Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпіньскі: Будзем старацца стаць амбасадарам Беларусі ў Эўропе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Адзін з найбольш уплывовых палітыкаў Польшчы, кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы міністар Адам Ліпіньскі сказаў "Свабодзе", што Варшава будзе і надалей прытрымлівацца курсу падтрымкі дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Прэм’ер-міністар Польшчы Яраслаў Качыньскі і міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Казімеж Уяздоўскі сталі ганаровымі патронамі Фэстывалю беларускай культуры, які скончыўся напярэдадні ва Ўроцлаве. Спадар Ліпіньскі кажа, што для цяперашніх польскіх уладаў гэта натуральны жэст падтрымкі для беларускай культуры.

“Я нагадаю, што ў цяперашнім урадзе Польшчы большасьць людзей займаліся апазыцыйнай дзейнасьцю яшчэ ў 70-я гады ў камуністычнай Польшчы і для нас гэта натуральная рэч – дапамагчы іншым. Мы будзем гэта рабіць, укладаць шмат сродкаў і энэргіі, каб дапамагаць беларускаму народу”

Ці значыць гэта, што ніякай зьмены палітыкі Варшавы што тычыцца і стаўленьня да беларускіх уладаў і да грамадзянскай супольнасьці ня будзе? Некаторыя газэты пішуць, што Захад можа пайсьці на дыялёг з афіцыйным Менскам, абмежаваць падтрымку дэмакратычных сілаў.

Ліпіньскі: “Абсалютна не! Няма такой рызыкі. Я магу з усёй адказнасьцю сказаць, што кіруючая цяпер партыя “Права і справядлівасьць” ніколі на гэта ня пойдзе. Але, думаю, калі б і апазыцыйная “Грамадзянска плятформа” прыйшла да ўлады, было б таксама. Палітыка Польшчы ў гэтай справе адназначная і ня зьменіцца, пакуль ня будзе зьменаў сыстэмы ў Беларусі”

Апошнім часам нярэдка можна пачуць, што афіцыйны Менск ідзе на саступкі міжнароднай супольнасьці, зьмякчаючы, напрыклад, выракі для апазыцыйных актывістаў. Як на гэта глядзяць у Варшаве?

Ліпінські: “Я ня ведаю, ці гэта сапраўды саступкі ці толькі часовая тактыка, але што я дакладна ведаю, дык жорсткі падыход да людзей, якія толькі выказваюць свае думкі, непрымальны для міжнароднай супольнасьці. Калі Лукашэнка хоча мець з суседзямі добрыя дачыненьні, дык ён павінен канчаткова адмовіцца ад такой практыкі. Можа апошнія захады гэта сымптом пераменаў, якія надыходзяць. Я спадзяюся, што перамены сапраўды будуць, што гэта ня толькі тактычная гульня”.

Польшча падтрымала на дзяржаўным узроўні стварэньне незалежнага тэлеканалу для беларусаў. Раней ніхто нічога падобнага не рабіў...

Ліпіньскі: “Тэлебачаньне для Беларусі пачне працаваць восеньню. Гэта найвялікшы праект дапамогі Беларусі ня толькі ў Польшчы, але і, бадай ва усім сьвеце. Спадзяюся, што гэта будзе эфэктыўны сродак прабіцца да беларусаў з аб’ектыўнай інфармацыяй”

Кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера падкрэсьліў таксама, што Варшава будзе дапамагаць Беларусі на яе будучым шляху ў Эўразьвяз.

Ліпіньскі: “Мы напэўна будзем старацца, каб у часе, калі сыстэма ў Беларусі зьменіцца, стаць амбасадарам Беларусі ў Эўропе, а таксама дамагацца далучэньня Беларусі да Эўрапейскага зьвязу”.

Уроцлаў, 10.06.2007. Адам Ліпіньскі і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч Адам Ліпіньскі і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG