Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія дзеці маглі быць ахвярамі нямецкіх чыноўнікаў-пэдафілаў


Радыё Свабода “Дзеля таго, каб прыватызаваць дзяржаўную маёмасьць былой ГДР, мафія падкладала ў ложкі нямецкіх чыноўнікаў з усходніх земляў ФРГ дзяўчат ды малалетак з Расеі, Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, іншых постсавецкіх і усходнеэўрапейскіх краін”. Матэрыялы на гэты конт утрымліваюцца ў справаздачах Саксонскага фэдэральнага ведамства па ахове Канстытуцыі. Днямі гэтая інфармацыя трапіла ў нямецкія СМІ.

Як піша журналістка Хільдэгард Мінзопуст з Neue Rheinische Zeitung, ад пачатку 90-х злачынствы ажыцьцяўляліся літаральна на вачах саксонскай пракуратуры і СМІ. Тыя паліцэйскія, якія сумленна зьбіралі ўлікі ў ланцужку “жывы тавар - пэдафілы- злачынная прыватызацыя”, адхіляліся ад сьледзтва.

За апошнія 15 гадоў Нямеччына паступова ператварылася ў лідэра сэксуальнага гандлю, а Беларусь займае далёка не апошнюю пазыцыю сярод пастаўшчыкоў жывога тавару,– сьведчаць прадстаўнікі заснаванай у 1918 годзе ў Дортмундзе праваабарончай ініцыятывы па працы з ахвярамі сэксуальнага гвалту “Mitternachtsmission”.

“З кожным годам сярэдні узрост уцягнутых ў сэксуальнае рабства прадстаўнікоў постсавецкіх краін маладзее",– гаворыць супрацоўніца дортмундзкай ініцыятывы Сабіна.

Што да гандлю дзецьмі, то ён яшчэ больш прыбытковы за гандаль жанчынамі. Калі ў Расеі, Украіне, Беларусі ёсьць расслаеньне на багатых і бедных, беспрацоўе, алькагалізм, бацькі, якія адмаўляюцца ад дзяцей, бяздомныя дзеці, а на Захадзе ёсьць попыт на сэкс з малалеткамі, пытаньне вывазу жывога тавару – выключна тэхнічная справа. Эўразьвяз штосьці павінен прадпрымаць”,– мяркуе прадстаўніца “Mitternachtsmission”.

Падобнага меркаваньня прытрымліваецца і прафэсар паліцэйскай акадэміі ў Вэлінгене, спэцыяліст ў галіне крымінальнай сэксуальнай псыхалёгіі Адольф Гальвіц. Ён лічыць, што ў Беларусі, як і ў многіх постсавецкіх краінах, існуе “канфлікт паміж каштоўнасьцямі і нормамі”, а таму існуе і поле для дзейнасьці сэксуальнай мафіі. У якасьці прыкладу адмысловец прыводзіць дзейнасьць менскай кампаніі Regpay, праз якую кліенты з многіх краін сьвету атрымлівалі доступ да Інтэрнэт-рэсурсаў пэдафільнага зьместу.

Барацьба з сэксуальнымі гандлярамі, паводле прафэсара, справа надзвычай складаная, паколькі крымінальнікаў прыкрываюць прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадзтва.

Што да апошняга, гэтак званага Саксонскага скандалу, то яго фігурантамі з’яўляюцца нямецкі міністар транспарту, дэпутат Бундэстагу, бургамайстры. Мяркуецца, што зьдзелкі па прыватызацыі ўсходненямецкай маёмасьці нярэдка адбывалася ў часе сэксуальных вечарынак з малалеткамі. Пірушкі арганізоўваліся вышэйшымі асобамі муніцыпалітэтаў Ляйпцыгу, Дрэздэна, Хемніца.

Паводле нямецкай крымінальнай паліцыі, цэнтры перакупкі “жывога тавару”, адкуль дзяўчаты і дзеці трапляюць у нелегальныя заходнія бардэлі, дзейнічаюць на польска-нямецкай і чэска-нямецкай мяжы. Колькасьць замежных сэксуальных рабынь у Нямеччыне вагаецца паміж 100 і 200 тысяч, ўцягнутых у сэксуальнае рабства непаўналетніх замежных дзяцей – паміж 10 і 20 тысячамі. Сёньня кожная 11-я нелегальная прастытутка маладзейшая за 18 год

Паводле беларускага МУС, найчасьцей ў замежныя бардэлі беларускі жывы тавар трапляе з Кобрыня, Баранавічаў, Пінску, Салігорску, Наваполацку, Оршы, Маладэчні, Бабруйску ды іншых правінцыйных гарадоў з высокім узроўнем беспрацоўя. Летась беларускія праваахоўныя перакрылі 111 каналаў вывазу беларускіх дзяўчат ў 17 краін сьвету. Афіцыйна ахвярамі сэксуальнага гандлю прызнаныя 2600 беларусак.
XS
SM
MD
LG