у Амэрыку альбо прыехаў нядаўна, часьцяком зьвяртаюцца па парады і дапамогу паводле асабістых кантактаў. Да прыкладу, шмат пішуць Віталю Зайку, Вітаўту Кіпелю. Цяпер Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне будзе арганізавана дапамагаць такім беларусам, кажа Вячка Станкевіч:

“Пажадана – але гэта возьме крыху часу – зрабіць гэта больш арганізавана для тых, хто хацеў бы далучыцца і каму патрэбная дапамога. Асабліва калі гэта сем''і, бо тады ёсьць магчымасьць дапамагаць у розных частках жыцьця, розным пакаленьням – і старэйшым, і дзецям. Так, гэта адзін з самых важных пунктаў нашай будучай дзейнасьці. Сфармаваць гэтае прыняцьцё для тых беларусаў, якія прыехалі нядаўна”.

Моладзевая філія БАЗА, якая мае свой асобны статут, ня ставіць на мэце быць масавай арганізацыяй – альбо, магчыма, цяпер і тут плянуюцца зьмены?

Адказвае Мікола Цімашэнка:

“Мы зацікаўленыя ў якасных кадрах. У нас няма мэты быць масавай арганізацыяй. Але мы дапамагаем тым людзям, якія да нас зьвяртаюцца з канкрэтнымі праблемамі. Мы дапамагаем атрымаць пазыку, паступаць ва ўнівэрсытэты. Тыя, хто толькі прыехаў, мала ведаюць пра ЗША, яны жывуць у палоне ілюзіяў у першыя часы.

Мы кансультуем у эміграцыйных пытаньнях, у нас на форуме адкрыты эміграцыйны разьдзел. Можна зьвяртацца з пытаньнямі, мы кансультуем бясплатна. Мы дапамагаем і такім чынам мацуем нашую грамаду”.

Нязгода ці супраца?

Нязгода ў той ці іншай ступені існуе ва ўсіх эміграцыйных асяродзьдзях. У гэтым вінавацяць часам беларускія спэцслужбы, часам – няздольнасьць саміх людзей перамагчы мінулыя канфлікты і ўласныя амбіцыі.

У ЗША ёсьць і іншыя моладзевыя беларускія арганізацыі. Актыўна працуе Беларускі моладзевы рух – як у віртуальнай, так і ў рэальнай прасторы. Апрача іншага, 3 чэрвеня створаны гэтым Рухам Беларускі музэй мастацтва арганізаваў пэрсанальную выставу вядомага беларускага мастака Міколы Купавы ў Нью-Ёрку. Беларускі моладзевы рух Амэрыкі дапамагае змагацца з хакерскімі нападамі на сайт Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, якія дасюль працягваюцца.

“Кантакты ёсьць увесь час, бо “круцімся” на тым самым месцы. Бываем на тых самых пратэстах, дэманстрацыях. Сустракаемся ў царкве і ў справах царквы. Але такога фармальнага супрацоўніцтва няма, бо гэта розныя арганізацыі.

Але заўсёды ёсьць жаданьне працаваць разам на карысьць Беларусі, і каб было як найменей такіх унутраных разыходжаньняў, а як найболей рабіць карыснае для Беларусі”, – кажа Вячка Станкевіч.

Віртуальная глябальная моладзевая супольнасьць

Тая беларуская моладзь у Амэрыцы, якую не прывабліваюць традыцыйныя формы арганізацыі і якая сваю грамадзкую актыўнасьць рэалізуе ў віртуальнай прасторы, не бярэ звычайна ўдзелу ў імпрэзах БАЗА. “Мы не далучаемся да старых арганізацыяў дыяспары”, – кажа адна з актывістак беларускай віртуальнай супольнасьці Міхаліна, якая жыве ў Вашынгтоне:

“Напэўна, праблема ў тым, што старая дыяспара працуе даволі павольна, а моладзевы максымалізм, аптымізм, бурлівая дзейнасьць проста ня могуць зьмяшчацца ў межах павольнасьці старой дыяспары.

Старэйшае пакаленьне больш скіраванае на фізычны кантакт – то бок на імпрэзы, сходы. Сайты у іх статычныя. Моладзь ідзе больш дынамічным шляхам, які дазваляюць сучасныя тэхналёгіі.

