Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалізм на могілках становіцца праблемай нацыянальнага маштабу


Галіна Абакунчык, Менск У Магілёве пашкоджаныя чатыры помнікі на старэйшых у горадзе каталіцкіх могілках. Напачатку чэрвеня некалькі дзесяткаў надмагільляў парушаныя на старадаўніх кладах Бабруйску. Цягам месяца міліцыя шукае зламысьнікаў, якія апаганілі габрэйскія могілкі ў Барысаве.

Помнікі на могілках у Магілёве вандалы разбуралі цягам некалькіх дзён. Аднак у аддзеле міліцыі Ленінскага раёну Магілёву, на тэрыторыі якога знаходзяцца клады, кажуць, што нічога пра гэта ня ведаюць. Гаворыць намесьнік начальніка управы крымінальнага вышуку Алег Котаў:

“Да нас, пакуль, заяваў не паступала. Я даў распараджэньне супрацоўнікам, заедуць, паглядзяць, што там. Але пакуль адміністрацыя могілак да нас не зьвярталася”.

У Барысаве крымінальная справа была распачатая неўзабаве пасьля факту вандалізму. Там на габрэйскіх могілках было разьбіта 16 помнікаў. Аднак цягам месяца зламысьнікаў так і не знайшлі, кажа кіраўнік мясцовай габрэйскай арганізацыі Міхаіл Перац:

“Крымінальная справа распачатая, але на сёньня, а я кантралюю гэтую справу, ніхто ня выяўлены. І канцоў, пакуль, ніякіх няма”.

Як паведаміў Міхаіл Перац, гэта ня першы акт вандалізму на габрэйскіх могілках у Барысаве.

Траіх мясцовых пэтэвэшнікаў-вандалаў затрымала бабруйская міліцыя. Аднак, гэта хутчэй выключэньне з агульнага правіла, кажа мясцовы грамадзкі актывіст Алесь Чыгір:

“Гэтая зьява – яна адбываецца ў нас, практычна, рэгулярна. І хутчэй за ўсё, на гэта ўжо не зьвяртаюць увагу, нават не распачынаюць крымінальную справу. Бо гэта ж не абакралі кватэру, і не на вуліцы цябе пабілі. Нават у людзей, напэўна, няма такой думкі зьвяртацца ў міліцыю з гэтай нагоды”.

Апаганьваньне помнікаў у Курапатах, дзе ніколі не былі выяўленыя злачынцы, увогуле сталая зьява, кажа дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў:

“Гэтая тэндэнцыя зараз ідзе па нарастаючай. Апаганьваюцца, як правіла, месцы пахаваньня ахвяраў рэпрэсіяў, габрэйскія могілкі і ўжо ёсьць факты апаганьваньня месцаў пахаваньня пэрыяду Вялікай айчыннай вайны. Першапрычынай, я лічу, ёсьць нізкі ўзровень культуры, якія складаецца апошнімі гадамі. А таксама павелічэньне шэрагаў прафашыстоўскіх арганізацыяў, супраць якіх улады ня робяць ніякіх захадаў. У выніку, яны беспакарана дзейнічаюць і ў Курапатах, і на габрэйскіх могілках, і на звычайныя могуць зайсьці. І, як былі факты, да 20 помнікаў разбурыць. Але мы ня можам адназначна казаць, хто гэта робіць, бо ў Курапатах, да прыкладу, ніводнага выпадку не было раскрыта”.

Прыклады вандалізму ў Менску былі зафіксаваныя таксама ў адносінах мэмарыялаў і культавых будынкаў. Так, летась, падчас сьвяткаваньня Хэлоўіна ў адным зь мікрараёнаў сталіцы невядомыя падпалілі царкву. Некалькі разоў быў апаганены мэмарыял ахвярам менскага гета “Яма”. У Курапатах шматразова разбуралі помнік ахвярам рэпрэсіяў, які ў падарунак беларускаму народу перадаў народ Амэрыкі.

• У Бабруйску апаганеныя гарадзкія могілкі, 02.06.2007 • У Курапатах – новы акт вандалізму , 21.04.2007
XS
SM
MD
LG