Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Санкт-Пецярбург: Лукашэнка не сустракаўся з Пуціным сам-на-сам


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Санкт-Пецярбурзе ў рамках Міжнароднага эканамічнага форуму адбыўся нефармальны саміт СНД. Упершыню ў ім бралі ўдзел кіраўнікі ўсіх 12-ці краін садружнасьці.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін падчас адкрыцьця саміту прапанаваў абмеркаваць найперш пытаньні эканамічнай інтэграцыі. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў пра неабходнасьць рэфармаваньня садружнасьці. На разгляд кіраўнікоў краін ён прапанаваў праект канцэпцыі разьвіцьця СНД, падрыхтаваны міждзяржаўнай рабочай групай.

Пасьля заканчэньня саміту прэзыдэнт Назарбаеў заявіў, што вырашана штогод выдзяляць адно прыярытэтнае пытаньне, па якім будзе прымацца кансэнсуснае рашэньне.

На бліжэйшы час абрана праблема міграцыі. Мяркуецца падрыхтаваць дамову СНД па міграцыі. У наступным годзе саміт разгледзіць пытаньне транспарту і камунікацый, а потым энэргетыкі і адукацыі.

Вырашана, што афіцыйны саміт СНД пройдзе ў кастрычніку ў Душанбэ. На ім будзе разглядацца канцэпцыя разьвіцьця садружнасьці.

Пасьля заканчэньня саміту прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін правёў сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.

Чаму Лукашэнка не сустрэўся з Пуціным сам-на-сам?

А ці былі ў кіраўніка Беларусі двухбаковыя сустрэчы зь лідэрамі СНД у Пецярбурзе, да прыкладу, з Уладзімерам Пуціным? Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі сказаў:

“Спэцыяльна арганізаваных, двухбаковых сустрэчаў у прэзыдэнта не было. Была магчымасьць пагутарыць з прэзыдэнтам падчас рабочага сьняданку і падчас сумеснага паседжаньня. Гаворка адбывалася ў такім пашыраным фармаце. Што да рабочага сьняданьня, якое даволі доўга цягнулася, – што там абмяркоўвалася, я не магу сказаць, бо ўсё праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Магчыма, нейкі час пазьней мы будзем ведаць падрабязнасьці”.

Спадар Лёгкі таксама ня меў інфармацыі пра зьмест заяваў Аляксандра Лукашэнкі, спаслаўшыся на закрыты фармат сустрэчаў:

“Я ведаю, што падчас абмену думкамі ён, канечне, гаварыў з прэзыдэнтамі, але падрабязнасьці, на жаль, не магу паведаміць з-за такога фармату сустрэчы”.



Сустрэча кіраўнікоў краін СНД была прымеркавана да Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму. Падчас форуму прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін заклікаў да стварэньня новай арганізацыі – эўраазіяцкага аналягу Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі і наданьня рублю статуса трэцяй усясьветнай валюты.

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарабаеў прапанаваў вярнуцца да ідэі павароту часткі сібірскіх рэкаў у Сярэднюю Азію і Казахстан. Таксама ён прапанаваў пабудаваць Эўразійскі канал ад Касьпія да Чорнага мора. Паводле яго, гэта дапаможа скараціць час дастаўкі нафты.

Прэзыдэнт Назарабаеў заявіў, што мытны саюз Беларусі, Казахстану і Расеі можа стаць падмуркам для ўтварэньня новага Эўразійскага эканамічнага зьвязу і прапанаваў стварыць у Астане Эўразійскі клюб банкіраў.

XS
SM
MD
LG