І для нас самае галоўнае – гэта супрацоўніцтва з актывістамі ў Беларусі, і на сяброўскім узроўні, і на ўзроўні супольных праектаў. А старыя дыяспары больш скіраваныя на працу ўнутры дыяспары. У нас і становішча рознае – для нас не стаіць настолькі востра праблема захаваньня беларускага ідэнтытэту, мы не баімся асыміляцыі, мы не адрываліся ад Беларусі і мы – не эмігранты.

А цяпер мы хочам злучыць моладзевых актывістаў за мяжой і ў самой Беларусі, думаю, гэта будзе пазытыўным момантам у дзейнасьці і самой дыяспары.

Пакуль што існуе адрозьніваньне паміж старэйшай і маладзейшай дыяспарамі, не магу сказаць, што ёсьць шчыльнае супрацоўніцтва. Існуе пэўная насьцярожанасьць з боку старэйшых адносна моладзі, але, думаю, гэта з часам пройдзе, калі мы пакажам, што можам сапраўды працаваць і стацца сапраўднай зьменай старэйшай дыяспары”.

Новы старшыня БАЗА Вячка Станкевіч актыўна карыстаецца інтэрнэтам кожны дзень, разумее яго магчымасьці – як ён ставіцца да грамадзкай дзейнасьці ў сеціве?

“Я бачу карысьць гэтага, але і бачу, што віртуальныя ўстановы, як і віртуальныя кантакты могуць стацца віртуальнай працай. А хацелася б, каб праца была канкрэтнай. Мне здаецца, што тыя, хто думае, што можна працаваць толькі ў віртуальнай прасторы, пераканаецца, што калі патрэбныя вынікі, то патрэбныя таксама і блізкія чалавечыя адносіны, а ня толькі электронныя”, – кажа сп. Станкевіч.

“Усё будзе бачна пад час працы”

Тая моладзь, для якой цікавыя традыцыйныя формы грамадзкай працы і якая брала ўдзел у кангрэсе БАЗА, далучылася да каманды новага лідэра. Гражына Залеўская кажа, што ёй падабаецца такая праца:

“На кангрэсе на кожным з нас была вялізарная адказнасьць. Гэта быў вельмі складаны выбар. З аднаго боку – вельмі мной паважаны Антон Шукелойць, сапраўды чалавек-гісторыя. З другога – Вячка Станкевіч – энэргічны, эмацыйны, поўны ідэяў.

Галоўнае заставацца маладым у душы, і няважна, колькі чалавеку гадоў. І зьмены – гэта заўсёды добра, калі мы будзем ісьці наперад. Я зычу Вячку Станкевічу ісьці наперад, дай яму Бог здароўя, плёну на карысьць нашай беларускай справы ў Амэрыцы і нашай Бацькаўшчыны.

Я вельмі задаволеная, што Вячка Станкевіч прыняў такое рашэньне – ўзяць у сваю каманду моладзь, таму што моладзь – гэта заўсёды новыя ідэі. А ўсё будзе бачна падчас працы, таму – хай дапаможа нам Бог!”

Мікалай Цімашэнка:

“Што да спадара Вячкі, ён вельмі працавіты і энэргічны чалавек, я зычу яму плёну. Я спадзяюся, што арганізацыя зь ім разам набудзе новае аблічча.

Перад абраньнем моладзь прасіла абодвух кандыдатаў апублікаваць праграмы, каб пасьля абраньня мы маглі пабачыць пазьней, што было зроблена з плянаванага і абяцанага і што – не, і чаму. Я думаю, што большасьць задуманага Вячкам Станкевічам зьдзейсьніцца, бо ён энэргічны чалавек і яго пляны сапраўды амбіцыйныя”.

Кантакты БАЗА можна знайсьці на . Кантакты моладзевых лідараў – удзельнікаў перадачы можна знайсьці на сайтах Згуртаваньня беларускай моладзі Амэрыкі альбо Беларускага моладзевага руху Амэрыкі, а з актывісткай віртуальнага беларускага руху Міхалінай, якая брала ўдзел у перадачы, можна скантактавацца па адрасе initiativegroup@nashih.info.


• Гутарка з новым кіраўніком Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Вячкам Станкевічам, 31.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG