Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца чэмпіянат Эўропы па веславаньні ў Берасьці?


Радыё Свабода Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Палышэнкаў заявіў, што адпаведная заяўка будзе пададзена ў Міжнародную фэдэрацыю веславаньня.

Пасьля рэканструкцыі вясьлярнага каналу ў Берасьці, на што было выдаткавана амаль 66 мільярдаў беларускіх рублёў, спартовыя ўлады выказвалі ўпэўненасьць, што Беларусь атрымае права правесьці чэмпіянат сьвету ў акадэмічным веславаньні ў 2010-м годзе (калі не сярод мацнейшых спартоўцаў, дык хаця б сярод моладзі)

Аднак гэтыя намеры наўрад ці зьдзейсьняцца. Як распавёў старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Палышэнкаў, у часе камандзіроўкі ў аўстрыйскі Лінц, дзе адбываўся этап Кубка сьвету, прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі веславаньня параілі беларускім ўладам пазмагацца за права правядзеньня больш сьціплых спаборніцтваў – чэмпіянату Эўропы ў 2009-м годзе.

Паводле словаў спадара Палышэнкова, зашкодзіць гэтаму можа недасканалая інфраструктура. Прадстаўнікі вясьлярных фэдэрацыяў іншых краінаў выказалі занепакоенасьць тым, што каб трапіць ў Берасьце, трэба будзе спачатку дабірацца ў аэрапорты Варшавы альбо Менску, а ў самім Берасьці не хапае сучасных гатэляў.

Старшыня гарвыканкаму паабяцаў, што берасьцейскі аэрапорт, які цяпер амаль што не выкарыстоўваецца, здолее прыняць самалёты са спартоўцамі, а да 2009-га году ў горадзе зьявяцца пяць новых гатэляў.
XS
SM
MD
LG