Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонсы падзеяў на 12 – 17 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск Якія падзеі чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні?

Аўторак 12 чэрвеня.

У Менску пройдзе круглы стол, прысьвечаны таму, як у Беларусі вырашаецца праблема дэфіцыту мікраэлемэнтаў у арганізме чалавека, і ў прыватнасьці – ёдадэфіцыту, што стала актуальным пасьля аварыі на ЧАЭС. Тлумачыць прадстаўніца фонду ЮНІСЭФ у Беларусі Натальня Муфель:

“Было праведзеная агульнанацыянальнае дасьледаваньне і выяўлена, што ў нас у залежнасьці ад рэгіёну краіны, быў вельмі розны стан гэтай праблемы – ад сярэдняй да цяжкой ступені ёднага дэфіцыту”.

12 чэрвеня Беларускі тэатар опэры пакажа прэм’еру спэктаклю “Вясковы гонар” паводле твору П’етра Масканьі. Пра новую пастаноўку апавядае мастацкі кіраўнік тэатру Маргарыта Ізворска.

“Такая опэра, якая непасрэдна апэлюе да чалавечых эмоцыяў – гэта “Вясковы гонар”. Таму мы яе выбіраем для таго, каб ажыцьцявіць гэтую сувязь паміж тэатрам і глядацкай заляй”.

Серада 13 чэрвеня.

У Вільні пачнецца канфэрэнцыя, у якой возьмуць удзел каля 70 прадстаўнікоў беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў з гэтай нагоды:

“Канфэрэнцыя надзвычай важная: прайшоў кангрэс і цяпер стаіць задача, як прынятую на кангрэсе стратэгію пераплавіць у плян канкрэтных дзеяньняў. Таму ад таго, якія рашэньні прыме канфэрэнцыя, шмат залужыць, як будуць разгортвацца падзеі ўлетку і ўвосень бягучага году”.



Чацьвер 14 чэрвеня.

У Менску пачнецца сустрэча генэральных сакратароў каталіцкіх біскупскіх канфэрэнцыяў Эўропы. Апавядае ксёндз Аляксандар Амяльчэня – адказны за сувязі з прэсай пры сакратарыяце Канфэрэнцыi каталiцкiх бiскупаў Беларусi.

“Гэта ўнікальная сустрэча, бо яна ладзіцца ў Беларусі ўпершыню. Галоўным пытаньнем на гэтай сустрэчы будзе пытаньне міграцыі ў Эўропе. Таксама абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі, будуць разгледжаныя некаторыя актуальныя пытаньні з жыцьця каталіцкага касьцёлу ў сьвеце”.

Субота 16 чэрвеня.

У Менску пройдзе Міжнародная канфэрэнцыя “Камунізм – на міжнародны трыбунал”. У ёй возьмуць удзел беларускія й польскія дасьледнікі, зазначыў арганізатар канфэрэнцыі, гісторык Ігар Кузьняцоў:

“Болей за 20 краінаў будзе 16 чэрвеня сынхронна праводзіць канфэрэнцыі ў сваіх краінах. Асноўная тэматыка будзе – ідэалёгія камунізму, злачынствы ў гады рэпрэсіяў ды шэраг іншых праблемаў, якія тычацца гісторыі гэтай зьявы”.
XS
SM
MD
LG